Пра Узброеныя Сілы, армейскія гульні і вернага сябра Дэкса расказвае кінолаг Аляксандр Рамбальскі

207

З АЛЯКСАНДРАМ Рамбальскім сустрэлася падчас яго чарговага адпачынку. У размове хлопец, які ў хуткім часе дэмабілізуецца з войска, сцвярджае, што служба ў арміі — пачэсны абавязак сапраўднага мужчыны.

Аляксандр родам з Гатавіч. Закончыў Мядзельскую сярэднюю школу №2, а летась — Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры. Яго спецыялізацыя — лыжныя гонкі.

— Яшчэ падчас работы прызыўной камісіі мне як спартсмену прапанавалі служыць у Кіналагічным цэнтры ў Калодзішчах, — кажа Аляксандр. — Калі даваў згоду, нават і не думаў, што мяне там чакае столькі цікавага. Адразу праходзілі курс маладога байца. Потым была прысяга — на вернасць Радзіме, нашаму беларускаму народу.

— Цяжка было прызвычаіцца да дысцыпліны?

— Асабіста мне было не складана. У спартсменаў таксама жыццё падпарадкавана дысцыпліне, строгаму выкананню рэжыму. Я ж з дзяцінства наведваў СДЮШАР раёна, дзе займаўся лыжамі. Перакананы на ўсе сто, што вучоба там дапамагла мне ў фізічным развіцці, стаць больш вынослівым. А яшчэ дала магчымасць пэўнага вопыту набрацца, які спатрэбіўся і падчас правядзення армейскіх гульняў. Таму ў перамозе нашай каманды бачу і заслугу свайго першага трэнера Анатоля Вайцехавіча Пачкоўскага. Дапамагалі нам, навічкам, камандзіры і ваеннаслужачыя са стажам. Адразу займаліся баявой і страявой падрыхтоўкай, са снежня — пачалі працаваць з сабакамі.

— Ці складана было працаваць з сабакам?

— Так. Я ж не ведаў азоў дрэсіроўкі. А яшчэ трэба было знайсці кантакт з сабакам. У яго ж свой характар, звычкі. Дэкс — бель­гійская аўчарка, вельмі разумная. Каб дзейнічаць у пары, трэба было добра пастарацца, каб сабака прыняў мяне, слухаўся. Але жаданне і цярпенне прынеслі плён. Усё пакрысе наладзілася, мы сталі разумець адзін аднаго нават з першага позірку. Пачаліся трэніроўкі да конкурсу кінолагаў “Верны сябар”, які традыцыйна праводзіцца ў ходзе Армейскіх міжнародных гульняў “АрМІ-2022”. Я трапіў у асноўны склад каманды. Адразу займаліся ў Беларусі. У канцы чэрвеня адправіліся на зборы ў Расію, а ў пачатку жніўня — ва Узбекістан. Мена­віта там з 15-га па 27-га жніўня і праходзіў конкурс кінолагаў “Верны сябар”.

 

 

— Як выступілі на спаборніцтвах?
У конкурсе кінолагаў удзельнічалі мужчынскія і жаночыя каманды з Узбекістана, Расійскай Федэрацыі, Дэмакратычнай Рэспублікі Алжыр і з Беларусі. Мы занялі трэцяе месца. Гэта высокі вынік. У нас сапернікі былі вельмі моцныя — каманды Расіі, Узбекістана. Там ваенныя кінолагі з адным сабакам займаюцца гадамі. А мы са сваімі аўчаркамі працавалі толькі некалькі месяцаў. Наша беларуская каманда пастаянна фарміруецца з ваенных кінолагаў тэрміновай службы, склад яе праз год-паўтара змяняецца. Скажу, што не зусім проста і нам, і нашым чатырохногім сябрам даваліся трэніроўкі, асабліва ва Узбекістане, дзе стаяла тады спякотнае на­двор’е. Аднак мы не здаваліся, пакрысе ўпарта ішлі да пастаўленай мэты. І дасягнулі яе за кароткі прамежак часу: годна выступілі на Армейскіх міжнародных гульнях “АрМІ-2022”.

— Што можаце яшчэ расказаць пра Армейскія міжнародныя гульні?

— Этапы спаборніцтваў былі розныя і вельмі насычаныя. І на кожным з іх павінны былі праявіць сябе і кінолаг, і сабака. Былі заданні, якія датычылі пераважна элементаў дрэсуры — “Паслухмянасць”, “Абаронная служба”. У ходзе іх сабака павінен дакладна выконваць дадзеныя яму каманды, прымаць удзел у затрыманні фігуранта, канваіраваць яго. Адным словам, слухацца кінолага, ва ўсім яму падпарадкоўвацца. Складанасць яшчэ ў тым, што трэба дзейнічаць з аўчаркай разам, заадно, дапаўняючы адзін аднаго, а гэта не заўсёды прадказальна. Напрыклад, падчас “Дог-біятлону” — індывідуальнай гонкі і эстафеты — давялося не толькі бегчы, трымаючы сабаку на павадку, а яшчэ страляць з вінтоўкі. На час знаходжання на агнявым рубяжы ён быў прызначаны сам сабе і, вядома, мог павесці сябе па-рознаму. Ды і на этапах таксама. Але нашы чатырохногія напарнікі не падвялі. Разам выдатна справіліся з заданнем.

— Як вас сустрэлі пасля спаборніцтваў саслужыўцы? Як успрынялі ўдалае выступленне родныя?

— Пасля вяртання ў Кіналагічны цэнтр усе віншавалі з трэцім месцам, шчыра радаваліся за нас. А мама, Надзея Эдвардаўна, калі патэлефанаваў, сказала: “Я вельмі ганаруся табой, сынок, і люблю цябе”.

— Ці проста быць кінолагам?

— Не зусім, але цікава. Прывыкаеш да сабакі, нясеш за яго адказнасць, корміш, даглядаеш. А ў нестандартных сітуацыях, як спаборніцтвы, ён увогуле становіцца неад’емнай часткай цябе самога. Мы ж напарнікі і дзейнічаем на роўных. Гэта вельмі важна. Не раз пераконваўся, што сабака — верны, адданы сябар, які не здрадзіць, не падвядзе.

— Хутка закончыцца служба ў арміі. Не шкада будзе развітвацца з чатырохногім напарнікам?

— Вядома, шкада будзе пакідаць Дэкса, якога горача палюбіў, з якім столькі разам пройдзена! Перакананы, што ён трапіць у на­дзейныя рукі. А дрэсуру, думаю, не закіну і пасля службы. Завяду шчанюка аўчаркі і буду з ім займацца, навучаць, трэніраваць.

— Ці дала табе што армія, як лічыш?

— Армія — сапраўдная школа жыцця. Бачыў, як на вачах хлопцы змяняліся, мужнелі. Дысцыпліна яшчэ нікому не пашкодзіла. Ваенная служба фарміруе характар, пачуццё калектывізму, вучыць быць адказным, больш сабраным, мэтанакіраваным. Спрадвеку мужчыны ахоўвалі Ра­дзіму, дом, сваіх блізкіх. Так было і заўсёды будзе.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.