Што за паслуга такая — “сацыяльны патранат”? Каму аказваецца?

86

Адказ дае спецыяліст па сацыяльнай рабоце аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі Мядзельскага ТЦСАН Наталля ШАРАНГОВІЧ:

— Здараецца часам, што сям’я, якая выхоўвае непаўналетніх дзяцей, апынаецца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі і з праблемамі самастойна не можа справіцца. Прычыны гэтага розныя — канфлікты і жорсткія адносіны паміж членамі сям і, праблемы з выхаваннем дзяцей, сямейная нядобранадзейнасць, пажар ці іншае бедства. У такіх сітуацыях зацікаўленымі службамі праводзіцца сацыяльнае расследаванне, а вынікі яго разглядаюцца на савеце ўстановы адукацыі па прафілактыцы безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх, а іншы раз потым і на пасяджэнні раённага каардынацыйнага савета па рэалізацыі Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 лістапада 2006 года “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем ях”. У адпаведных выпадках гэтыя органы прымаюць рашэнне: рэкамендаваць бацькам на працягу трох рабочых дзён звярнуцца па аказанне сацыяльных паслуг, іншай дапамогі па ўхіленні цяжкай жыццёвай сітуацыі ў адпаведнасці з заканадаўствам. А для атрымання апошніх іх накіроўваюць у Мядзельскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, дзе і прапаноўваецца паслуга, наконт якой вы цікавіцеся.

Сацыяльны патранат — дзейнасць па суправаджэнні грамадзян, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, накіраваная на яе пераадольванне, узнаўленне нармальнай жыццядзейнасці, мабілізацыю і рэалізацыю ўласнага патэнцыялу для асабістага і сацыяльнага росту. Мэта паслугі — стварэнне ўмоў, якія садзейнічаюць аказанню дапамогі сям’і па выхадзе з цяжкіх абставін пры актыўным удзеле яе членаў у вырашэнні ўласных праблем.

Для атрымання гэтай паслугі, па-першае, трэба звярнуцца ў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, падаць заяву і заключыць дагавор на аказанне паслугі “сацыяльны патранат”. Наша ўстанова размяшчаецца па адрасе: г. Мядзел, вул. Нарачанская, д. 9. Даведкі можна атрымаць і па нумары 8-01797
22-3-11. Па-другое, трэба прыняць

удзел у складанні міжведамаснага плана па рабоце з грамадзянінам ці сям ёй. Дарэчы, да вырашэння праблемы могуць быць прыцягнуты ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, установы аховы здароўя, адукацыі, сельскія выканаўчыя камітэты, іншыя арганізацыі. Па-трэцяе, і самому грамадзяніну неабходна быць актыўным удзельнікам рэалізацыі індывідуальнага плана.
Падчас аказання паслугі забяспечваюцца ўважлівыя і карэктныя адносіны да яе атрымальніка, улік яго пажаданняў і меркаванняў, захаванне канфідэнцыяльнасці, падтрымка пазітыўных змяненняў.

Запісала Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

 

Фота ілюстрацыйнае, pixabay.com