Шэсць дзясяткаў год у павазе і каханні жывуць Алена і Мікалай Сіўцы

203

Нядаўна адзначылі 60-годдзе сумеснага жыцця Алена і Мікалай Сіўцы з аграгарадка
Сваткі. Як сцвярджае старшыня Сваткаўскага сельвыканкама Наталля Калбун, за плячыма юбіляраў годнае жыццё. Нездарма з іх можна браць прыклад родным і блізкім, суседзям, аднавяскоўцам.

Руплівая Алена
— Нас у сям і было чацвёра дзяцей, — прыгадвае мінулае Алена Сівец. — Тры сястры і брат. Цяпер удзвюх толькі з сястрой засталіся… Дзяцінства прыпала на Вялікую Айчынную вайну. Гэта быў вельмі цяжкі для ўсіх час…
— А ці памятаеце немцаў?
— Так. У нас у будынку, дзе быў ток, яны размяшчаліся. На зямлю наклалі саломы. Наверх паслалі палотны, якія дасталі з мамінага куфра. Так і спалі. А ў доме сагнаныя з вёскі жанчыны гатавалі для іх ежу, тут жа немцы і сталаваліся. А яшчэ памятаю за мостам загарадку, за якой трымалі людзей, якіх збіраліся адпраўляць у Германію. Вельмі страшна было. Нашу сям ю варожыя салдаты не чапалі. Тату нават адзін немец прапанаваў забраць з той загарадкі сваякоў. Такім чынам выратаваны ад няволі тры чалавекі з радні… І гарэлі Сваткі, падпаленыя фашыстамі. Нашу хату таксама знішчыў пажар. Нікому не зычу прайсці праз тое, што выпала майму пакаленню. Вось чаму вельмі важна зберагчы мір і спакой на зямлі, не дапусціць новых войнаў.
— А якім было пасляваеннае жыццё?
— Таксама няпростым. Голад быў. І бульбу мерзлую елі, і хлеб з лубіну з мякінай… Але паступова жыццё наладжвалася. Мы, дзеці, вучыцца пачалі. Школа якраз размяшчалася ў нашай хаце. Чатыры класы там закончыла. Потым займаліся ў новай школе, якая была пабудавана ў Сватках. Пасля дзесяці класаў нікуды не паехала. Уладкавалася на работу ўлікоўцам у калгасную кантору. Завочна паступіла ў Баранавіцкі ўлікова-планавы тэхнікум.
З 1958 па 1970 год адпрацавала Алена Сівец у мясцовым калгасе бухгалтарам. Вызначалася акуратнасцю, стараннасцю. Яе ўсе паважалі.
— Работу сваю вельмі любіла, — расказвае. — Падабалася мець справу з лічбамі, бо яны адлюстроўваюць становішча ва ўсіх галінах сельскай гаспадаркі і, найперш, у паляводстве і жывёлагадоўлі. А гэта ж так цікава. Потым мяне запрасілі на працу ў сельсавет. Была там бухгалтарам шаснаццаць год — да выхаду на заслужаны адпачынак. Таксама клопатаў хапала. Каб зрабіць усё своечасова, нярэдка даводзілася дапазна сядзець над справаздачамі і браць папкі дадому. Але ніколі не наракала на вялікую занятасць. Наша пакаленне проста па-іншаму не ўмела. Нават калі была ўжо на пенсіі, бухгалтарам сельсавета прыходзіла на дапамогу. Прасілі — выручала. Вопыт — вялікая справа. Што ведаеш — і з гадамі не забываецца!

Старанны і памяркоўны Мікалай

На плечы Мікалая Аляксандравіча і яго брата таксама выпала вайна і нялёгкае пасляваеннае жыццё. Змалку хлопец прызвычаіўся да працы. Дапамагаў і дома, і на полі. Не цураўся ніякай работы. Гэта было ўвогуле нормай жыцця для тагачасных дзяцей і падлеткаў. Як і жонка, Мікалай заканчваў Сваткаўскую дзесяцігодку. Вайсковую службу праходзіў у групе абмежаванага кантынгенту савецкіх войскаў у Германіі. А прафесію механізатара атрымаў у прафтэхвучылішчы ў Камарове. Працаваў і трактарыстам, і камбайнерам. Прычым увесь
час — у мясцовай гаспадарцы. Неаднойчы атрымліваў граматы, прэміі, каштоўныя падарункі за сваю стараннасць і руплівасць. Не лічыўся з часам, шчыраваў на палетках ад цямна да цямна. Усе даручэнні выконваў добрасумленна. Паважалі дбайнага хлебароба і калегі, і начальства.
— Механізатарскі стаж у мяне больш за 50 год, — апавядае Мікалай Аляксандравіч. — З калгаса і на заслужаны адпачынак пайшоў. Праўда, і на пенсіі яшчэ некаторы час працаваў. Мне вельмі падабалася тэхніка. Ды і праца на зямлі прыносіла задавальненне. У нас тады не было энерганасычаных трактароў, камбайнаў, як зараз. Таму работы ў полі зацягваліся. І працавалі ад світання да змяркання. Успамінаю першыя камбайны СК-3, СК-4. Іх ніяк не параўнаеш з сучаснымі ні па прадукцыйнасці, ні па камфартабельнасці. У старых камбайнах нават кабіны не было, ад сонца засланяў толькі казырок. Жняярка — трохметровая… Але ганарыліся тым, што мелі. Радаваліся, бо тэхніка аблягчала працу на палетках. Меў справу пераважна з калёснымі трактарамі і найбольш з “Беларусамі”. Работы выконваў розныя. І глебу апрацоўваў, і кармы на фермы дастаўляў…

У любові і павазе гады бягуць

Нарачоным Алены стаў вясковы хлопец Мікалай. Ён быў за яе старэйшы амаль на шэсць год.
— З Колем ведалі адзін аднаго з дзяцінства. Ён быў харошы, працавіты, — апавядае Алена Спірыдонаўна. — Не скажу, што моцна сябравалі. Проста і жанчыны на рабоце, і бацькі раілі звярнуць на яго ўвагу. Выязджаць нікуды з малой радзімы не збіралася. А ў вёсцы, самі ведаеце, у пашане людзі руплівыя, гаспадарлівыя. А Коля менавіта з такіх. Прыняла яго прапанову стаць жонкай і пра гэта ніколі не пашкадавала. Муж з Мікалая атрымаўся добры, ды і бацька таксама. Гэта ў сям і самае важнае.
Распісваліся маладыя ў Сватках у сельсавеце 19 студзеня 1962 года. Вяселле, як тады было заведзена, гулялі чатыры дні: два — у нявесты, два — у жаніха. Было яно шумнае, вясёлае, не зважаючы на зімовую сцюжу і завею. А жыццё сумеснае атрымалася роўнае і спакойнае.
— А ці сварыліся калі-небудзь? — цікаўлюся ў Алены Спірыдонаўны.
— Асабліва не. Стараліся ўсе пытанні вырашаць спакойна. Крыкамі, як вядома, нічога не даб ешся. Ды і перад людзьмі сорамна.
— Але каб усё было добра, трэба ж саступаць адзін аднаму?
— Спрадвеку казалі, што жыццё пражыць — не поле перайсці. У нас таксама па-рознаму складваліся абставіны. Але задаволена, што мы дагэтуль разам. Што змаглі захаваць каханне і павагу. Яшчэ мая мама мяне вучыла, што ў сям і вельмі шмат залежыць ад жанчыны. Яе навука пра тое, што часта бяздумна прамоўленае слова робіцца прычынай разладу, а вярнуць назад усё не так і проста, памятаю дагэтуль. Таму і старалася лішні раз змаўчаць, штосьці не заўважыць. Вядома, у разумных межах. Ды і на саступкі першай пастаянна ішла.
Паведаміла Алена Спірыдонаўна, што выхаваннем дачок яна займалася больш сама. Муж рана адпраўляўся на працу, позна вяртаўся. Але ў іх сям і бацькава слова мела вартасць. Дзеці лічыліся з меркаваннямі таты, з павагай ставіліся да яго.
Муж з жонкай сваімі рукамі дом пабудавалі ў роднай вёсцы: у кастрычніку 1964-га перайшлі ў яго. І хатнюю гаспадарку, як і ўсе вяскоўцы, трымалі. І дзвюх кароў мелі, і свіней гадавалі, садзілі бульбу, агароды. Гэта зараз у іх толькі козачкі і куры засталіся. Сілы не дазваляюць трымаць больш жыўнасці на падворку, хоць і цяпер без справы сядзець не хочацца.

Галоўнае багацце — дзеці, унукі і праўнукі

Алена Спірыдонаўна і Мікалай Аляксандравіч выгадавалі дзвюх дачок — Ірыну і Ганну. За іх ніколі не было сорамна матулі з татам. З маленства дзяўчынкі раслі руплівыя. Кожная атрымала адукацыю. Старэйшая стала медыкам, малодшая — выхавальнікам дзіцячага сада. Ва ўсіх даўно ўласныя сем і. Дочкі падаравалі маці з татам унука Сашу і трох унучак — Таццяну, Людмілу і Надзею. Яны ўжо таксама дарослыя, выхоўваюць уласных дзетак. Цешацца юбіляры са сваіх праўнукаў — Крысціны, Дзімы, Яўгена, Міхаіла і Цімура. Заўсёды рады бачыць усіх у сваім доме.

— У нашай сям і, — кажа Алена Спірыдонаўна, — цяпер 19 чалавек. Калі ўсе прыедуць — цэлае застолле збіраецца. Такія моманты самыя дарагія ў нашым жыцці. Вельмі хочацца, каб яны ніколі не заканчваліся. Праўда, справы з часам усіх клічуць дадому. Тады чакаем новых спатканняў… Часта пераглядваю фотаздымкі. Любуюся дзецьмі, унукамі, праўнукамі. Гэта ж самы галоўны скарб, які мы з мужам прыдбалі. Цэнім яго, беражом. Шчыра радуемся, што ва ўсіх дружныя сем і, падрастаюць дзеткі. Дзякуй Богу, дочкі жывуць недалёка: Аня — у Сватках, Ірына — у Мядзеле. Таму часцей за астатніх яны ў нас бываюць, дапамагаюць па хатніх справах, на агародзе. Але і ўнукі нас не забываюць. Ці не ў гэтым шчасце?!

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.
Фота з сямейнага архіву.