Гэты выпадак адбыўся 5 студзеня. Супрацоўнікі Мядзельскага і Вілейскага аддзяленняў Дэпартамента аховы вярталіся з камандзіроўкі. У Барысаўскім раёне заўважылі легкавік, які з’ехаў у кювет. Спыніліся. Вадзіцель расказала, што не справілася з кіраваннем па прычыне неспрыяльных умоў надвор’я.
Праваахоўнікі разам з неабыякавымі грамадзянамі прыйшлі на дапамогу жанчыне. Адразу паспрабавалі выштурхнуць аўтамабіль з кювета — не атрымалася. Тады перакрылі рух і паспрабавалі выцягнуць іншамарку з дапамогай службовага аўтамабіля. Аднак і гэта не дапамагло. Урэшце міліцыянеры спынілі грузавік, які і выцягнуў машыну на дарогу.
А нядаўна жыхарка Барысава напісала падзячны ліст на імя начальніка Дэпартамента аховы Аляксандра Шэпелева. Добрыя словы адрасуе яна супрацоўнікам Канстанціну Назаркіну, Дзянісу Чарняўскаму, Максіму Чарняўскаму, Дзмітрыю Біцэру (Мядзельскае аддзяленне Дэпартамента аховы) і Раману Фядотаву (Вілейскае аддзяленне).
Цалкам матэрыял чытайце ў нумары "Нарачанскай зары" за 08.02 Фота — скрыншот відэа рэгістратара