Сустрэліся выпускнікі Сваткаўскай школы

659

62 гады. Гэта многа ці мала? Калі ў сусветным вымярэнні — пясчынка ў моры. А калі ў жыцці чалавека, то даволі значны адрэзак часу. Менавіта столькі год таму мы закончылі Сваткаўскую сярэднюю школу. І, нарэшце, зноў змаглі сустрэцца. Вядома ж, не ў поўным складзе.

15 мая 1960 года для нас, 14-ці выпускнікоў Сваткаўскай дзесяцігодкі, прагучаў апошні званок. Мы слухалі прамовы настаўнікаў, якія жадалі нам, дзецям вайны, шчасця, выбраць правільны шлях, годную прафесію. Я зараз не магу ўспомніць імёны ўсіх настаў­нікаў, што нас вучылі. Аднак класны кіраўнік Барыс Сцяпанавіч Пястун, нібы жывы, стаіць і цяпер перад вачыма. Спакойны, ураўнаважаны, вялікі знаўца мастацтва.

Здалі выпускныя экзамены. А куды далей? Кожны знайшоў сваю дарогу. З чатырнаццаці дзевяць атрымалі вышэйшую адукацыю. Сярод нас — шэсць настаў­нікаў, два ваенныя, адзін аптэкар. Астатнія працавалі на розных прадпрыемствах краіны.

І вось напрыканцы мая мы зноў сустрэліся… На жаль, з выпуску ў жывых зараз толькі шасцёра. І то не ўсе змаглі прыехаць. Не было Валі Клі­мовіч, якая цяжка хварэе, і Лёні Роўды. А мы, Пётр Карабейнік, Ліля Шкадун (аўтар гэтых радкоў) і Віктар Уліцкі, сабраліся ў Дубаносах на дачы ў Зоні Локцік. Быў з намі і Канстанцін Асаевіч, які сябруе з нашым аднакласнікам Пецем Карабейнікам.

Сустрэча пачалася з песні, у якой ёсць цудоўныя словы: “Как здорово, что все мы здесь сегодня собрались”. Былі ўспаміны пра мінулае і размовы пра сённяшні дзень. Кожны расказаў пра сябе, свой жыццёвы шлях. А так цікава слухаць, якімі былі і кім сталі!

 Пётр Карабейнік:

— Нарадзіўся я ў вёсцы Новікі. У школе вучыўся добра. Любоў да чытання мне прывіў мой тата, які ўважліва сачыў за навінамі па газетах. Стаў аптэкарам. Шлях, які прывёў да гэтай прафесіі, мне і самому невядомы. Але справа, якую абраў, вельмі падабалася і стала часткай жыцця. Нездарма ж да 78-гадовага ўзросту працаваў у аптэцы. Стварыў сям’ю. Маю двух дарослых дзяцей і двое ўнукаў. Вельмі хачу, каб такія сустрэчы працягваліся яшчэ шмат год запар.

Зоня Локцік:

— Я прыйшла ў Сваткаўскую школу ў 10-ты клас. Дзевяць закончыла ў Крывічах. Улілася ў калектыў лёгка. Клас малы, і праблем ні з вучнямі, ні з настаўнікамі не было. Адразу пасля школы працавала фрэзероўшчыкам на трактарным заводзе і адначасова вучылася на вячэрнім аддзяленні філалагічнага факультэта БДУ імя Леніна. Атрымаўшы вышэйшую адукацыю, у школе не працавала. Шмат год была начальнікам аддзела кадраў на адным з мінскіх прадпрыемстваў. Маю двое дзяцей. Сын — хірург, а дачка — інжынер. У мяне чацвёра ўнукаў. Вельмі рада нашаму спатканню. Задаволена, што яно адбываецца ў роднай вёсцы, у бацькоўскай хаце. Запрашаю наведвацца часцей. Люблю гасцей! Дзверы маёй хаты для вас заўсёды адчынены!

 Ліля Шкадун:

— Я нарадзілася і вырасла ў вёсцы Кавалі, што за шэсць кіламетраў ад Сватак. У школе вучылася добра. Паступіла ў культурна-асветніцкае вучылішча імя Крупскай у Магілёве. Закончыла яго, а пасля і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт імя Леніна. На працягу 38-мі год працавала філолагам у школе. З іх 33 гады — у Крывіцкай СШ. Мела сям’ю. Нарадзіла двух сыноў. Старэйшы — мастак, малодшы — музыкант. Або­два, як і я, працуюць у школе. Шаноўныя аднакласнікі! Гэтыя вершаваныя радкі адрасую вам:

Пролетели года, словно пух тополей,

Мы их провожали взглядом.

Но года не беда, а совсем ерунда,

Коль семья и друзья с нами рядом.

 Віктар Уліцкі:

— Мне даводзілася хадзіць у школу за дзевяць кіламетраў. Таму вымушаны быў жыць на кватэры. Са Сваткаўскай школы пайшоў пасля дзявятага класа. Шмат дзе вучыўся. Затое сёння маю спецыяльнасці муляра, маляра, сталяра, будаўніка, а яшчэ і пчаляра. Працаваў прарабам, інжынерам на розных сталічных  прадпрыемствах. Апошняя пасада — галоўны інжынер па будаўніцтве камунальнай гаспадаркі Мінска. І на прафсаюзнай рабоце сябе паспрабаваў. У мяне ёсць сям’я, двое дзяцей і трое ўнукаў.

Радуюся, што нарэшце спаткаліся. Хоць нас і мала засталося, але пагаварылі, успомнілі ўсіх, з кім 62 гады таму заканчвалі школу. Гэта так добра! Давайце будзем штогод паўтараць такія сустрэчы.

Канстанцін Асаевіч:

— Я таксама заканчваў Сваткаўскую школу, толькі на два гады раней за вас. Шмат дзе давялося працаваць. Але самая галоўная прафесія майго жыцця — настаўнік. Некалькі год працаваў у Пузыроўскай сярэдняй школе, а больш за 30 — дырэктарам Занарацкай. Маю сям’ю. Разам з жонкай выгадавалі двое дзяцей. У нас шэсць дарослых унукаў і два праўнукі.

Размовы межаваліся з песнямі, танцамі пад гармонік, на якім хораша іграў Канстанцін Асаевіч. Успомнілі і польку, і вальс, і кракавяк, і падэспань… Пасля прагуляліся па Дубаносах. Палюбаваліся квеценню садоў. Некалі гэта быў немалы населены пункт. І цяпер хаты ёсць, а людзей, на жаль, няма. Вярнуўшыся, патэлефанавалі аднакласнікам, якія не прыехалі. З Валяй Клімовіч пагаварыць не змаглі: яна знаходзіцца ў коме. А вось Лёні Роўдзе кожны сказаў па некалькі слоў.

Потым была экскурсія па выпускным фотаздымку з далёкага мая 1960-га. Пра ўсіх, вядома, успомнілі. Прыгадалі, якія былі, чым захапляліся, аб чым марылі… Вось наш Жэнька — усім вядомы на Мядзельшчыне як Яўген Мікалаевіч Роўда. Матэматык па прызванні. Калі вучыўся ў школе, любіў таксама хімію. Стаў выдатным настаўнікам-наватарам. Працаваў і дырэктарам Нарацкай сярэдняй школы. Усе ўспаміналі пра яго з павагай і цеплынёй… Віктар Глінскі прыйшоў у Сваткі ў 10-ты клас. Матэматыку не любіў увогуле. А вось вершы пісаў ужо тады цудоўныя… Апошнія 17 дзён яго жыцця з ім штодзень размаўляла: то тэлефанаваў мне ён, то я яму. Успаміналі мінулае, незабыўныя школьныя гады. Два зборнікі сваіх вершаў пад агульнай назвай “А годы летят” ён прыслаў мне на памяць. Друкаваўся наш адна­класнік пад псеўданімам “Танкіст”… Праўда, апошняя кніжка дайшла да мяне на трэці дзень пасля таго, як Віці не стала. Заслугоўваюць увагі і іншыя аднакласнікі, якіх няма з намі. Толькі дзе ж пра ўсіх раскажаш… Галоўнае, што яны жывуць у нашых сэрцах.

Сядзелі дапазна. А назаўтра, паснедаўшы, развіталіся і раз’ехаліся. Было і сумна, што добрае заўсёды заканчваецца. І разам з тым радасна, што ўдалося зрабіць экскурс у незваротны, але такі дарагі для ўсіх час.

Лілія МЯДЗЕЛКА (Шкадун), жыхарка г. п. Крывічы.

Фота забяспечана аўтарам.