Пра свой калектыў расказвае начальнік Мядзельскага аддзялення Дэпартамента аховы Аляксей Пруднікаў

674

АКУРАТ сёння, 29 кастрычніка, 70 год спаўняецца Дэпартаменту аховы Міністэрства ўнутраных спраў. З гэтай нагоды мой суразмоўца — начальнік Мядзельскага аддзялення Дэпартамента аховы маёр міліцыі Аляксей ПРУДНІКАЎ.

— Аляксей Анатольевіч, раскажыце: сённяшнія рэаліі службы істотна адрозніваюцца ад тых, што былі 70 год таму?
— Так, наша служба выйшла на якасна новы ўзровень. Цікава чытаць архіўныя матэрыялы, слухаць ветэранаў. Пра тое, як перамяшчаліся на матацыклах і зімой, і летам, як быў толькі адзін аўтамабіль… Не параўнаць! Сёння вельмі добрае аснашчэнне, высокі ўзровень падрыхтоўкі асабовага складу.
— Пра апошняе, калі ласка, падрабязней.
— Пастаянна праводзяцца заняткі. Доказ іх эфектыўнасці — вынікі праверачных мерапрыемстваў, іспытаў. Напрыклад, праходзілі праверку па відах службовай падрыхтоўкі — вынік адзін з найлепшых у вобласці. У падраздзяленні восем класных спецыялістаў. У тым ліку першага класа — я і памочнік камандзіра ўзвода Канстанцін Назаркін, другога — Павел Ніцынскі, трэцяга — Канстанцін Будкевіч, Дзмітрый Варабей, Дзмітрый Вотчыцаў, Аляксей Стрэльскі і Мікіта Яцына. Мядзельскія хлопцы пастаянна ўдзельнічаюць у зборных камандах вобласці на рэспубліканскіх спаборніцтвах. Напрыклад, Канстанцін Будкевіч удзельнічаў у спаборніцтвах па стральбе з табельнай зброі, Дзмітрый Вотчыцаў і Аляксей Стрэльскі другі год запар — у рэспубліканскім конкурсе прафмайстэрства. Летась Аляксей быў прызнаны лепшым маладым міліцыянерам рэспублікі, а сёлета яны занялі першае месца ў міліцэйскай эстафеце. Асабовы склад — людзі, з якімі прыемна працаваць, у якіх упэўнены. Калі ёсць патрэба, затрымліваюцца на працы, не шкадуюць уласнага часу. А між тым у кожнага сям’я: дзеці, жонка, бацькі… Толькі добрае магу сказаць і пра цывільны персанал. Людзі самых розных прафесій: былыя міліцыянеры, настаўнікі, нехта ў гандлі працаваў… І зараз кожны з іх на сваім месцы. Дзякуючы ўсім нашым супрацоўнікам паказчыкі службовай дзейнасці добрыя.
— Як вы самі прыйшлі ў Дэпартамент аховы?
— У ахове я з 2007 года. Тагачасны начальнік аддзялення Ігар Іосіфавіч Саковіч узяў мяне вартаўніком. Вартаўніком я працаваў тры гады, пакуль не закончыў завочна Акадэмію МУС. Потым быў накіраваны ў Вучэбны цэнтр, пасля якога прызначаны камандзірам узвода. Пяць год быў на гэтай пасадзе, а ў верасні 2015-га прызначаны начальнікам аддзялення.
— За гэты час, мабыць, добра вывучылі падначаленых. Можа, з нагоды юбілею службы назавяце лепшых з лепшых?
— Можна назваць кожнага: усе працуюць вельмі годна.
— Чаго пажадаеце сённяшнім супрацоўнікам аддзялення і ветэранам?
— Найперш — здароўя і сямейнага дабрабыту. Будуць яны — будзе і ўсё астатняе.
Гутарыла Наталля ЛІСІЦКАЯ.
Фота аўтара.