Падарункі — сваімі рукамі

168

Падарункі — сваімі рукаміШМАТЛЮДНА было напярэдадні Дня маці ў цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Мядзельскага раёна, які наведваюць хлопчыкі і дзяўчынкі з парушэннямі фізічнага і псіхічнага развіцця. Акрамя матуль, прыйшлі на свята і госці — благачынны цэркваў Мядзельскай акругі, протаіерэй Ігар Шалуха, прадстаўнікі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”, намеснік старшыні раённай камісіі па справах непаўналетніх В. Д. Дубяга.

Першым павіншаваў прысутных айцец Ігар. Пажадаў матулям моцнага здароўя, вытрымкі, каб іх заўсёды радавалі дзеці. Словы ўдзячнасці выказала ў іх адрас і старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” Ганна Мікалаеўна Падгол — за іх мужнасць, сілу і стойкасць. Яна ж уручыла падарункі, якія спатрэбяцца наведвальнікам цэнтра падчас заняткаў для душы і рук.

Падарункі — сваімі рукаміХлопчыкі і дзяўчынкі пад кіраўніцтвам работнікаў цэнтра падрыхтавалі для любімых матуль і гасцей невялікі канцэрт. Яны чыталі вершы, танцавалі, уручылі матулям прыгожыя букецікі, складзеныя з асенніх кветак і кляновых лісточкаў. Думаю, яны сагрэлі іх сэрцы ў гэты перадсвяточны дзень, дапамаглі адчуць, што іх дзеці, хоць і асаблівыя, але здольныя і таленавітыя. І, вядома, сумесна з работнікамі ўстановы змаглі парадавацца іх поспехам. Быў арганізаваны для наведвальнікаў цэнтра і салодкі стол.

Цікава прайшло свята і ў Мядзельскім раённым сацыяльна-педагагічным цэнтры, дзе знаходзіццаПадарункі — сваімі рукамі зараз 5 дзетак. На ўрачыстасць былі запрошаны хлопчыкі і дзяўчынкі, якія не так даўно пакінулі сцены ўстановы, а таксама мамы і таты выхаванцаў, бабулі і дзядулі. Адкрыла мерапрыемства дырэктар СПЦ Таццяна Аляксандраўна Юрская, якая прадставіла шматлікіх гасцей. Былі паказаны відэаролікі, прысвечаныя матулям, гучалі ў іх адрас пранікнёныя вершаваныя і празаічныя радкі. Дзеці чыталі вершы, спявалі, пазнавалі матуль па руках, а тыя сваіх дзяцей — па голасу.

Падарункі — сваімі рукаміМяне вельмі кранула за жывое выступленне айца Ігара, які пранікнёна гаварыў пра высокае прызначэнне жанчыны — быць маці, пра яе самаахвярнасць у імя дзіцяці. А таксама пра тое, што прыкладам для нас усіх з’яўляецца Багародзіца, якая нарадзіла Хрыста і ахвяравала яго для выратавання чалавецтва. А значыць, яна — сапраўдны ідэал маці. Па меркаванні святара, няма матуль, якія не любяць дзяцей. Проста часта чалавечая слабасць, цяга да спіртнога, эгаізм не дазваляюць бацькам выконваць належным чынам свае абавязкі, жыць для іншых, што, урэшце, параджае гора і слёзы, перашкаджае ўсім быць шчаслівымі. Важна маліцца, прасіць Бога аб дапамозе. А закончыў айцец Ігар сваю прамову радкамі песні з мультфільма пра маманцяня, дзе гаворыцца: “Не бывае на свеце, каб былі згублены дзеці”. Як хочацца, каб мамы атулялі любоўю і пяшчотай сваіх родных крывінак, былі побач з імі ў радасці і бядзе, каб было як мага менш дзяцей-сірот пры жывых бацьках.

Матуль чакалі на свяце сюрпрызы — іх партрэты, якія намалявалі хлопчыкі і дзяўчынкі. Былі для ўсіх прысутных жанчын і падарункі, зробленыя дзіцячымі рукамі — сэрцайкі з віншаванкамі.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

На здымку: падчас канцэрта ў сацыяльна-педагагічным цэнтры.

Фота Георгія Прысмакова.