Сыны і дочкі — найдаражэйшае багацце

142

Сыны і дочкі — найдаражэйшае багаццеНА АДНЫМ з выязных пасяджэнняў каардынацыйнага савета па выкананні Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 лістапада 2006 года № 18 абмяркоўвалася работа адміністрацыі УП “Мядзельская ЖКГ” у адзначаным накірунку. Аналізавалася дзейнасць спецыяльнай мабільнай групы, заслухоўвалася справаздача ідэалагічнага работніка прадпрыемства. Вялася таксама размова і з абавязанымі асобамі, якія павінны кампенсаваць расходы на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні.

Як высветлілася на УП “Мядзельская ЖКГ” значная ўвага ўдзяляецца названай катэгорыі грамадзян. Штодзённа ажыццяўляецца кантроль за іх яўкай на работу. У выпадку нез’яўлення на працоўнае месца, такія асобы адшукваюцца і дастаўляюцца ў прымусовым парадку. Як і іншым работнікам, ім у выпадку неабходнасці аказваецца матэрыяльная дапамога на аздараўленне дзяцей, на паляпшэнне жыллёва-бытавых умоў. Пры жаданні арганізацыя накіроўвае іх на лячэнне ад алкагольнай залежнасці.

На пасяджэнне была запрошана . Казойць. Жанчына ўжо чатыры гады вядзе цвярозы лад жыцця. Яна змагла мабілізаваць сваю сілу волі, узяць сябе ў рукі і вярнуць сына, якога ледзь не страціла. Як сцвярджае Алена, яна дакладна і не ведае, ці атрымалася б што ў яе, калі б не падтрымка родных і блізкіх ёй людзей.

Зараз у жыллёва-камунальнай гаспадарцы раёна працуе 5 абавязаных асоб.

Сярод іх Наталля Шкадун, трое дзяцей якой на падставе рашэння раённай камісіі па справах непаўналетніх ад 21 снежня 2012 года былі адабраны ў маці. Малодшыя знаходзіліся ў аддзяленні дзіцячага сацыяльнага прытулку ДУА “Мядзельскі РСПЦ”, а старэйшы сын — у ДУА “Вілейская спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат”. Жанчына з лютага гэтага года працуе рабочай па добраўпарадкаванні УП “Мядзельская ЖКГ”. Запазычанасць па кампенсаванні расходаў у сацыяльным прытулку па стану на 1.05.2013 года складае звыш 6 мільёнаў рублёў, у Вілейскай спецыялізаванай агульнаадукацыйнай школе-інтэрнаце — звыш 2,6 мільёна рублёў. Жанчына злоўжывала спіртнымі напіткамі, учыняла па гэтай прычыне прагулы. Аднак вырашыла выправіцца. Добраахвотна прайшла лячэнне ва ўстанове аховы здароўя “Мінскі абласны клінічны цэнтр “Псіхіятрыя-наркалогія” ў рэабілітацыйным аддзяленні “ІСТОК”, дзе ажыццяўляецца медыка-псіхалагічная праграма. Вярнуўшыся дадому, стала нармальна працаваць. У яе з’явілася жаданне вярнуць сыноў. Наведвала хлопчыкаў, якія знаходзіліся ў сацыяльным прытулку, прыносіла ім салодкія пачастункі, фрукты, званіла ў Вілейку старэйшаму сыну. А хутка ёй былі вернуты дзеці. Аднак жанчына зноў пачала “зрывацца”, стала выпіваць. Як складзецца далейшы лёс яе і хлопчыкаў невядома. Ён поўнасцю залежыць ад яе самой. А так хочацца, каб усё атрымалася належным чынам: матуля перастала п’янстваваць, дзеці адчулі яе любоў і ласку, былі акружаны ўвагай любімага чалавека.

Сяргей Бігель з’яўляецца абавязанай асобай з 11 лютага 2009 года. Не п’янствуе, няма прагулаў на рабоце, мае і жыллё. А дапамагла яму ўзяць сябе ў рукі яго сястра, якая падтрымлівае брата, дапамагае яму. Спраўна выплачвае ён і грошы на ўтрыманне сына. Пераплата ва УА “Мінскі дзяржаўны аўтамеханічны каледж” па стану на 1.05.2013 года склала 412965 рублёў.

Самая вялікая запазычанасць на сёння ў А. Багуцкай, а гэта звыш 13 мільёнаў 900 тысяч рублёў у карысць УА “Маладзечанскі медыцынскі каледж”, дзе займаецца сын. Жанчына 5 студзеня вызвалілася з папраўчай калоніі г. Гомель. Працаўладкавана ў Мядзельскай ЖКГ. Пражывае ў сястры. Жылое памяшканне, якое ёй належыць, здаецца, а выручаныя грошы ідуць на пагашэнне запазычанасці дзяржаве на ўтрыманне сына. Яна зараз падтрымлівае сувязь з ім. А пасля вучобы юнак аддасць перавагу ёй ці сваёй апякунскай сям’і, якая выхоў¬вала яго з маленства, невядома.

Пасля вяртання з папраўчай калоніі г. Гомель праз службу занятасці насельніцтва была працаўладкавана ў ЖКГ у жніўні 2010 года і Ала Дабраловіч. Зараз працуе рабочай па комплекснай уборцы. На работу выходзіць рэгулярна, ускладзеныя абавязкі выконвае. Сур’¬ёзных пытанняў на працы і ў быце па жанчыне не ўзнікае. Пераплата на карысць ДУА “Ждановіцкі дзіцячы дом для асоб з інтэлектуальнай недастатковасцю” складае па стану на 1.05.2013 года 247990 рублёў. Аднак мацярынскіх пачуццяў да свайго дзіцяці ў яе чамусьці няма. Яна да яго не ездзіць, не тэлефануе. Няма ў яе і жадання забраць яго да сябе на канікулы. Такое ўражанне, што дачушка ёй наогул не патрэбна.

Да абавязаных асоб адносіцца і Ніна Чарняўская. Пасля вяртання з ПУ “Турма №8 г. Жодзіна” праз службу занятасці працаўладкавана ў жыллёва-камунальную гаспадарку. Былі нявыхады на работу ў красавіку бягучага года, прычым неаднаразовыя. Прычына прагулаў — злоўжыванне спіртнымі напіткамі. Запазычанасць ва УА “Вілейскі дзяржаўны прафесіянальна-тэхнічны каледж”, дзе займаецца дачушка, па стану на 1.05.2013 года таксама адна з самых высокіх — звыш 13 мільёнаў 900 тысяч рублёў. Было рэкамендавана жанчыне прайсці лячэнне ад алкагалізму ў рэабілітацыйным аддзяленні “ІСТОК” установы аховы здароўя “Мінскі абласны клінічны цэнтр “Псіхіятрыя-наркалогія”.

Акрамя таго, на пасяджэнні выязнога каардынацыйнага савета па выкананні Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 18 правяла групавое кансультаванне абавязаных асоб псіхолаг ДУ “Мядзельскі ТЦСАН” Жанна Лукашонак. А спынілася спецыяліст на прычынах зрыву лячэння ад алкагольнай залежнасці. Думаецца, пачутая ад спецыяліста інфармацыя будзе павучальнай для асоб, запрошаных на пасяджэнне каардынацыйнага савета па выкананні Дэкрэта № 18.

В. ДУБЯГА.

Намеснік старшыні раённай камісіі па справах непаўналетніх.

М. ЛУБНЕЎСКАЯ.

Намеснік рэдактара раённай газеты “Нарачанская зара”.