Шчырасць і спагада не ў дэфіцыце ў работнікаў аддзялення ТЦСАН у вёсцы Вузла

269

Зіма. Бялюткае снежнае покрыва заслала зямлю. Нават пасвятлела наўкола. Белыя шапкі на ялінах, пацеркі птушыных слядоў на сцежках. Лёгка дыхаецца, настрой святочны. Менавіта ў такі марозны зімовы дзень 2009 года гасцінна расчыніла дзверы аддзяленне забеспячэння кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў у вёсцы Вузла.

Раней тут гучалі вясёлыя дзіцячыя галасы, бо ў гэтым будынку размяшчалася школа. Цяпер жа тут знайшлі прытулак адзінокія і хворыя людзі. За перыяд існавання аддзялення яно стала домам для звыш 150-ці жыхароў азёрнага краю. Абслуговы персанал (а гэта 12 чалавек) — людзі са шчырым, добрым сэрцам.
Няпростым выдаўся для ўстановы 2021 год. Не абышла пандэмія і работнікаў аддзялення. А вось здароўе падапечных змаглі зберагчы.

Вялікую адказнасць за самаадчуванне і настрой людзей, якія прыжыліся ў Вузле, нясуць работнікі аддзялення. Многія тут працуюць з моманту адкрыцця ўстановы. У тым ліку загадчыца гаспадаркі Алена Уліцкая, медыцынская сястра Наталля Кадушкевіч. Гэтымі жанчынамі шмат зроблена, каб насельнікі ўстановы своечасова атрымлівалі неабходныя сацыяльныя паслугі і якасную медыцынскую дапамогу.

З лістапада 2018 года ўзначальвае аддзяленне Юрый Жалубоўскі. Здаецца, і не такі вялікі адрэзак часу. Аднак яго хапіла, каб праявіць арганізатарскія здольнасці, зарэкамендаваць сябе чулым і адказным кіраўніком, які клапоціцца і пра работнікаў, і пра тых, для каго аддзяленне стала другім родным домам.

Асабліва хочацца адзначыць повара Наталлю Паршуту. Шчыруе ў аддзяленні амаль сем год. Стравы ў Наталлі Анатольеўны атрымліваюцца вельмі смачныя, як дамашнія. Жанчына заўсёды ў выдатным настроі, з усмешкай сустракае жыхароў аддзялення.

Добрыя словы можна сказаць ўвогуле пра ўсіх работнікаў аддзялення, бо працаваць тут могуць толькі добрасумленныя, сардэчныя людзі, для якіх шчырасць і спагада не ў дэфіцыце.

Зіма зараз у самым разгары, але насельнікі аддзялення чакаюць вясну. Ім так хочацца, каб хутчэй наступіла пара года, калі ўсё зелянее, расцвітае навокал. Тады іх утульны агульны дом патоне ў кветках, якія з ранняй вясны да позняй восені будуць упрыгожваць тэрыторыю. Шчодра зацвітуць яблыні, вішні і грушы — аднагодкі ўстановы. Летам ахвотныя змогуць папрацаваць на градках, каб вырасціць і з есці зялёную цыбульку, паласавацца хрусткім агурком і сакавітым спелым памідорам. І, вядома ж, парадавацца жыццю, шчыруючы на зямлі, удыхаючы кветкавы водар.

Алена ЯНОВІЧ, намеснік дырэктара Мядзельскага ТЦСАН.

Фота забяспечана Мядзельскім ТЦСАН.