Патрэбен бацькоўскі кантроль

142

Патрэбен бацькоўскі кантрольЛЕТА — шчаслівая пара, і тут такое… Дзве стрыечныя сястры, вучаніцы 5 і 6 класаў гомельскіх школ, якія адпачывалі ў бабулі ў вёсцы Рудня-Марымонава Гомельскага раёна, гулялі ў кар’еры за вёскай (капалі пячоры), грунт абваліўся, абедзве загінулі…

Падчас канікулаў усе заклікаюць вывозіць дзяцей з мегаполісаў, каб яны маглі не толькі аздаравіцца, але і быць далей ад гарадскога жыцця. Аднак, як бачым, няшчасце можа напаткаць дзе заўгодна. Дзеці гінуць на вадаёмах, дома, калі застаюцца адны, пад коламі транспарта. Па аператыўных даных МНС і МУС, у рэспубліцы з пачатку года патанулі 24 дзіцяці, загінула на пажарах — 16, у ДТЗ — 10. І як паказвае практыка, да 70% — па недаглядзе дарослых.

— Улічваючы дэмаграфічнае становішча ў краіне, калі кожнае дзіця на вагу золата, такое недаравальна, — кажа на гэты конт намеснік начальніка ГУАПП МГБ МУС Валерый Мялешка. — А сітуацыі сапраўды ўзнікаюць розныя. Напрыклад, у Івацэвіцкім раёне ў адной з вёсак хлопчык, валяючыся з дрэва, павесіўся на шпагаце вяровачных арэляў.

Па словах падпалкоўніка, матулі і таты таксама павінны разумець, што дзеці капіруюць паводзіны дарослых, у тым ліку і небяспечныя. Бацькі проста абавязаны праводзіць з імі бяседы, кантраляваць іх дзеянні. Але ніяк не станавіцца ініцыятарамі няправільных учынкаў.

Многія не раз назіралі карціну, калі дарослыя перабягаюць дарогу ў неўстаноўленым месцы прама перад носам машыны… і цягнуць за сабой малога. У Шаркаўшчынскім раёне бабуля праз дарогу пераводзіла чатырохгадовую ўнучку. Дзіця загінула, жанчына траўміравана. У гэтым жа раёне шматдзетная матуля пакінула дзяцей адных дома, дзе цеплілася печка. Двое малых згарэлі. У мінулым годзе маці-даярка ўзяла з сабой на ферму 1,5-гадовае дзіця. Пакуль працавала, малое ўпала ў гнаясховішча і захліб¬нулася. У Радашковічах выхаванец дома-інтэрната патануў падчас ціхага часу. Дзеці самавольна пайшлі купацца. А педагогі ж ведаюць, куды іх цягне, а значыць, трэба за імі сачыць.

Для папярэджання падобных трагедый МУС праводзіць адпаведную работу. Распрацаваны міліцэйская і міжведамасная праграмы “Клопат”. Прафілактычныя ролікі круцяць па радыё і тэлебачанні. Супрацоўнікі міліцыі сумесна з прадстаўнікамі таварыства выратавання на водах, МНС і іншых зацікаўленых структур выступаюць у школах перад дзецьмі, у працоўных калектывах перад бацькамі, на педагагічных канферэнцыях… Аднак ніхто і нішто не заменіць бацькоўскі кантроль.

А. СТРЫГАЛЁЎ.