Сям’я Вайцюльян: знайшлі адзін аднаго на службе

498

СЯРОД супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і ў нас на Мядзельшчыне ёсць сямейныя пары. Адна з іх — Вікторыя і Пётр Вайцюльяны.

Пазнаёміліся юнак з дзяўчынай у аддзеле ўнутраных спраў райвыканкама, куды абое прыехалі па размеркаванні пасля заканчэння вышэйшых навучальных устаноў. Было гэта ў 2009 годзе. За плячыма Вікторыі значыўся юрыдычны факультэт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, а Пятра — Акадэмія МУС Рэспублікі Беларусь.

Маладыя людзі спадабаліся адзін аднаму практычна з першага позірку. Толькі стараліся нікому не паказваць свае пачуцці. З часам сяброўства перарасло ў каханне. Пастаянныя спатканні па службе, сумеснае правядзенне вольнага часу дазвалялі лепш пазнаць адзін аднаго, а разам з тым і зразумець, што кожны не ўяўляе свайго далейшага жыцця паасобку.

У 2012 годзе Вікторыя і Пётр заключылі сямейны саюз, у аснове якога каханне і згода, павага і ўзаемаразуменне. Менавіта гэтыя якасці і дапамагаюць ім быць прыкладам для сваіх дзетак. А выхоўваюць Вікторыя з мужам васьмігадовага Кірыла і трохгадовую Ксенію. Сын — школьнік, займаецца ў 2 класе Мядзельскай СШ №1 імя Уладзіміра Дубоўкі. Дачушка наведвае дзіцячы садок.

Вікторыя Аляксандраўна пачынала службу ў міліцыі на пасадзе ўчастковага інспектара інспекцыі па справах непаўналетніх. З 2015 года — начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх аддзела ўнутраных спраў райвыканкама. Пётр Славаміравіч напачатку быў упаўнаважаным аддзялення крымінальнага вышуку, потым старшым упаўнаважаным групы па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі крымінальнай міліцыі АУС райвыканкама. З лета мінулага года ён узначальвае аддзяленне крымінальнага вышуку ад­дзела ўнутраных спраў Вілейскага райвыканкама. Праца абаіх накіравана на забеспячэнне спакою і стабільнасці ў рэгіёне, ахову жыцця і зда­роўя грамадзян.

Сям'я Вайцюльян: знайшлі адзін аднаго на службе

Не зважаючы на вялікую загружанасць па службе, на занятасць справамі нярэдка па вечарах і выхадных, Вайцюльяны стараюцца знайсці час, каб пабыць разам. Загадзя плануюць сумесныя выхадныя, водпускі.

— Сапраўды, працоўны графік у нас з мужам вельмі напружаны, але гэта акалічнасць не адбіваецца на нашых адносінах. Абое разумеем, што служба ёсць служба і мяняць нічога ў сваім жыцці не збіраемся. Дзякуй Богу, што ў нас ёсць бабулі з дзядулямі, якія заўсёды гатовы падстрахаваць, дапамагчы. Мы ім вельмі ўдзя­чны, — кажа Вікторыя. — І самі кожную вольную хві­лінку стараемся прысвяціць дзецям. Дапамагаем сыну рабіць урокі, цікавімся школьнымі справамі, гутарым на розныя тэмы, абмяркоўваем фільмы, кнігі. Шмат увагі удзяляем і дачушцы. Дзяўчынка расце дапытлівай, хоча ўсё ведаць. Таму і казкі разам чытаем, і мультфільмы глядзім, і гуляем… Кожнае лета хоць аднойчы ўсёй сям’ёй ходзім у паход. Дзецям даспадобы вячэра ля вогнішча, начлег у палатцы. У іх столькі ўражанняў ад адпачынку на прыродзе! Акрамя таго, стараемся ўсе разам дзесьці пабываць, каб паказаць дзецям прыгожыя і памятныя месцы Беларусі. Хочацца, каб ведалі гісторыю сваёй краі­ны, выраслі сапраўднымі людзьмі. Запомнілася ім паездка на Лінію Сталіна. Шмат эмоцый вы­клікала, асабліва ў Кірыла, знаёмства з гісторыка-культурным комплексам, з тэхнікай. Не забываем і пра забаўляльныя мерапрыемствы з гульнямі, атракцыёнамі, дзе цікава маленькай Ксюшы.

З гонарам пазіраюць на маму з татам у афіцэрскай форме сын з дачушкай. Калі вырастуць, магчыма, і яны прадоўжаць пачатую бацькамі справу. Прыклад жа ёсць з каго браць!

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.
Фота з сямейнага архіву герояў публікацыі.