Ручайком асфальт уцёк? Паездка па некаторых мядзельскіх вуліцах ператвараецца ў сапраўднае выпрабаванне

280

ВЫБОІНА ля выбоіны, яміна пры яміне. Паездка па некаторых мядзельскіх вуліцах ператвараецца ў сапраўднае выпрабаванне — для колаў ды падвескі аўтамабіля і нерваў вадзіцеля. Здаецца, у такім стане дарожнае пакрыццё ў нашым райцэнтры не было ніколі. “Асфальт растаў разам са снегам, — сумна жартуюць вадзіцелі. — А ў пачатку зімы ўсё было зусім нядрэнна”.

 

Ручайком асфальт уцёк? Паездка па некаторых мядзельскіх вуліцах ператвараецца ў сапраўднае выпрабаванне
Exif_JPEG_420

…На вуліцы Юбілейнай насупраць “Еўраопта” працуюць людзі і тэхніка. Ці не рамонт?

— Што тут адбываецца? — пытаюся.

— ДЭУ № 66 дапамагае жыллёва-камунальнай гаспадарцы дарогу рамантаваць, — кажа начальнік лінейна-дарожнай дыстанцыі 661 Яўген Зубар.

Ручайком асфальт уцёк? Паездка па некаторых мядзельскіх вуліцах ператвараецца ў сапраўднае выпрабаваннеРучайком асфальт уцёк? Паездка па некаторых мядзельскіх вуліцах ператвараецца ў сапраўднае выпрабаванне

 

— Хіба ў лютым іх рамантуюць? Можна?

— Можна, — усміхаецца Яўген Андрэевіч. — Працуем з арганамінеральнай сумессю, яе можна выкарыстоўваць зімой. Выфрэзоўваецца яма, пасля чаго вядзецца ачыстка месца рамонту: рыдлёўкай, пасля прадзімаецца паветрам. Вычысцілі — закладваем арганамінеральную сумесь, раўняем і ўтрамбоўваем.

А што скажуць у Мядзельскай ЖКГ, якая абслугоўвае вуліцы ў райцэнтры, пасёлках і аграгарадках раёна? Намеснік дырэктара па добраўпарадкаванні і жыллёвым фондзе Аляксей Шашок тлумачыць:

— Цяпер ухіляем ямачнасць на вуліцах Мядзела. Толькі ўласнымі сіламі не справіліся б зрабіць гэта хутка, таму нам дапамагаюць ДЭУ № 66 і ДРБУ-133. Давядзём да ладу гарадскія вуліцы — возьмемся за ўхіленне ямачнасці ў пасёлках і аграгарадках. Ну а калі пра больш глабальныя рэчы — сёлета плануем замяніць асфальта-бетоннае пакрыццё ў Мядзеле на двух участках. Гэта вуліцы Юбілейная (кавалак ад Ленінскай да Інтэрнацыянальнай) і Камуністычная — ад Юбілейнай да Камуністычнага завулка.

…Не без праблем і на дарогах рэспубліканскага значэння. Іх у межах нашага раёна абслугоўвае ДЭУ № 66.

— Дарогі дрэнна выйшлі з зімы: адбіліся частыя пераходы тэмператур праз нуль, — канстатуе кіраўнік арганізацыі Віктар Буйко. — Працуем, але ў адзін момант адрамантаваць усё і паўсюдна немагчыма. Ухіляем крытычную ямачнасць на сваіх дарогах, цяпер дапамагаем гораду. Што да больш глабальных работ, то на сёлета запланаваны ўкладка тонкага слою асфальту і паверхневая апрацоўка Р-45 (Полацк–Глыбокае–Граніца Літоўскай Рэспублікі) у межах раёна і ўчастка працягласцю 1 кіламетр 10 метраў на Р-27 (дарога на Паставы), рамонт моста праз Вузлянку ў Вузле.

…А што з дарогамі мясцовага значэння, якія абслугоўвае ДРБУ-133? Начальнік арганізацыі Віктар Дземідовіч расказаў:

— Нашы дарогі выйшлі з зімы ў адносна нядрэнным стане — калі параўноўваць з сітуацыяй у Мядзеле ды і ўвогуле па краіне. Хоць высновы рабіць ранавата, бо тэмпературныя пераходы праз нуль маюць месца дагэтуль. Маразы могуць быць і ў сакавіку. Тым не менш ямачны рамонт праводзім. Ухіляем крытычную ямачнасць — вялікія ямы, па прычыне якіх можна пашкодзіць колы ці падвеску. Выкарыстоўваем арганамінеральную сумесь на аснове бітуму з арганічнымі дабаўкамі і шчэбенем. Невялічкія ямкі пакуль пакідаем: па такой тэхналогіі ўхіляць іх немэтазгодна. Лепш у цёплы час выкарыстаем метад прапіткі (засыпаецца шчэбень і заліваецца эмульсіяй). Цяпер пераключыліся на Мядзел, дапамагаем ЖКГ. Пасля вернемся на свае дарогі. Сёлета найбольш значныя работы запланаваны на дарозе Гарадзішча–Пузыры ў вёсцы Восава. Пакладзём больш за 600 метраў асфальту, абсталюем аўтобусны прыпынак (асфальт і тактыльная плітка) з кішэнямі пашырэння. Заменім павільён на больш сучасны — падобны да тых, што нядаўна з явіліся ў Янушове, Вытрасках і Старых Габах. Чвэрць кіламетра асфальту пакладзём на выездзе з Восава ў бок Крывічоў.

Наталля ЛІСІЦКАЯ. Фота аўтара.