Служба, патрэбная людзям

135

Служба, патрэбная людзямНАПЯРЭДАДНІ Сусветнага дня пошты сустрэлася з начальнікам раённага вузла паштовай сувязі А. Г. ЖЫХАР. Вырашыла даведацца пра вытворчыя справы калектыву, пра людзей, чыімі рукамі аказваюцца насельніцтву неабходныя паслугі. Пачула ад сваёй суразмоўцы наступнае:

— Дзейнасць работнікаў паштовай сувязі не заўсёды заўважаюць навакольныя. Проста да яе ўсе прывыклі, як да паветра, якое адчуваеш толькі тады, калі яго не хапае. Але наша праца патрэбная людзям. Новыя інфармацыйныя тэхналогіі імкліва змяняюць паўсядзённае жыццё. Інтэрнэт, факс, іншыя дасягненні прагрэсу трывала ўвайшлі і ў нашу дзейнасць. Аднак, не зважаючы на гэта, пісьмовыя карэспандэнцыі былі і застаюцца асноўнай часткай работы паштавікоў. І гэта заканамерна. Сапраўды, як бы шырока не ўкараняўся ў наш быт тэхнічны прагрэс, людзі з нецярпеннем чакаюць паштальёна, каб атрымаць вестку аб родных, блізкіх і сябрах, газету ці часопіс. А значыць, пошта была і застаецца самым даступным і папулярным сродкам сувязі. Яе галоўная мэта: паставіць сучасныя дасягненні навукі і тэхнікі сабе на службу, укараняць новыя перспектыўныя тэхналогіі, удасканальваць сваю работу. З кожным годам пашыраецца спектр аказваемых паслуг. Павышаецца попыт на паштова-фінансавыя і пасылачныя паслугі. З’явіліся і такія невядомыя раней іх віды, як “лінейка Камфорт”, “па шляху”, “посттранзіт па перавозцы грузаў”, прамая паштовая рэклама, паскораная ўнутраная і міжнародная пошта.

Сёння адправіць пісьмо ці пасылку — гэта зусім не тое самае, што кінуць бутэльку з пасланнем у мора, як у далёкую даўніну. Шмат людзей стаіць за ажыццяўленнем дадзенай паслугі. Прычым не толькі ў Мядзеле. Зладжана працуе калектыў участка па апрацоўцы і абмене пошты, які ўзначальвае Наталля Рамуальдаўна Бычок. Яе намеснік — Вікторыя Віктараўна Арцёмава — таксама выдатны спецыяліст і добрасумленны чалавек. Увогуле названы ўчастак — своеасаблівае сэрца пошты. Менавіта тут адбываецца сартаванне ўваходзячых і зыходзячых адпраўленняў. Паштальёны па суправаджэнні сумесна з вадзіцелямі адпраўляюцца ў рэйс, каб даставіць да нашых падпісчыкаў перыядычныя выданні, пісьмы, пасылкі, іншую карэспандэнцыю. Толькі добрае можна сказаць у адрас паштальёнаў па суправаджэнні — людзей адказных, руплівых, неабыякавых: Святланы Ігараўны Язерскай, Аксаны Мікалаеўны Салянік, Святланы Мікалаеўны Роўды, Любові Аляксееўны Томчык, Алёны Святаславаўны Макарчык, Вікторыі Уладзіміраўны Мацюшонак, Дзіяны Мікалаеўны Белашыцкай. Стараннасць і добрасумленнасць уласцівы і вадзіцелям. 37 год шчыруе на гэтай пасадзе Вайцех Віктаравіч Семяновіч, 29 — Пётр Сігізмундавіч Куцкевіч, звыш 20-ці — Іван Юльянавіч Мацюшонак і Анатолій Анатольевіч Чайкоўскі. На добрым рахунку таксама вадзіцелі, якія пазней прыйшлі на работу ў раённы вузел паштовай сувязі. А гэта Антон Антонавіч Смятанка, Сяргей Іосіфавіч Шабовіч, Іван Францавіч Апанасёнак, Валерый Станіслававіч Грыбок, Генадзій Часлававіч Вайцяховіч, Раман Міхайлавіч Падгол. А аператарам участка працуе ветэран Раіса Іванаўна Роўда. Праз руплівыя, не ведаючыя стомы рукі жанчыны праходзіць па сутнасці ўся пошта.

Штогод за шматгадовую добрасумленную працу ў падгаліне “Паштовая сувязь”, высокія вытворчыя паказчыкі і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці прадпрыемства прысвойваецца званне “Ветэран працы”. Зараз яго атрымалі інспектар па кадрах Вольга Браніславаўна Смятанка і вадзіцель Анатолій Анатольевіч Чайкоўскі. Нашы работнікі даволі паспяхова ўдзельнічаюць у конкурсах прафесійнага майстэрства. Нядаўна гонар раённых паштавікоў абаранялі на абласным конкурсе аператар гарадскога аддзялення паштовай сувязі Алеся Вячаславаўна Канопская і начальнік аддзялення паштовай сувязі Баяры і па сумяшчальніцтве паштальён Жанна Іосіфаўна Анішкевіч, дзе паказалі высокія вынікі. Культурныя, ветлівыя ў адносінах да кліентаў аператары гарадскога аддзялення Ала Міхайлаўна Ворса, Любоў Кандрацьеўна Лабанава і намеснік начальніка аддзялення Марына Сяргееўна Сыракваш. Аператыўнае і якаснае вырашэнне гаспадарчых пытанняў у многім залежыць ад работнікаў гаспадарчай групы — сталяра Леа¬ніда Часлававіча Янушэвіча, слесара-сантэхніка Пятра Іванавіча Юрчанкова, электрамеханіка Руслана Казіміравіча Федаровіча.

Пераканана, што сумеснымі намаганнямі мы справімся з усімі задачамі, якія стаяць перад галіной паштовай сувязі. Дзякую ўсім супрацоўнікам за адданасць прафесіі, добрасумленнасць і стараннасць. Ад душы жадаю моцнага здароўя, спакою, сямейнай утульнасці і цяпла, радасці ад дзяцей і блізкіх, творчых поспехаў і новых ідэй. Няхай удача і дабрабыт заўсёды спадарожнічаюць вам ва ўсім!

Запісала Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

На здымку: супрацоўнікі гарадскога ад¬дзялення сувязі Л. К. Лабанава, А. М. Ворса і М. С. Сыракваш.

Фота Ігната Лубнеўскага.