Праблемы здаровага харчавання.

171

Праблемы здаровага харчавання.НАША рэдакцыя правяла “прамую лінію” па праблемах здаровага харчавання. На пытанні жыхароў раёна адказвалі загадчык аддзела гігіены раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Мікалай ПАРШУТА, урач-дыетолаг цэнтральнай раённай бальніцы Аляксандр СІСЬКЕВІЧ і інжынер-тэхнолаг па харчаванні аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Ленгіна КІРУХІНА. Ніжэй прыводзяцца пытанні, зададзеныя чытачамі перыядычнага выдання гасцям, і адказы на іх:

Наталля Іванаўна, г. Мядзел:

— Якія грашовыя нормы расходу на харчаванне ў дзень прадугледжаны для наведвальнікаў дашкольных дзіцячых устаноў?

Л. Кірухіна: — Яны ўстанаўліваюцца ў залежнасці ад узросту дзіцяці. Для наведвальнікаў ясляў гэта 13220 рублёў, дзіцячых садкоў — 16760 рублёў. Прычым, толькі 60% ад затрачанай на харчаванне сумы аплачваюць бацькі.

Алёна Сяргееўна, г. Мядзел:

— Мая дачка займаецца ў гімназіі-інтэрнаце г. Мядзела і харчуецца ў сталовай установы. Для гарадскіх дзяцей у абедзенным меню няма першай гарачай стравы, а для тых, хто пражывае ў інтэрнаце, ёсць. Скажыце, калі ласка, а ці можна гатаваць супы і для гімназістаў, якія пражываюць у горадзе?Л. Кірухіна: — Так, можна. Для работнікаў сталовай гэта цяжкасцей не ўяўляе. Галоўнае, каб дзеці елі гарачыя першыя стравы. А вось вучні з сельскай мясцовасці, якія займаюцца ў гімназіі, згодна з рашэннем раённага выканаўчага камітэта, забяспечваюцца чатырохразовым бясплатным харчаваннем. Для гэтай мэты выдзяляецца для дзяцей 6-10 гадоў — 24780 рублёў, 11-13 гадоў — 27190 рублёў, 14-17 гадоў — 29070 рублёў.

Аляксандра Францаўна, г. Мядзел:

— Часта купляю ў магазіне падкіслае малако, хоць тэрмін прыгоднасці яго не закончыўся? Растлумачце, чаму гэта адбываецца? А куды прапаў кефір, ці можа яго цяпер не выпускаюць?

Праблемы здаровага харчавання.Н. Паршута: — Тавар рэдка паступае ў гандлёвыя кропкі адразу з прадпрыемства, а ў асноўным праз пасрэднікаў. Вось і залежваецца на складах, звычайна і не на адным. Акрамя таго, ён можа страціць часткова якасць і пры транспарціроўцы. Могуць мець месца таксама парушэнні тэхналогіі. Вось і атрымліваецца, што хоць тэрмін прыгоднасці тавару не закончыўся, але па якасці яго ўжо ёсць пытанні. Ні ў якім разе не павінна прадавацца пратэрмінаваная прадукцыя. І калі ў санітарную службу паступаюць скаргі наконт якасці малочнай ці іншай харчовай прадукцыі, заўсёды разбіраемся. Падчас планавых і пазапланаваных праверак магазінаў адсочваем усе партыі тавараў, якія паступілі ў продаж. А што датычыць кефіру, то гэта сацыяльна-значны тавар, на які ўстаноўлена фіксаваная цана, а таму ён выпускаецца і рэалізуецца праз гандлёвыя кропкі ў абмежаванай колькасці. Зусім іншая справа кефірны прадукт, на які прадпрыемства само ўстанаўлівае цану. Вытворцу яго проста выгадней выпускаць, чым кефір. Але гэта пытанне ўжо да кіраўніцтва малочных камбінатаў, а не да санітарнай службы.

Галіна Аляксандраўна, к. п. Нарач:

— Мая дачушка рыхтуецца стаць мамай. Скажыце, калі ласка, што яна павінна зараз есці, каб вынасіць і нарадзіць здаровае дзіця?

А. Сіськевіч: — Прырода надзяліла цяжарную жанчыну асаблівым дарам інтуіцыі. Яна часта сама можа падбіраць прадукты, неабходныя ёй і будучаму дзіцяці. Поўнасцю задаволіць патрэбу цяжарнай жанчыны ў харчаванні можа збалансаваная дыета. Неабходна прывесці ў адпаведнасць у меню суадносіны бялкоў, тлушчаў і вугляводаў. Звярнуць увагу на колькасць расліннай ежы, тлушчаў расліннага паходжання. Зменшыць колькасць прадуктаў, якія могуць негатыўна ўплываць на развіццё плода: кавы, прыпраў, алкагольных напіткаў. Харчаванне павінна быць разнастайным і паўнацэнным. Пры цяжарнасці без ускладненняў у першай яе палове жанчына павінна атрымліваць 60-90 грамаў у суткі бялку, 50-70 — тлушчаў, 325-450 — вугляводаў. Агульная энергакаштоўнасць сутачнага рацыёну складае 2200-2700 кілакалорый. У другой палове цяжарнасці будучая маці павінна атрымліваць 80-110 грамаў у суткі бялку, 50-70 — тлушчаў і 325-450 — вугляводаў. Агульная энергакаштоўнасць сутачнага рацыёну павінна складаць 2300-2800 кілакалорый. У рацыёне цяжарнай жанчыны трэба мець не менш 60% бялкоў жывёльнага паходжання, з іх — 30% бялкоў мяса і рыбы, да 25% — малака і яго прадуктаў, да 5% — яек. Рыбу лепш ужываць вараную. Штодзённа трэба есці 20-500 грамаў фруктаў і ягад. Агульная колькасць цукру не павінна перавышаць 40-50 грамаў у суткі. Варта менш ужываць кандытарскіх вырабаў, варэння, цукерак. Вадкасць у выглядзе чаю, кампоту, кісялю, сокаў, супу павінна складаць у рацыёне не больш 1-1,2 літра. А вось пры ўскладненнях падчас цяжарнасці рэкамендацыі будучым мамам у кожным канкрэтным выпадку дасць урач акушэр-гінеколаг. Да яго парад трэба абавязкова прыслухацца.

Вольга Мечыславаўна, г. п. Свір:

— У папярэднія гады ў школах, асабліва ў сельскай мясцовасці, рабіліся захады для таго, каб харчаванне дзяцей было больш танным. Скажыце, калі ласка, ці робіцца што ў гэтым плане сёлета?

Л. Кірухіна: — Так. Каб рабіць харчаванне школьнікаў больш танным, заключаем дагаворы на пастаўку малочных, мясных, рыбных прадуктаў, а таксама хлебабулачных вырабаў непасрэдна з прадпрыемстваў. Набыта пад патрэбу ў гаспадарках раёна, а таксама ў фермера Віктара Чабатара агародніна. А вось з капустай дапамог протаіерэй айцец Ігар, за што вялікі яму дзякуй. Дарэчы, згодна з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 904 ад 15 кастрычніка 2013 года, на 16% павялічыліся грашовыя нормы на харчаванне дзяцей усіх катэгорый, што таксама дазволіла палепшыць меню.

Аляксандр Сяргеевіч, г. Мядзел:

— Мой малодшы сын наведвае дзіцячы сад. Скажыце, калі ласка, ці ўлічваюцца пры складанні меню ўсе прадукты, якія патрэбны для нармальнага развіцця дзяцей яго ўзросту?

Л.Кірухіна: — Абавязкова. Міністэрствамі адукацыі і аховы здароўя зацверджаны спецыяльны поўны набор прадуктаў, неабходных для нармальнага развіцця кожнага ўзросту дзяцей. З улікам рэкамендаваных норм якраз і складаецца прыкладнае меню. Повары стараюцца зрабіць харчаванне разнастайным і якасным. Напрыклад, у яслях-садзе №3 вырошчваюць кроп, пятрушку, якія пасля праходжання абследавання ў раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі прымяняюцца пры прыгатаванні супоў, іншых страў. Летам паступае прама з градак свежая зеляніна, а ў зімовы перыяд — замарожаная. Гэта дазваляе палепшыць смак ежы.

Юрый Аляксандравіч, г. Мядзел:

— Іншы раз хочацца есці позна. Скажыце, калі ласка, ці можна гэта рабіць?

Праблемы здаровага харчавання.А. Сіськевіч: — Пажадана не есці позна, бо асноўная маса ежы засвойваецца праз 10-12 гадзін. Тады і дрэнна спіцца на поўны страўнік, і раніцай няма апетыту. Ну а калі ж вельмі хочацца есці, ну што ж рабіць — падсілкуйцеся. Толькі старайцеся ўжываць не вельмі тлустыя стравы.

Алеся Іванаўна, в. Нарач:

— Ці трэба прытрымлівацца рэжыму харчавання? Я — мама студэнта і вельмі хвалююся, калі чую, што ён нічога не есць раніцай і ў абед харчуецца як папала. Ці адаб’ецца гэта на яго здароўі?

А. Сіськевіч: — Усім раю прытрымлівацца рэжыму харчавання, бо гэта вельмі важна для здароўя ў любым узросце. Абавязкова трэба раніцай з’ядаць хаця б бутэрброд. У абед павінна быць гарачае харчаванне. У рацыёне неабходна мець таксама гародніну, фрукты. У якасці падсілку беларусу лепш аддаваць перавагу яблыку, чым банану, хоць і ад спажывання апошняга адмаўляцца не варта. Увогуле харчавацца трэба рэгулярна, каб не зарабіць гастрыт ці язву страўніка.

Аляксандра Мікалаеўна, г. Мядзел:

— Як трэба харчавацца пажылым людзям? Якім прадуктам аддаваць перавагу?

А. Сіськевіч: — Падчас старэння парушаецца абмен рэчываў і адбываюцца паступовыя змяненні ў стане органаў і сістэм арганізма чалавека. Аднак шляхам арганізацыі правільнага харчавання можна ўздзейнічаць на ход гэтых працэсаў. Важным прынцыпам рэжыму харчавання для пажылых людзей павінен з’яўляцца рэгулярны прыём ежы без працяглых прамежкаў, а таксама пераядання. Пажадана есці 4 разы на дзень. На ноч лепш ужываць кісламалочныя прадукты альбо сырую гародніну і фрукты. У аснове меню састарэлых асоб павінен ляжаць прынцып збалансавання паміж каларыйнасцю спажываемай ежы і фактычнымі энергазатратамі арганізма. З узростам зніжаюцца энергазатраты, змяншаецца фізічная актыўнасць, скарачаецца мышачная маса цела, што, урэшце, прыводзіць да змяншэння патрэбнасці ў харчовых рэчывах і энергіі. Рэкамендуемая каларыйнасць для жанчын старэй 60 гадоў — 1900-2000 кілакалорый, для мужчын гэтага ж узросту — 2000-3000 кілакалорый. Пажылым людзям трэба менш спажываць бялкоў. Важна захоўваць прапорцыю ў меню паміж жывёльнымі і расліннымі бялкамі 1:1. Перавагу аддаваць бялкам рыбы, малочных прадуктаў, абмежаваць спажыванне мяса і мясных прадуктаў. Лепш гатаваць стравы ў вараным выглядзе. Найбольш карысныя рачная рыба (судак, шчупак, карп), а з марскіх — траска. Колькасць тлушчаў павінна быць умеранай. Больш выкарыстоўваць пажадана алей. Сярод тлушчаў жывёльнага паходжання на першым месцы павінна быць сметанковае масла. Рэкамендуецца ўжываць не больш за 30-50 грамаў цукру і салодкасці. Перавагу неабходна аддаваць фруктам, ягадам і мёду, дзе цукар прадстаўлены ў асноўным фруктозай. Рэкамендуецца піць сокі, кампоты, адвар шыпшыны, слабы чай з малаком і лімонам. Мэтазгодна пазбягаць моцнай кавы і чаю. Перавагу трэба аддаваць стравам, якія лёгка засвойваюцца. Спецыі ўжываць непажадана. Мае значэнне і тэмпература ежы: яна не павінна быць моцна гарачай і вельмі халоднай.

Падрыхтавала да друку

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

Фота Георгія Прысмакова.