Паўсюдна кіпела работа

146

dsc00023ЖЫХАРЫ азёрнага краю прынялі актыўны ўдзел у рэспубліканскім суботніку. У гэтым пераканаліся, наведаўшы шэраг арганізацый і ўстаноў раёна. Паўсюдна кіпела работа. Людзі наводзілі чысціню і парадак на замацаваных тэрыторыях, у парках і скверах. Многія працавалі непасрэдна на сваіх рабочых месцах.

— Нашы работнікі заняты сваімі службовымі абавязкамі, — расказвае начальнік цэха прыроднага і звадкаванага газу І. С. Новікаў. — Вадзіцелі і слесары рамантуюць замацаваную тэхніку. Шмат людзей працуе на добраўпарадкаванні тэрыторыі. Жанчыны вырашылі перакапаць клумбу і пасадзіць квет­кі. Няхай радуюць не толькі работнікаў цэха, але і кожнага, хто завітае да нас.

Шматлюдна было ў гэты дзень і на базе раёна электрычных сетак. Адны мялі, прыбіралі тэрыторыю, другія — фарбавалі замацаваную тэхніку, трэція — завіхаліся ў міні-садзе. Начальніка РЭСа І. С. Варановіча сустрэў у дыспетчарскай.

— Сёння ўсе работнікі РЭСа ў Свіры і ў Нарачы, у Крывічах і ў Мядзеле ў асноўным заняты на добраўпарадкаванні замацаваных тэрыторый, рамонце тэхнікі, — кажа Іосіф Сцяпанавіч. — А калі здарыцца якая-небудзь непрадбачаная сітуацыя, рамонтныя брыгады без прамаруджвання выедуць для ліквідацыі няспраўнасці.

— Хто найлепш працуе?

— Ды ўсе стараюцца. Ніхто не гуляе. Калі хочаце кагосьці сфатаграфаваць, то вунь тых людзей, — убачыўшы ў руках фотакамеру, адказаў начальнік РЭСа. — Гэта электраманцёр аператыўна выязной брыгады Юрый Іванавіч Трухановіч і вадзіцель Мар’ян Рудольфавіч Серафімовіч. Хлопцы працуюць без заўваг.

Дружна выйшлі на рэспубліканскі суботнік вучні Нарацкай сярэдняй школы №2. Яны аказвалі пасільную дапамогу Нацыянальнаму парку «Нарачанскі» ў ачыстцы курортных лясоў ад смецця.

— Гэта справа для дзяцей звыклая. Два разы на год яны прыбіраюць раскіданае ў лесе смецце. Хочацца, карыстаючыся выпадкам, звярнуцца да жыхароў курортнага пасёлка Нарач, каб бытавыя адыходы выносілі ў спецыяльна ўстаноўленыя кантэйнеры, а не ў лес. Няўжо прыемна бачыць пад елачкай ці сасонкай кучу шкляных і пластыкавых бутэлек, іншы бруд, — кажа класны кіраўнік 9 класа Ганна Міхайлаўна Місуна. — Разам з намі працуе спецыяліст Нацыянальнага парку Ірына Іо­сіфаўна Дзевялтоўская.

Вучні 10 «Б» класа з класным кіраўніком Генадзіем Анатольевічам Канцавым прыбіралі тэрыторыю каля аўтобуснага прыпынку «Аэрапорт». Яны збіралі смецце, зграбалі мінулагоднюю траву. Ніхто не ленаваўся. Панавала дружная і вясёлая атмасфера. Чуліся жарты, смех.

Завіхаліся на сваёй тэрыторыі работнікі санаторыя «Нарач» на чале з галоўным урачом В. А. Паршута.

— Ці многа людзей працуе на суботніку? — цікаўлюся ў Валянціны Антонаўны.

— 109 чалавек. Гэта тыя, у каго сёння павінен быць выхадны. Зразумела, медработнікі працуюць у звычайным рытме. Яны аказваюць адпачываючым неабходныя працэдуры. Работнікі сталовай таксама выконваюць свае прафесійныя абавязкі. Астатнія ж працуюць на тэрыторыі. Хто фарбуе бардзюры, хто абразае дрэвы ў садзе, хто з венікам, хто з граблямі, хто з рыдлёўкай. Справа знайшлася кожнаму, — чую ў адказ. — А ў выніку агульнымі намаганнямі навядзём парадак…

Пад’язджаем да прыватнага сэрвіснага ўнітарнага прадпрыемства «Турыстычны комплекс «Нарач». Здалёку заўважылі людзей, якія прыбіралі тэрыторыю. Намеснік дырэктара па адміністрацыйна-гаспадарчай частцы і будаўніцтву Павел Іванавіч Валадзько патлумачыў:

— На суботніку тут працуе 68 чалавек. Людзі заняты на добраўпарадкаванні тэрыторыі і на ўборцы кабінетаў у медыцынскім ад­дзяленні, якое ўзводзіцца. Фар­буем лаўкі, сметніцы. Словам, рыхтуемся да сезона адпачынку, да прыёму гасцей. Хапае клопатаў і работ­ні­-
кам філіялаў «Гасцініца «Швакшты» і «Аздараўленчы цэнтр «Нарачанка», якія таксама працуюць на сваіх тэрыторыях.

Старшыня Занарацкага сельвыканкама Ула­дзімір Іванавіч Зелянкевіч, якога сустрэлі ў цэнтры аграгарадка Занарач, расказаў, што добраўпарадкаваннем населеных пунктаў займаюцца не першы дзень.

— На могілках у вёсцы Пронькі навялі санітарны парадак, ачысці­лі кантэйнеры ад смецця, спі­лавалі старыя дрэвы. Па­працавалі на могілках у вёсках Карабаны, Сідаравічы. А сёння арганізавалі ачыстку могілак у Занарачы. Адначасова прыбіраем цэнтральную плошчу, пагля­дзім дарожку да возера. Дзе ёсць смецце — прыбяром яго.

— Хто працуе?

— Работнікі сель­выканкама, культуры і іншых арганізацый і ўстаноў, якія ёсць у нас.

А вось для хлебаробаў ААТ «Занарацкі» субота была звычайным працоўным днём. Усе іх намаганні былі накіраваны на паспяховае правядзенне пасяўной кампаніі.

— Механіза­тары сёння працуюць на падкормцы азімых культур, унясен­ні арганікі, падрыхтоўцы глебы, сяўбе яравых, — расказвае дырэктар таварыства П. У. Каўрус. — Што датычыць жывёлаводаў, то, акрамя звычайных абавязкаў па доглядзе за жывёлай, яны прыбіраюць тэрыторыі каля ферм.

— Дзе сееце яравыя культуры?

— Ва ўрочышчы «Жарсцвянка». Там стараннем і руплівасцю вызначаецца сейбіт Аляксандр Мікалаевіч Шчамель. Дзённыя заданні ён заўсёды выконвае.

Сустрэлі Аляксандра Мікалаевіча на палетку непадалёку ад вёскі Занарач. Убачыўшы незнаёмых людзей, ён спыніў трактар і вылез з кабіны.

— Як працуецца? — цікаўлюся.

— Добра. Тэхніка не падводзіць. Праўда, гразкавата крыху. Але пакуль падсохне, чакаць не даво­дзіцца. Няма праблем і з дастаўкай пасяўнога матэрыялу. Гэта справа даручана Аляксандру Ці­ханавічу Ярмольчыку, — адказвае А. М. Шчамель.

— Бачу, што тут яшчэ тэхніка працуе. Хто ёй кіруе? — пытаюся ў хлебароба.

— На ўнясенні мінеральных угнаенняў заняты Пётр Уладзіміравіч Кезік. А падвозіць на поле тукі на аўтамабілі «МАЗ» Іван Валер’евіч Іватовіч. Мікалай Іванавіч Міхнееў кіруе энергетычнай універсальнай малагабарытнай устаноўкай «Раса». Ён уносіць «КАС». Словам, пасяўная праходзіць арганізавана, — адказвае Аляксандр Мікалаевіч.

Старэйшына вёскі Брусы Вік­торыя Гвідонаўна Клямяціч арга­нізавала ў дзень суботніка вяскоўцаў на добраўпарадкаванне могілак.dsc00024

— Не чакала, што так дружна выйдуць на суботнік, — кажа Вікторыя Гвідонаўна. — Плённа працуюць Галіна Уладзіміраўна Балаховіч, Іван Браніслававіч Багуцкі, Алёна Аляксандраўна Шкадун, Наталля Альфрэдаўна Багуцкая і іншыя.

Не засталіся без справы ў гэты дзень і работнікі Мядзельскага лясніцтва, якіх сустрэлі ва ўрочышчы «Бароўка». Майстар лесу Уладзімір Аляксеевіч Каржоў патлумачыў, што сёння перад імі была пастаўлена задача па ачыстцы прыдарожнай лясной паласы.

— З ёй справіліся паспяхова. Плённа папрацавалі леснікі Аляксандр Сяргеевіч Жыхар, Алег Мечыслававіч Бародзіч, Іван Вітольдавіч Алянцей, Дзмітрый Уладзіміравіч Гірвель, Уладзімір Васільевіч Кавалёнак. Дзякуй хлопцам за старанне і руплівасць, — зазначыў У. А. Каржоў.

Куды б не наведваліся, паўсюдна панаваў працоўны настрой. Людзі з адказнасцю і разуменнем аднес­ліся да рэспубліканскага суботніка і правялі яго дружна і вынікова.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.

На здымках: 1. Леснікі Мядзельскага лясніцтва А. С. Жыхар,  А. М. Бародзіч, І. В. Алянцей, Д. У. Гір­вель, У. В. Кавалёнак і майстар лесу
У. А. Каржоў; 2. На добраўпарадкаванні могілак у вёсцы Брусы заняты І. Б. Багуцкі, Г. У. Балахо­віч, А. А. Шкадун, М. А. Багуцкая, В. Г. Клямяціч і юная памочніца Сафія Губская.

Фота аўтара.