… Паглядзіце на гэты вялікі, амаль на пяць кілаграмаў, торт. Ён у форме футбольнага стадыёна з мячом — значыць, для таго, каб парадаваць юнага аматара спорту. Што торт створаны не проста да дня нараджэння, а прызначаецца да асаблівай падзеі, разумееш па надпісе: «З вяртаннем дадому». Такі салодкі сюрпрыз чакаў Рому Кагадоўскага — 12-цігадовага хлопчыка, які вынес з агню маленькага браціка і на днях вярнуўся дахаты пасля лячэння даўжынёй у паўгода.
— Спадабаўся Роме сюрпрыз? — пытаю ў мамы юнага героя Марыі Стадольнік.
— Так, вельмі задаволены быў, не чакаў, што такі прыгожы будзе торт. Сказаў, што выглядае, як сапраўдны мяч. Рома ў нас спортам захапляецца — дзе якія спаборніцтвы былі, паўсюдна ўдзельнічаў. Нават сярод лепшых спартсменаў школы яго фатаграфія ёсць. Таму і вырашылі такі сюрпрыз сыну зрабіць.
А дома ў Занарачы Рому з нецярпеннем чакалі родныя і брацікі — Ваня, якому хутка два гады споўніцца, і першакласнік Міша.
— Што Рома найперш зрабіў, як вярнуся дадому?
— Канешне, пайшоў з усімі абдымацца: з брацікамі, бабуляй. Дзеці, вядома, шчаслівыя былі. І цяпер гуляюць разам — радасныя!
***
У памяць запалі словы загадчыцы аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Мінска Ларысы Залатухінай: «Разумееце, калі глядзіць уся краіна, калі мама хлопчыка, нягледзячы на ўсе нашы сумненні — мы казалі, што прагноз няпэўны, мы не ведаем, як будзе, чым скончыцца — яна заўжды ў нас верыла. І вось гэтай веры, вядома, трэба было адпавядаць».
— А што Вам давала сілы верыць, што Рома паправіцца? — задаю пытанне Марыі Стадольнік.
— Нават не ведаю, што адказаць… Мне толькі заставалася верыць у лепшае, што ўсё будзе добра. А з урачамі вельмі добра кантактавалі: ўсё так зладжана было, я ў іх была як у сябе дома.
— Пра Рому медыкі кажуць, што ён малайчына, баец…
— Так. Ён па жыцці такі моцны.
Мама хлопчыка расказвае, што сын заўсёды быў самастойным, асаблівых праблем ніколі з ім не ўзнікала. А пасля ўсіх гэтых цяжкіх месяцаў ён вельмі пасталеў:
— І мысленне стала іншае, можна сказаць, як у дарослага чалавека.
***
Зараз Рома радуецца, што нарэшце дома. Чытае, гуляе з брацікамі, перазвоньваецца з аднакласнікамі, выходзіць свежым паветрам падыхаць. Ды і ў камп’ютары пасядзіць — кліпы ў TikTok стварае, у гульні пагуляе (куды ж сучаснаму падлетку без гэтага!).
Рома хацеў бы пайсці сам у школу, але пакуль будзе вучыцца дома — дыстанцыйна з мясцовымі настаўнікамі. У верасні ён у апёкавым цэнтры займаўся па розных прадметах — на планшэт былі запампаваны падручнікі, да яго прыходзіў педагог.
— Гаварыў сын, што хіміка, фізіка спадабаліся, — дзеліцца мама. — А любімы ўрок у яго заўсёды быў фізкультура. Ён і выхаднымі прападаў у школе: як толькі субота, туды ляціць, спортам займацца.
***
Не шкадуе Марыя Стадольнік добрых слоў людзям:
— ВЯЛІКІ-ВЯЛІКІ ДЗЯКУЙ ХАЧУ СКАЗАЦЬ УСІМ, ХТО ПЕРАЖЫВАЎ ЗА РОМУ, ВЕРЫЎ У ЛЕПШАЕ, ПАДТРЫМЛІВАЎ. ДАПАМАГАЛІ СВАЯКІ, ЗНАЁМЫЯ, ЗЕМЛЯКІ ДЫ ЛЮДЗІ З УСЁЙ БЕЛАРУСІ. АСАБЛІВАЯ ПАДЗЯКА — УРАЧАМ, ІХ ЗАСЛУГА, ШТО РОМА З НАМІ.
Падтрымка сапраўды была агромністая. Уявіце, што па сотні лістоў за дзень хлопчыку ў бальніцу прыходзіла, а яшчэ пасылкі з цацкамі ды цукеркамі. Стараліся ўлічыць яго захапленні — успамінае Марыя, як настаўнік Занарацкай школы Аляксандр Жыхар на першае верасня праз брата Мішу перадаў Рому валейбольны мяч, кнігу пра спорт.
***
У аўторак Раман Кагадоўскі зноў паехаў у Мінск, але для прыемнай падзеі — каб з рук Аляксандра Лукашэнкі атрымаць ордэн «За асабістую мужнасць». Вельмі рэдка і дарослым яго уручаюць — а тут сямікласнік. Рома стаў самым маладым кавалерам ордэна.
— Вельмі добрыя ўражанні засталіся, — дзеліцца Марыя Стадольнік. — Нас там хораша прынялі. Для нас і медыкаў, якія лячылі сына, правялі экскурсію па Палацы Незалежнасці — усё там прыгожа. Нават у рабочым кабінеце пабывалі: Прэзідэнт казаў, што мы першыя, хто прыйшоў сюды на экскурсію. І Рома гаварыў, што тут вельмі прыгожа.
А яшчэ хлопчык не прамінуў падзякаваць медыкам: «Калі б не яны — мяне б тут не было»…
***
Пакуль Рома будзе аднаўляцца дома. А наперадзе ў яго яшчэ няпросты і працяглы працэс рэабілітацыі.
У сям’і ў планах будаваць дом у Занарачы — зараз жывуць у арэндным катэджы. Для гэтага атрымалі ўчастак, ды льготны крэдыт на будаўніцтва выдзелены. Так што, спадзяюцца ў наступным годзе адзначыць наваселле.
Аляксандр ВЫСОЦКІ.
На здымку: Марыя Стадольнік і Рома ў Палацы Незалежнасці.
Фота БЕЛТА і з сямейнага архіва
Наша даведка
Пажар у вёсцы Сідаравічы Занарацкага сельсавета здарыўся 28 красавіка. З агню Рома Кагадоўскі на руках вынес маленькага брата і адразу ж страціў прытомнасць. Акрамя цяжкіх апёкаў, на яго твары і руках былі парэзы ад разбітага шкла. Назаўтра на верталёце падлетка транспартавалі з Мядзельскай ЦРБ у Рэспубліканскі апёкавы цэнтр бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Мінска. Далей былі доўгія і цяжкія месяцы ў рэанімацыі, 22 аперацыі, некаторыя з іх доўжыліся больш за 4 гадзіны — Рому лячылі лепшыя медыкі краіны розных профіляў.
Больш на гэту тэму — у суботнім нумары «Нарачанскай зары»