Разгледжаны актуальныя пытанні

116

Разгледжаны актуальныя пытанніУ СЕРАДУ на прадпрыемствах, у арганізацыях, гаспадарках і ва ўстановах азёрнага краю прайшоў адзіны дзень інфармавання насельніцтва. Яго тэма: “Прафілактыка афрыканскай чумы свіней”.

Пытанне гэта для нас не новае, але надзвычай актуальнае. Ва ўсіх яно зараз на слыху. Да нашага раёна і бліжэйшых суседзяў, на шчасце, навала не дакацілася. Але меры перасцярогі, каб папярэдзіць і не дапусціць распаўсюджанне гэтага захворвання, паўсюдна прадпрымаюцца. Найперш ставіцца задача захаваць комплексы, дзе належным чынам наладжана вытворчасць свініны і праведзена адпаведная работа па біялагічнай абароне жывёлы, а пагалоўе на мясцовых падворках зменшыць. А ў так называемай буфернай зоне, гэта значыць у радыусе не менш 5 км ад свінагадоўчых комплексаў (у нас гэта СК “Брусы”) увогуле не дазваляецца ўтрымліванне свіней у прыватным сектары. Пра гэта, а таксама пра іншыя мерапрыемствы, накіраваныя на прафілактыку АЧС, і ішоў аповед падчас адзінага дня інфармавання насельніцтва ў працоўных калектывах. З грамадзянамі па месцы жыхарства сустрэліся члены мабільных інфармацыйных груп з удзелам спецыялістаў ветэрынарнай службы пад кіраўніцтвам старшынь раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў, намеснікаў старшыні райвыканкама. Напрыклад, з жыхарамі вёскі Камарова Свірскага сельсавета правялі зацікаўленую размову па абмяркоўваемай праблеме першы намеснік старшыні райвыканкама — начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Д. С. Калясень і намеснік галоўнага ветэрынарнага ўрача раёна Д. С. Станчык.

А напярэдадні мерапрыемства ў райвыканкаме адбылася нарада ідэалагічнага актыву. Першым выступіў перад прысутнымі галоўны ветэрынарны ўрач раёна С. Ч. Ермаковіч, які, у прыватнасці, нагадаў гісторыю ўзнікнення захворвання ў Афрыцы. Расказаў, як затым з часам прыйшла інфекцыя ў паўднёвыя рэгіёны Расіі, Грузію, а цяпер і ў Беларусь. Паведаміў пра меры, якія прадпрымаюцца ў рэспубліцы, а таксама на Мядзельшчыне, па папярэджанні распаўсюджання хваробы.

Пра падрыхтоўку ўстаноў адукацыі да новага 2013/2014 навучальнага года праінфармавала вядучы спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама М. М. Семяновіч. Яна акцэнтавала ўвагу прысутных на рабоце, якая праводзіцца для таго, каб хлопчыкі і дзяўчынкі змаглі своечасова сесці за парты і адправіцца ў чарговае падарожжа ў Краіну ведаў.

На асноўных пытаннях бяспекі дарожнага руху ў раёне спыніўся начальнік дзяржаўтаінспекцыі аддзела ўнутраных спраў райвыканкама В. М. Лёвін. Ён расказаў і аб мерапрыемствах, якія праводзяцца супрацоўнікамі АДАІ РАУС па прафілактыцы дарожна-транспартных здарэнняў сярод удзельнікаў дарожнага руху, у тым ліку і непаўналетніх. Прывёў прамоўца і лічбы. Так, за 7 месяцаў бягучага года здзейснена 10 дарожна-транспартных здарэнняў, з іх 2 — з удзелам непаўналетніх, 5 — па віне нецвярозых вадзіцеляў.

Аб стане правапарадку сярод непаўналетніх праінфармавала намеснік начальніка камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама В. Д. Дубяга. Прааналізавала яна таксама статыстычныя даныя аб дзіцячай смяротнасці ад знешніх прычын за 7 месяцаў бягучага года. Спынілася і на рабоце працоўных калектываў з абавязанымі асобамі, якія згодна з Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 18 вымушаны кампенсаваць расходы на ўтрыманне ўласных дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні.

Падвяла вынікі нарады ідэалагічных работнікаў намеснік старшыні райвыканкама І. І. Барыева. Нагадала аб актуальнасці вынесеных на абмеркаванне актыву пытанняў. Засяродзіла ўвагу прысутных і на важнасці правядзення дабрачыннага марафону па збору сродкаў на набыццё спецыяльнага аўтобуса для інвалідаў. Назвала калектывы, якія яшчэ, на жаль, дагэтуль не прынялі ўдзел у мерапрыемстве. Дапамога людзям хворым, нямоглым заўсёды лічылася высакароднай справай. А таму вельмі хочацца, каб як мага больш мядзяльчан праявіла міласэрнасць і суперажыванне ў адносінах юных землякоў, якія пакутуюць ад цяжкіх хвароб, і не пазбаўляла іх магчымасці наведваць групу-клас для дзяцей з цяжкімі парушэннямі развіцця, якая працуе пры Цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі раёна, сустракацца з іншымі хлопчыкамі і дзяўчынкамі, вучыцца пераадольваць цяжкасці і праблемы, абумоўленыя захворваннямі.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.