Што рассказалі супрацоўнікі, якія ў міліцэйскай службе робяць першыя крокі

435

МАЕ пытанні — людзям, якія ў міліцэйскай службе робяць першыя крокі. Чаму абралі такую прафесію? Ці складана было вучыцца? З якімі цяжкасцямі сутыкнуліся за час службы? І ці маюць прыклад для пераймання сярод вобразаў міліцыянераў з літаратуры ці кінематографу?

Што рассказалі супрацоўнікі, якія ў міліцэйскай службе робяць першыя крокіАндрэй КАЙКО, упаўнаважаны аддзялення крымінальнага вышуку, служыць з ліпеня мінулага года:

— Міліцыянерам хацеў быць з дзяцінства. Першы фактар — каб дапамагаць людзям, змагацца з негатывам і злом, якія перашкаджаюць жыць. Другі — праца ў міліцыі рознабаковая, прадугледжвае ўзаемадзеянне з вялікай колькасцю людзей. Ёсць магчымасць атрымліваць новыя веды, развівацца. Іншых варыянтаў прафесіі нават не разглядаў. Можна было на ўсялякі выпадак здаць чацвёрты прадмет на ЦТ —
не здаваў. Бацькі казалі: “А раптам не паступіш?” Быў упэўнены, што паступлю.
Спецыяльнасць “аператыўна-вышуковая дзейнасць” атрымаў у Акадэміі МУС. Вучыцца там не складана. Але і не зусім проста: усё ж ваенізаваная ВНУ, ёсць свае асаблівасці. Скажам, жыццё ў казарме — праўда, не ўвесь тэрмін навучання (напрыклад, я жыў там два гады). Вучыцца цікава: не адна сухая тэорыя, а і разнапланавая практыка. На службе з нейкімі цяжкасцямі — маральнымі або фізічнымі — не сутыкаўся. Усё ў межах разумнага. Часта затрымліваюся дапазна, але гэта мая асабістая ініцыятыва.
Любімы персанаж міліцыянера ў кіно — Глеб Жаглоў з фільма “Месца сустрэчы змяніць нельга”. Але гэта проста цікавы вобраз, а не прыклад для пераймання. Куміра не шукаю: у свеце ўвогуле няма нічога і нікога ідэальнага. Стараюся ўдасканальваць сябе, а не быць да некага падобным.

Што рассказалі супрацоўнікі, якія ў міліцэйскай службе робяць першыя крокіДзмітрый МАРОЗАЎ, інспектар дарожна-патрульнай службы, служыць два тыдні:
— Міліцыянерам быў бацька, так што працягваю працоўную дынастыю.
Па адукацыі я настаўнік фізічнай культуры, летась закончыў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт. На апошніх курсах зразумеў, што хачу служыць у міліцыі. Прайшоў падрыхтоўку ў вучэбным цэнтры. Думаў, будзе складана. Але не. Па-першае, шмат новага, цікавага. А па-другое, тры месяцы — няшмат, час ляціць хутка, калі ўвесь дзень распісаны.
Цяжкасцей на службе пакуль не было. Я мясцовы (жыву ў аграгарадку Нарач), а значыць, магу сутыкнуцца з парушэннем правіл дарожнага руху чалавекам, якога добра ведаю. Аднавяскоўцам, напрыклад. За два тыдні службы гэтага не здаралася, але да такой сітуацыі маральна гатовы. Лічу, лепш (у тым ліку з дапамогай адміністрацыйнага пакарання) папярэдзіць дарожна-транспартнае здарэнне, чым сутыкнуцца з яго трагічнымі наступствамі.
Не маю прыкладу для пераймання з літаратуры ці кіно. А ў жыцці такі чалавек ёсць — выкладчык з вучэбнага цэнтра Дзяніс Аляксандравіч Клімаў. Разумны, добра ведае сваю справу, шмат дзе быў і што бачыў.

Што рассказалі супрацоўнікі, якія ў міліцэйскай службе робяць першыя крокіІлья БУЛЫГА, участковы інспектар міліцыі па Мядзельскім сельскім участку, служыць з кастрычніка мінулага года:
— Міліцэйская служба прывабная тым, што даводзіцца сустракацца з вялікай колькасцю людзей, дапамагаць ім. Напрыклад, калі хто што згубіў або мае праблемы з суседзямі. Працую з сельскім насельніцтвам, там у людзей заўсёды шмат пытанняў.
Па адукацыі я эканаміст-аналітык, летась закончыў факультэт міжнародных эканамічных адносін Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. Гэта прэстыжна, але знайсці добрую працу па спецыяльнасці складана. Ды і за гады вучобы зразумеў, што быць эканамістам не вельмі цікава, перспектыва цэлы дзень праводзіць у кабінеце мяне не вельмі прываблівае. А вось у міліцыі руціны дакладна няма. Прайшоў курс падрыхтоўкі
ў вучэбным цэнтры (крыху больш за тры месяцы) — гэта не вельмі складана. Жылі ў казарме, па рэжыме. Але рэжыму прытрымліваўся і раней, крыху перабудаваць яго было няцяжка.
З асаблівымі цяжкасцямі па службе пакуль не сутыкаўся, з насельніцтвам канфліктаў не здаралася. Мой дзядуля быў старшынёй калгаса “Пераможац”. У Лук янавічах, Трыданах, Азарках людзі ведаюць, што я яго ўнук — і гэта прыемна.
Ніколі не хацеў быць падобным на героя якога-небудзь фільма і ўвогуле не рамантызую дзейнасць міліцыянера. Проста працую, і праца мне падабаецца.

Наталля ЛІСІЦКАЯ.