Сям’я Варанцоў: 65 зім і вёснаў разам

471

МІКАЛАЙ і Фаіна Варанцы з Рапяхоў адзначылі 65-годдзе сумеснага жыцця. З юбілярамі гутарым у альтанцы, пабудаванай на дваровай тэрыторыі.

Муж з жонкай успамінаюць маладосць. Яны абое практычна з адной мясцовасці: Фаіна з Пішчоў (цяпер гэтага населенага пункта няма, ён даўно з’яднаўся з Ляшчынскам. — Аўт.), а Мікалай — з Рапяхоў.

— Пазнаёміліся мы на танцах, — апавядае Фаіна Іванаўна. — Тры гады сябравалі. І толькі калі зразумелі, што адзін без аднаго не ўяўляем жыцця, пажаніліся. Было гэта ў 1956 годзе. Мне тады споўнілася 19, а Мікалаю 21-шы пайшоў. Памятаю, як з бацькамі прыехаў ён у сваты. Настойваў, каб хутчэй вяселле згуляць. Па ягонаму і выйшла. Праз тыдзень абвянчаліся ў царкве і распісаліся ў Мядзеле… Так атрымалася, што замуж выйшла спяшаючыся, усё жыццё — подбегам і дагэтуль мы разам.

— А дзе жылі, як пажаніліся? — цікаўлюся.

— Напачатку з бацькамі мужа. Старалася з першых дзён наладзіць з імі кантакт, дапамагала па хатніх справах. А пасля і сваю хату пачалі будаваць у Рапяхах. Вельмі хацелася мець свой дом, адчуваць сябе там гаспадыняй.

— Як складваліся ў вас узаемаадносіны? Пражылі ў згодзе ці сварыліся калі-небудзь?

— Век пражыць — не поле перайсці. Так сцвярджае народная мудрасць. Мы ж маладыя былі. Не адразу прыцёрліся адзін да аднаго, — расказвае. — Адна справа сустракацца, і зусім іншая — жыць разам. Ды і быт шмат часу забіраў. А там дзеці пайшлі — клопатаў паболела. Яшчэ і на працу хадзілі, і хатнюю гаспадарку мелі. Але ўсюды паспявалі… Калі кажуць, што муж з жонкай ні разу не пасварыліся, не веру гэтаму. Ідэальных адносін не бывае. Мы ж усе — людзі, з рознымі характарамі, поглядамі на жыццё. Здаралася, што і мы з Мікалаем сварыліся. Толькі не было такога, каб падоўгу не размаўлялі. І па гаспадарцы пастаянна разам завіхаліся.

Цалкам матэрыял чытайце ў нумары "Нарачанскай зары" за 14 ліпеня

Марыя Лубнеўская