Статныя, прыгожыя, мужныя

301

33Напэўна, не зусім добра, калі ва ўласнае прафесійнае свята даводзіцца падводзіць вынікі работы за год і прымаць да ведама заўвагі кіраўніцтва. Хаця ёсць у гэтым моманце і станоўчыя бакі: як ні круці, а ўрачыстасць усё роўна завершыцца на аптымістычнай ноце — з віншаваннямі, пажаданнямі, уручэннем узнагарод. Таму выратавальнікам хутчэй за ўсё пашчасціла, што іх Дзень прыпадае на пачатак года — на 19 студзеня.

У мінулы аўторак галоўныя героі дня сабраліся ў актавай зале гімназіі №1 райцэнтра. Распачалося мерапрыемства падвядзеннем вынікаў года: з гэтай нагоды выступілі начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях А. А. Каркоцкі, яго намес­нікі А. С. Лётка, А. А. Матняк, Д. М. Чарняўскі, начальнік інс­пекцыі дзяржпажнагляду І. П. Прахаровіч. Потым слова ўзяў начальнік аддзела арганізацыі навучання насельніцтва і прафесіянальнай падрыхтоўкі Мінскага абласнога ўпраўлення МНС
Д. Л. Светагор. Увогуле, што датычыцца абласных рэйтынгаў, летась наш раённы аддзел спрацаваў на ўзроўні. Пры гэтым імкнуцца яшчэ ёсць да чаго, таму Дзмітрый Леанідавіч пажадаў, каб сёлета ў Год якасці праца нашых выратавальнікаў ладзілася найлепшым чынам, а аўтарытэт мя­дзяльчан толькі рос.

І ўсё ж, сапраўдным свята стала прыблізна за паўгадзіны да свайго завяршэння, калі крытычныя заўвагі змяніліся пернікамі-падарункамі. Лепшай сярод пажарных аварыйна-выратавальных падраздзяленняў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях па ўтрыманні тэхнічных сродкаў, аварыйна-выратавальнага і пажарнага абсталявання, пастоў тэхніч­нага абслугоўвання, а таксама па аказанні платных паслуг арганізацыям і насельніцтву раёна па выніках работы за 2009 год прызнана пажарная аварыйна-выратавальная часць №1 г. Мядзел — туды быў перададзены халадзільнік. Такі ж падарунак атрымаў калектыў пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №4 к. п. Нарач, які найлепшым чынам утрымліваў службова-бытавыя памяшканні і тэрыторыі. Халадзільнік атрымалі і сві­ране за выдатную арганізацыю пажарна-прафілактычнай работы ў жылым сектары і папярэджанне пажараў з чалавечымі ахвярамі. 22Лепшымі работнікамі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях па выніках мінулага года сталі інжынер інс­пекцыі дзяржпажнагляду РАНС Руслан Алегавіч Дземяшкевіч, начальнік пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 горада Мядзел Віктар Анатольевіч Булыга, начальнік каравула ПАВЧ №4 к. п. Нарач Віктар Вік­таравіч Хімарода, дыс­петчар цэнтра аператыўнага кі­равання аддзела Алег Мікалаевіч Субач, камандзір аддзялення ПАВЧ №2 г. п. Крывічы Ула­дзімір Мікалаевіч Чарнушэвіч, камандзір аддзялення пажарнага аварыйна-выратавальнага паста № 13 в. Палессе Віктар Мікалаевіч Будзько, старшы вадзіцель ПАВЧ №2
г. п. Крывічы Іван Іванавіч Гурло, вадзіцель ПАВП № 12 вёскі Нарач Казімір Цэзаравіч Шальц, старшы пажарны ПАВЧ №1 райцэнтра Павел Мікалаевіч Багуцкі.

Сустрэча доўжылася дзесьці тры гадзіны. Аднак, шчыра кажучы, у кампаніі мужных, статных, прыгожых віноўнікаў урачыстасці час праляцеў значна хутчэй. Нават нягледзячы на афі­цыйнасць мерапрыемства…

Юлія ДЗЕВЯЛТОЎСКАЯ.