Памятаць і ганарыцца

163

Памятаць і ганарыццаКАБ цаніць жыццё, берагчы мір на планеце, патрэбна ўсё ведаць пра вайну. Бо менавіта яна прыносіць людзям пакуты, гора, слёзы і боль. Толькі высвятленне адносін з дапамогай сілы і агрэсіі прыводзіць да трагедый, якіх магло б і не быць.

Маё пакаленне, а таксама нашы дзеці, унукі выраслі ў мірны час. Мы ведаем пра вайну толькі з кніг, кінафільмаў і расказаў ветэранаў, іншых відавочцаў тых далёкіх падзей. Нагадваюць аб ёй таксама помнікі, абеліскі, мемарыялы, узведзеныя на месцах баявых дзеянняў, воінскіх пахаванняў, расстрэлу мірных грамадзян. Беларусь страціла ў гады Вялікай Айчыннай вайны каля 3 мільёнаў жыхароў. 1195 мядзяльчан таксама не вярнуліся з палёў бітваў, 466 чалавек прапалі без вестак. Кроў стыне ў жылах, калі чуеш пра жудасныя расправы ворагаў над мірнымі жыхарамі. Трагедыю Хатыні паўтарылі Брусы, дзе зажыва згарэў у агні 41 чалавек, пераважна старыя і дзеці, а лёс Брусоў — Новікі і Шкальнікова… Многія ціхія хутары і вёскі сталі папялішчамі. Былі разбураны жылыя дамы, школы, клубы, зруйнаваны ўстановы аховы здароўя… Некаторыя людзі і цяпер шукаюць адзін аднаго, чакаюць дадому з той далёкай вайны.Вярэдзяць душу франтавікоў і партызан успаміны. Не даюць спаць па начах. Нагадваюць пра суровыя гады ліхалецця смерць і кроў, якая пралівалася за светлае заўтра, за смех дзятвы і простае чалавечае шчасце. Наш народ перамог ненавісных ворагаў у Вялікую Айчынную вайну, загнаў фашыстаў у іх жа логава, адстаяў свабоду і незалежнасць дзяржавы. Свята Вялікай Перамогі, якое мы сёлета адзначалі ўжо ў 68-ы раз, абавязвае нас аддаць удзячнасць і пашану мужным вызваліцелям: хто змагаўся з захопнікамі на фронце, у партызанскіх атрадах і падполлі, хто каваў зброю, вырошчваў хлеб, даглядаў параненых у імя шчаслівага жыцця будучых пакаленняў, у тым ліку нас, нашых дзяцей і ўнукаў. Велічнасць подзвігу дзядоў і бацькоў усведамляецца яшчэ больш, калі чуем, як неспакойна на Бліжнім Усходзе, колькі там гіне ні ў чым невінаватых людзей. Якія жудасныя наступствы і, найперш, чалавечыя ахвяры прыносяць тэракты… І разам з тым радуемся, што кіраўніцтва нашай краіны выступае супраць войнаў і вырашэння спрэчных пытанняў шляхам зброі і насілля, праводзіць мэтанакіраваную палітыку дзеля міру і спакою ў свеце.

…Так, ужо даўно беластволымі бярозкамі, зялёнымі соснамі і елкамі, мохам і духмяным верасам пазарасталі партызанскія акопы. Не чуваць свісту куль і разрываў снарадаў, стогнаў параненых… Аднак рэха мінулай вайны па-ранейшаму хвалюе памяць. Ды і як жа інакш, калі побач з намі жывуць ўдзельнікі і дзеці вайны, салдацкія ўдовы, вязні канцлагераў і гета. Мы ўшаноўваем іх у свята Перамогі і ў Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, запрашаем на сустрэчы і розныя мерапрыемствы, каб аддаць даніну павагі, падзякаваць за мірнае, шчаслівае жыццё. Бо менавіта ім мы абавязаны тым, што над нашай краінай штодзень узыходзіць сонца, якое сагравае ўсіх — і людзей, і жывёл, і зямлю сваімі светлымі, цёплымі промнямі. У нашых марах цудоўная будучыня, шчаслівыя лёсы дзяцей, унукаў, радасць і надзея. Дык няхай і надалей у сэрцах і душах жыхароў незалежнай, суверэннай дзяржавы гарыць полымя Памяці. Як знак бязмернай удзячнасці за мірнае неба над галавой, бесклапотны смех дзяцей, плённую і стваральную працу ў імя росквіту краіны пад белымі крыламі — Беларусі, якую любім, якой па праву ганарымся.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.