Размер штрафаў узрос

135

Службовыя асобы Транспартнай інспекцыі цяпер маюць права весці адміністрацыйны працэс па 28 артыкулах Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях пры выяўленні іх пры перавозцы грузаў і пасажыраў. Размер прад’яўляемай санкцыі прывязаны да базавай велічыні. А раз яна, пачынаючы з 1 красавіка бягучага года, павялічылася з 35000 да 100000 рублёў, то і размеры штрафу ўзраслі адпаведна амаль у тры разы.

Асноўная работа філіяла Транспартнай інспекцыі па г. Мін­ску і Мінскай вобласці накіравана на выяўленне парушэнняў заканадаўства ў галіне аўтамабільнага транспарта. За 2011 год праве­дзена 1146 пазапланавых аператыўных тэматычных праверак. У ходзе іх абследаваны 34094 транспартныя сродкі, выяўлена 6612 правапарушэнняў, скла­дзена 3290 актаў, выдадзена 1397 прадпісанняў, да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 2936 асоб. Агульная сума накладзеных штрафаў склала звыш 420 млн рублёў.

Аналізуючы парушэнні  заканадаўства ў галіне аўтамабільнага транспарта, якія найбольш часта сустракаюцца, лічым мэта­згодным спыніцца на асобных артыкулах Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях і прадугледжаных за іх штрафных санкцыях.

Частка 1 артыкула 11.65. Ажыццяўленне перавозак без заключэння дагавора абавязковага страхавання грамадзянскай адказнасці перавозчыка перад пасажырамі. Сума штрафу на індывідуальнага прадпрымаль­ніка ад 50 да 150 базавых велічынь, на юрыдычную асобу ад 50 да 300 базавых велічынь.

Частка 5 артыкула 18.14.  Парушэнне асобай, якая кіруе транспартным сродкам, правілаў перавозкі пасажыраў і грузаў. Штраф — да 4 базавых велічынь.

Артыкул 18.18. Кіраванне транс­партным сродкам асобай, якая не мае пры сабе дакумента, які пацвярджае права на кіраванне транспартным сродкам, рэгістрацыйных ці іншых дакументаў, прадугледжаных заканадаўствам. Сума штрафу — да 2 базавых велічынь.

Артыкул 18.24. Допуск да ўдзе­лу  ў дарожным руху асобай, адказнай за тэхнічны стан ці эксплуатацыю транспартнага сродку, маючага няспраўнасці, пры наяўнасці якіх яго ўдзел у дарожным руху забаронены, альбо не прайшоўшага дзяржаўны тэхнічны агляд. Штраф — ад 4 да 6 базавых велічынь.

Частка 2 артыкула 18.26. Парушэнне ўстаноўленага рэжыму працы і адпачынку вадзіцелем транспартнага сродку, які ажыццяўляе аўтамабільную перавозку. Штраф — ад 4 да 25 базавых велічынь.

Артыкул 18.32. Правоз пасажыра без білета. Штраф — ад 4 да 10 базавых велічынь.

Артыкул 18.33. Неабгрунтаваная адмова вадзіцелем аўтамабіля-таксі ў перавозцы пасажыра, работа на лініі з выключаным таксометрам альбо без яго. Штраф — ад 2 да 5 базавых велічынь.

Артыкул 18.43. Кіраванне цяжкавагавым і (альбо) буйнагабарытным транспартным сродкам без спецыяльнага дазволу ці з парушэннем умоў, вызначаных у названым дазволе. Штраф — ад 20 да 50 базавых велічынь.

Як бачна, сумы штрафаў даволі ўнушальныя. А таму раім перавозчыкам зрабіць выбар на карысць работы без парушэнняў. Гэта дазволіць забяспечыць бяспеку і якасць перавозак і, вядома, пазбегнуць значных дадатковых фінансавых выдаткаў.

Г. ЖУЛЕГА.

Начальнік філіяла

Транспартнай інспекцыі

па г. Мінску і Мінскай вобласці.

А. КРЫШТАФОВІЧ.

Старшы аўтаінспектар АДАІ РАУС.