Смаргонцу — год, свіраніну — паўтара. Суд прызначыў браканьерам пакаранне ў выглядзе абмежавання волі

445

АДКРЫТАЕ судовае пасяджэнне адбылося ў г. п. Свір. Судзілі двух аматараў незаконнай рыбалкі — жыхароў Смаргоні і Свіры. Кожнаму з іх 36 год, абодва працуюць і маюць на ўтрыманні па трое дзяцей. Абодва і перш прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці.

Вечарам 16 чэрвеня на возеры Мядзел ля вёскі Стругалапы мужчыны паставілі, а назаўтра раніцай дасталі калабашкі (прылада рыбалоўства). Пры гэтым здабылі двух вугроў. Паклалі іх і рыбацкія прылады ў багажнік аўтамабіля ды паехалі ў Свір. Па дарозе паміж вёскамі Стругалапы і Слукі аматараў незаконнай рыбалкі затрымалі інспектары Інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. У багажніку знайшлі 89 калабашак, лёскавую сетку і двух вугроў.

Вугры разам заважылі 1,75 кг. Па выніках ветэрынарна-санітарнай экспертызы яны былі прызнаны нядабраякаснымі і непрыдатнымі для рэалізацыі, пасля чаго ўтылізаваны. Урон, нанесены навакольнаму асяроддзю, быў вызначаны ў памеры 4 800 рублёў, а кошт гэтых рыбін — у памеры 64 рублі (абедзве сумы потым кампенсаваў жыхар Смаргоні).

 

 

Фігуранты парушылі адразу некалькі патрабаванняў прыродаахоўнага заканадаўства: адначасова выкарыстоўвалі прылады рыбалоўства з агульнай колькасцю кручкоў больш за пяць; лавілі рыбу з выкарыстаннем калабашак у начны час; не мелі пуцёвак на аматарскае рыбалоўства. Ды і аматарам увогуле забаронена лавіць вугроў (калі апошнія ўсё ж трапяцца, іх належыць адпусціць). Да таго ж памер нанесенага прыродзе ўрону перавашае 100  базавых велічынь. Таму дзеянні падсудных былі кваліфікаваны як незаконная здабыча рыбы, якая прывяла  да нанясення ўрону ў асабліва буйным памеры (ч. 2. арт. 281 Крымінальнага кодэкса).

Абставінай, якая змякчае адказнасць, суд прызнаў раскаянне абвінавачаных, наяўнасць у кожнага трох непаўналетніх дзяцей, а ў дачыненні да жыхара Смаргоні — і кампенсацыю ўрону, нанесенага навакольнаму асяроддзю. Абцяжарвае ж адказнасць тое, што злачынства здзейснена групай асоб па папярэдняй змове.

У выніку абодвум падсудным прызначана пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу: жыхару Смаргоні — тэрмінам 1 год, свіраніну — 1 год і 6 месяцаў.

Паводле матэрыялаў пракуратуры раёна падрыхтавала Наталля ЛІСІЦКАЯ.  Фота БЕЛТА.