Пра гонар, вытрымку і ўсмешку лёсу разважае ветэран Дэпартамента аховы Пётр Аміраў

406

Пятра Амірава ў раёне ведаюць многія. Аматары эстраднай песні — найперш па выступленнях на сцэне. Нашы чытачы — па матэрыялах, у якіх мы расказвалі пра перамогі Пятра на конкурсах выканаўцаў. Але сёння размова не пра хобі. 28 год Пётр Аміраў адслужыў у сілавых структурах, у тым ліку з 1999 года да сёлетняга жніўня — у Мядзельскім аддзяленні Дэпартамента аховы.

— Пётр Уладзіміравіч, выходзіць, вы больш не міліцыянер?
— Абсалютна так: 11 жніўня звольнены ў запас. Але застаўся ў Дэпартаменце аховы ў якасці супрацоўніка вартавой службы.
— Што ў свой час прывяло вас у Дэпартамент аховы? З дзяцінства марылі?
— Не. Усе мужчыны ў маёй радні былі шафёрамі. Дзядуля ездзіў на “КамАЗе” ў далёкія камандзіроўкі, браў мяне, малога, з сабой. Так што я марыў быць дальнабойшчыкам. Але так склалася, што пасля заканчэння Свірскага СПТВ працаваў трактарыстам у сваткаўскім калгасе (накіраванне на вучобу даваў яшчэ Пётр Давыдавіч Чарняўскі). Гэта быў добры вопыт. З удзячнасцю ўзгадваю старшыню калгаса Мікалая Вараб’я, начальніка ўчастка Мікалая Занковіча, трактарыста Сяргея Аўрэйцавіча — я быў у яго напарнікам… Многіх можна пералічваць. Але часы для сельскай гаспадаркі тады былі няпростыя, даводзілася прастойваць па прычыне адсутнасці запчастак, на месяцы затрымліваўся заробак. Таму свой пераход у сілавыя структуры лічу проста ўсмешкай лёсу. Адслужыў сумленна, звольніўся ў запас у званні прапаршчыка. Служба наша цікавая, кожны дзень прыносіць нешта новае.
— Прыемна, што памятаеце людзей, з якімі працавалі ў калгасе. А пра каго з саслужыўцаў самыя цёплыя ўспаміны?
— Пра Алега і Уладзіміра Хіхічаў, Аляксандра Місюка, Казіміра Кліпу, Міхаіла Калбуна, Сяргея Пільвінскага, Юрыя Калбуна, Валерыя Грузда… Магу яшчэ доўга пералічваць. Удзячны і кіраўніцтву: Ігару Іосіфавічу Саковічу, Аляксею Анатольевічу Пруднікаву, Дзмітрыю Мікалаевічу Вараб’ю, Яўгену Мікалаевічу Сідаровічу.
— Ці параіце сённяшнім юнакам ісці на службу ў Дэпартамент аховы?
— Параю. Калі адчуваеце такое прызванне — ідзіце. І не бойцеся цяжкасцей! На любой працы сёння нялёгка: і механізатару, і прадаўцу. Насіць пагоны — вялікі гонар.

Гутарыла Наталля ЛІСІЦКАЯ.
Фота аўтара.

Поўнасцю матэрыял чытайце ў сённяшнім нумары газеты