Работа — не воўк?

129

Работа — не воўк?СТРАТА работы ўваходзіць у першую тройку прычын, якія выклікаюць стрэс, правакуе мноства цяжкіх перажыванняў. На думку псіхолагаў, па эмацыянальным накале сітуацыя ўступае хіба толькі разводу, не кажучы ўжо аб смерці блізкага чалавека.

І калі па статыстыцы раённага аддзела занятасці, напрыклад, у 2008-2009 гадах у ліку афіцыйна зарэгістраваных беспрацоўных было больш за палову жанчын, то зараз беспрацоўны — гэта ў асноўным мужчына ад 35 да 50 гадоў з сярэдняй ці прафесійна-тэхнічнай адукацыяй. Рэальнасць паказвае, што ўкараненне высокатэхналагічных вытворчасцей, замена ручной працы механізаванымі працэсамі вядзе да вызвалення ў першую чаргу мужчынскай сілы.Па словах начальніка аддзела занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Вольгі Габрусёнак, абнадзейвае той момант, што ў гэтым годзе рэзка зменшылася колькасць беспрацоўных. Калі ў студзені іх зарэгістравалі 77, то на пачатак лістапада такіх было толькі 43. Спрыяльная сітуацыя склалася і з працаўладкаваннем: на аднаго беспрацоўнага маецца тры вакансіі. Па звестках аддзела занятасці самымі запатрабаванымі ў нас з’яўляюцца прафесіі муляра, прадаўца, тынкоўшчыка, электрагазазваршчыка, выхавальніка, урача, медсястры, фельчара. А на сельгаспрадпрыемствах не хапае людзей са спецыяльнай адукацыяй: ветурачоў, заатэхнікаў, селекцыянераў і г. д. Дарэчы, уся інфармацыя пра наяўнасць вакансій у раёне змешчана і штомесячна абнаўляецца на сайце райвыканкама. Пашукаць работу можна таксама ў Агульнарэспубліканскім банку вакансій, які знаходзіцца на сайце Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

Рэгістрацыя ў статусе беспрацоўнага дае магчымасць атрымліваць дапамогу ў памеры ад адной да дзвюх базавых велічынь, улічваць гэты час (праўда, да шасці месяцаў) пры налічэнні працоўнага стажу і дае магчымасць хутчэй уладкавацца на работу.

Запатрабаванай з’яўляецца паслуга прафесійнага навучання. Аддзел занятасці накіруе жадаючага на вучобу, аплоціць, акрамя вучобы, пражыванне, забяспечыць стыпендыяй і потым працаўладкуе па спецыяльнасці. Карыстаюцца гэтай магчымасцю як учарашнія выпускнікі, якія засталіся дома, так і людзі больш сталага ўзросту.

Па статыстыцы, як ні дзіўна, работу часцей шукаюць не беспрацоўныя, а менавіта тыя людзі, якія хочуць змяніць незадавальняючае месца на лепшае. І спецыялісты кажуць, што больш шанцаў атрымаць жаданую працу ў тых, хто падтрымлівае высокі ўзровень прафесіяналізму, мае пазітыўныя адносіны да жыцця, умее супрацьстаяць цяжкасцям і адносіцца да сябе і наваколля з пачуццём гумару.

Іна ЯРЧАК.