Сакрэты шчасця ад мнагадзетнай матулі Вольгі Шукейла

177

НАПЯРЭДАДНІ свята сустрэлася з маладой матуляй з к. п. Нарач. Вольга ШУКЕЙЛА з мужам Аляксеем выхоўвае дзвюх цудоўных дзяўчынак і маленькага сыночка і ў гэтым бачыць сапраўднае жаночае шчасце.

Вольга нарадзілася ў Бабруйску. Калі ёй споўніўся год, сям’я пераехала ў тады яшчэ вёску Нарач. Гэты населены пункт Вольга і лічыць малой радзімай. У аграгарадку заканчвала сярэднюю школу. Пасля вучылася на геаграфічным факультэце БДУ. Паралельна завочна атрымала другую вышэйшую адукацыю — эканамічную. Па размеркаванні вярнулася на Мядзельшчыну — стала навуковым супрацоўнікам у Нацпарку “Нарачанскі”. Так атрымалася, што першыя крокі на працы рабіла пад кіраўніцтвам свайго таты Валерыя Люштыка. У 2018-м перайшла сакратаром прыёмнай кіраўніка ў санаторый “Пры­азёрны”.

— З мужам знаёмы з дзявятага класа. Ён таксама мясцовы: нарадзіўся ў вёсцы Логавіны, пасля жыў у курортным пасёлку. Там жа і школу заканчваў, — расказвае суразмоўца. — Сям’ю стварылі восенню 2013-га. У 2016-м зімой нарадзілася Маргарыта. Праз год восенню — Антаніна. А сыночак Яўген з’явіўся на свет сёлета: яму яшчэ толькі тры месяцы. Першыя дзве дзяўчынкі, а так хацелася мець хлопчыка! Цяпер у дачушак ёсць брацік, якога яны вельмі любяць.

— Ці бываюць у сям’і непаразуменні, сваркі?

— Стараемся з мужам усё дзяліць папалам. Як гаворыцца, ісці поруч: рука — з рукой. Не скандалім, але непаразуменні, напэўна, як і ў іншых, здараюцца і ў нас. Мы ж усе — людзі: з рознымі характарамі, эмоцыямі, якія часам перапаўняюць. Ды і бытавыя праблемы зрэдку нагадваюць пра сябе. Але галоўнае — з такіх сітуацый выходзіць годна, умець слухаць і быць пачутым. Адносіны будуем на каханні, павазе і ўзаемным даверы. Гэта, на мой погляд, падмурак сям’і. Каб ён быў трывалы, яго трэба ўмацоўваць, пастаянна падладжваць. Бо сям’я — гэта праца: вялікая, штодзённая, і не кагосьці аднаго, а абаіх: і мужа, і жонкі. З гадамі прыйдуць вопыт, мудрасць, а пакуль — варта набрацца цярпення, вытрымкі, каб былі ў доме мір і згода. Каб там было цёпла, утульна і дзецям, і дарослым.

Сакрэты шчасця ад мнагадзетнай матулі Вольгі Шукейла

Як даведалася ад Вольгі, цяпер яны жывуць у двухпакаёвай кватэры з маці мужа. Але будуюць свой дом у аграгарадку Нарач. Пад Новы год плануюць туды перабрацца. Думаюць ужо, якую мэблю перавозіць. Па словах жанчыны, яна больш з дзецьмі займаецца, будаўніцтва ўласнага жылля поўнасцю легла на плечы мужа, які ў гэтым ведае толк: значны перыяд працаваў у будаўнічых арганізацыях.

— З першага дня замужжа мне пашчасціла знайсці кантакт са свякроўкай. Яна аказалася вельмі добрай, шчырай і мудрай жанчынай, — апавядае Вольга. — Разам прадукты купляем, ежу гатуем, за абедзенным сталом сядзім. А як нарадзіліся дзеці, яна ўсе дамашнія клопаты ўзяла на сябе і гадаваць унукаў дапамагае, хоць сама працуе. Дзяўчынкі вельмі любяць бабулю Олю, сустракаюць з працы, з задавальненнем бавяць з ёй час. Такую свякроўку, як у мяне, жадаю усім. Яшчэ ў дзяцей ёсць дзядуля Валерый — мой тата. З ім дзяўчынкі любяць выхадныя праводзіць. Яны і часопісы чытаюць, якія дзядуля для іх выпісвае, і савецкія мульт­фільмы глядзяць, і ў розныя гульні гуляюць. Татаву жонку дзеці бабуляй Ленай клічуць, ахвотна з ёй бавяцца. Хоць яна мне і не родная маці (мамы не стала, калі я яшчэ ў школе вучылася), але таксама блізкі чалавек. Наведваем сям’ёй, хоць і не так часта, як хочацца, ва Ушацкім раёне бабулю мужа Міхаліну, якую дзяўчынкі называюць Місяй, і дзядулю Віктара.

— Напэўна, дачушкі — вашы памочніцы?

— Вельмі любяць Маргарыта з Антанінай браціка. Як толькі пачуюць плач, адразу бягуць да яго, каб супакоіць, бразготкамі забаўляюць. Прыемна бачыць, як абдымаюць, цалуюць. Такія адносіны дарагога вартыя. У любові між сёстрамі, братамі, узаемадапамозе, напэўна, і заключаецца сэнс шматдзетнай сям’і. У нас у аграгарадку ёсць свой агарод, невялікі сад. Дзяўчынкі са мной там працуюць.
Разам паліваем расліны на градках. Яны — маленькімі палівачкамі, я — вялікай. Збіраем клубніцы, памідоры, іншую гародніну, яблыкі. Так і да працы прывучаемся. Дзеці любяць жывёлу. У нас ёсць свінні, два сабакі і кошка, якія таксама догляду патрабуюць.

— А вы чым любіце займацца?

— Я без работы не магу. Пакуль у дэкрэтным водпуску знаходжуся, дапамагаю дзецям рабіць вырабы з прыроднага матэрыялу: Маргарыце ў школу, Тоні — у Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці, які наведвае. Збіраем і засушваем лісты, кветачкі. З прадукцыі з уласнага агарода раблю нарыхтоўкі. Ужо больш за сто слоікаў на зіму закруціла. Акрамя таго, разам чытаем, у тым ліку на ноч казкі, пішам, лічым: адна ж дачушка — школьніца, а другая збіраецца ёй стаць. Ходзім раз на месяц у бібліятэку, гэта ў нас абавязкова. Хачу, каб з маленства дзеці палюбілі кнігі, чыталі іх. А яшчэ мару сама навучыцца шыць на швейнай машынцы. Набыла выданне па курсах кройкі і шыцця. Пакуль знаходжуся дома з сынам, паспрабую асіліць. Шмат часу забіраюць і дзеці. Але гэта радасныя і прыемныя клопаты. З кожным днём усё больш разумею: быць матуляй — вялікае шчасце, а шматдзетнай — яшчэ большае.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

Цалкам матэрыял чытайце ў нумары "Нарачанскай зары" за 12.10