Самы першы дакумент — пасведчанне аб нараджэнні

461

Самы першы дакумент — пасведчанне аб нараджэнніУ НАШАЙ краіне ахова дзяцінства — адзін з прыярытэтных накірункаў дзейнасці дзяржавы. Правы і законныя інтарэсы маленькіх грамадзян замацаваны ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і, Законе Рэспублікі Беларусь “Аб правах дзіцяці”, іншых заканадаўчых актах.

Самы першы дакумент — пасведчанне аб нараджэнні — атрымліваюць у органах ЗАГСа бацькі малыша, які з’явіўся на свет, калі звяртаюцца з заявай аб рэгістрацыі яго нараджэння. Пра парадак выдачы гэтага дакумента і пойдзе ніжэй размова.

Рэгістрацыя нараджэння дзіцяці ажыццяўляецца альбо па месцы нараджэння, альбо па месцы жыхарства бацькоў (аднаго з іх). І вось тут у татаў з матулямі ўзнікае шмат пытанняў. Варта сказаць, што пры рэгістрацыі нараджэння дзіцяці па месцы жыхарства бацькоў, месцам нараджэння запісваецца той населены пункт, дзе яны пражываюць (Мядзел, Сваткі, Будслаў і г. д.) незалежна ад таго, дзе немаўлятка нарадзілася (у Мінску, Маладзечне ці іншым месцы). А вось калі дзіця з’явілася на свет у арганізацыі аховы здароўя г. Мінска, для таго, каб у запісе акта і ў пасведчанні аб нараджэнні гэты горад быў указаны месцам нараджэння немаўляці, бацькам патрэбна звярнуцца за рэгістрацыяй па месцы нараджэння, гэта значыць, у аддзел ЗАГСа сталіцы. Пры кожным звароце орган ЗАГСа тлумачыць бацькам парадак вызначэння месца нараджэння малыша, аб чым у запісе акта робіцца адзнака, якая падпісваецца заяўнікам.

Заява аб рэгістрацыі нараджэння звычайна прымаецца вусна. Аднак заканадаўствам устаноўлены выпадкі, калі яна падаецца пісьмова. А гэта: калі ўласнае імя, якім бацькі хочуць назваць сваё дзіця, з’яўляецца рэдкім, альбо не запісана ў слоўніках асабістых імёнаў, альбо немаўляці даецца двайное ўласнае імя; калі бацькі малыша маюць розныя прозвішчы; калі хаця б адзін з бацькоў — замежны грамадзянін ці асоба без грамадзянства; пры рэгістрацыі нараджэння дзіцяці ў маці, якая не знаходзіцца ў шлюбе, а таксама ў іншых выпадках па жаданні заяўніка. Дарэчы, матулям, якія не знаходзяцца ў шлюбе, варта ведаць, што пры рэгістрацыі нараджэння прозвішча дзіцяці даецца па прозвішчы маці, прозвішча і нацыянальнасць бацькі запісваюцца па прозвішчы і нацыянальнасці маці, а яго імя і імя па бацьку — са слоў маці. Іншыя звесткі ў запіс акта грамадзянскага стану не ўносяцца. Усе спрэчныя пытанні наконт прысваення прозвішча ці імя дзіцяці, якія ўзнікаюць паміж бацькамі, вырашаюць органы апекі і папячыцельства.

Рэгістрацыя нараджэння дзіцяці ў непаўналетніх бацькоў ажыццяўляецца ў звычайным парадку, згода іх бацькоў ці апекуноў не патрабуецца. Рэгістрацыя нараджэння дзіцяці, якое нарадзілася на працягу 10 месяцаў пасля скасавання шлюбу бацькамі альбо смерці мужа маці, праводзіцца ў тым жа парадку, што і рэгістрацыя немаўляці ў шлюбе, гэта значыць, бацькам запісваецца былы муж маці.

Заява аб рэгістрацыі нараджэння малыша падаецца не пазней трох месяцаў з дня яго з’яўлення на свет, аднак пропуск гэтага тэрміну не лічыцца падставай для адмовы ў рэгістрацыі. У абавязковым парадку бацькі прадстаўляюць у органы ЗАГСа медыцын¬скую даведку аб нараджэнні. Органы ЗАГСа працуюць па прынцыпе “аднаго акна” і запрошваюць іншыя неабходныя дакументы самастойна. У асноўным гэта звесткі пра знаходжанне ў шлюбе і нацыянальнай прыналежнасці бацькоў. Аднак заяўнікі і самі маюць права прадастаўляць дакументы, якія ў іх ёсць у наяўнасці. Тэрмін рэгістрацыі нараджэння — 2 дні з моманту падачы заявы, а калі мама з татам жадаюць правесці гэту цырымонію ва ўрачыстай абстаноўцы — 3 дні. Паверце, што работнікі органаў ЗАГСа гатовы зрабіць падзею рэгістрацыі нараджэння маленькага грамадзяніна яркай і запамінальнай для вашай сям’і.

Г. КАЛМУК.

Начальнік аддзела ЗАГС.