Сувязісты з Лотвы ў мінулым годзе занялі другое месца ў спаборніцтве працоўных калектываў

159

p2140113ПА ВЫНІКАХ спаборніцтва, арганізаванага раённым вузлом паштовай сувязі сярод працоўных калектываў аддзяленняў, сувязісты з Лотвы за мінулы год занялі другое месца. А начальнік аддзялення Таццяна Мікалаеўна Палонік прызнана «Лепшай па прафесіі».

Калектыў тут невялікі — усяго тры чалавекі. Але ён дружны, зладжаны, згуртаваны.

— Гэта старанныя, працавітыя і адказныя людзі. Даручаную справу выконваюць шчыра і добрасумленна. На іх работу ніколі не паступала скаргаў, — зазначае намеснік начальніка раённага вузла паштовай сувязі Ірына Леанідаўна Масевіч. — І прыклад ва ўсім падае начальнік ад­дзялення Таццяна Мікалаеўна.

У паштовай сувязі яна не навічок. Так здарылася, што пасля заканчэння школы Таццяна спрабавала паступаць у Полацкае медвучылішча. Не прайшла па конкурсе. Зразумела, перажывала. Маці прапанавала дачцэ, маўляў, з’ездзі ў госці да цёці ў курортны пасёлак Нарач, развейся. Зачаравалі дзяўчыну нарачанскія краявіды. Дамоў не хацелася вяртацца. А тут якраз у паштовае аддзяленне санаторыя «Нарач» патрэбна была работніца.

— Можа ты паспрабуеш? — прапанавала цёця.

Так Таццяна Мікалаеўна стала сувязісткай, памяняла Расоншчыну на Мядзельшчыну. І адбылося гэта ў 1977 годзе. Працавала тэлефаністкай, тэлегра­фісткай, паштальёнам па суправаджэнні і абмену пошты. А з 1981 года яна ўзначальвае калектыў паштовага аддзялення сувязі «Лотва».

— Ніколькі не шкадую, што абрала гэту прафесію. Дарэчы, мая мама працавала паштальёнам. Я ёй часта дапамагала разносіць газеты і часопісы. Праўда, зараз у паштальёнаў шмат новых абавязкаў. Продаж канвертаў і віншавальных паштовак, збор грошай за карыстанне радыёкропкай, аплата за электраэнергію, правядзенне падпіскі. Акрамя гэтага, многія заказваюць прынесці тавары паўсядзённага ўжытку. Ды хіба ўсё пералічыш?! У апошні час людзі менш сталі пісаць пісьмы, аддаюць перавагу тэлефонам. Таму часта звяртаюцца з просьбай «пакласці грошы на мабільнік». Ды і мне на пасадзе начальніка аддзялення давялося асвоіць камп’ютар. Без яго сёння ніяк не абысціся, — працягвае размову Т. М. Палонік.

— А як склалася асабістае жыццё?

— У Лотве сустрэла сваё каханне. Выйшла замуж. Іван працаваў шафёрам у тагачасным калгасе «40 год Кастрычніка». Гаспадарка выдзеліла дом. Разам вырасцілі сына Андрэя, які зараз жыве і працуе ў Паставах. Ён мае сваю сям’ю, а мы — унучку Дар’ячку. Словам,
усё як у людзей. На лёс не крыўдую, — чую ў адказ. — Лотва для мяне стала роднай. Ды і людзі жывуць тут някепскія. Узяць бы паштальёнаў Лі­лію Генадзьеўну Сауліч, Ганну Іванаўну Узялаву.

З далейшай размовы даведаўся, што Л. Г. Сауліч працуе паштальёнам з 2000 года. Яна абслугоў­вае жыхароў вёсак Расохі, Лапосі, Маўчаны, Маўчанкі, Кямсы, Міхалі. Кожнага вяскоўца ведае ў твар. І яе ўсе паважаюць за дысцыплінаванасць. Людзі з задавальненнем запрашаюць Лілію Генадзьеўну зайсці ў хату, пася­дзець, адпачыць. Але хіба да адпачынку, калі цябе чакаюць у іншым доме, у іншай вёсцы. Летам яшчэ няхай сабе, можна пад’ехаць на тым жа скутэры. А зімой адлегласць па вызначаным маршруце даво­дзіцца «адмерваць» пешшу.

Не менш клопатаў і ў Г. І. Узялавай, якая абслугоўвае жыхароў вёсак Лотва, Чалеі, Радзькі, Раж­кі. Працуе яна паштальёнам з 2007 года. Да гэтага шчыравала ў магазіне вёскі Мікіткі.

— Гэта акуратная, добрасумленная жанчына, шчыры працаўнік. Паважаюць яе вяскоў­-
цы за адказнасць, — зазначае Т. М. Палонік. — Дзякуючы старанню паштальёнаў падпісныя кампаніі ў нас праходзяць актыўна. Многія вяскоўцы сустракаюць на вуліцы і просяць, маўляў, абавязкова выпішы раённую газету.

Падчас нашай размовы на пошту заходзілі жыхары Лотвы. Адны — каб заплаціць за камунальныя паслугі, другія — па­класці грошы на мабільнік. Убачыўшы супрацоўнікаў рэдакцыі, яны гаварылі:

— Абавязкова напішыце ў газеце пра нашых паштальёнаў. Гэтага яны заслугоўваюць сваімі шчырымі адносінамі да даручанай справы. Заўсёды ветлівыя, уважлівыя, добразычлівыя і спагадлівыя…

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.

На здымку: начальнік паштовага аддзялення сувязі «Лотва» Т. М. Палонік.

Фота Таццяны Несцярэнка.