«Не хачу сядзець на печы!…»

280

resize-of-pb040098Такіх людзей, як Аліна Яўгенаўна Хацяновіч, знайсці часам бывае праблематычна: яна ніколі не сядзіць на месцы. Ды, зрэшты, палайдачыць і прафесія не дазваляе: паштальёна клічуць вясковыя дарогі і дзесяткі адрасатаў-падпісчыкаў. Дзевятнаццацігадовай дзяўчынай Аліна Яўгенаўна прыйшла на Старагабскую пошту, ды так і засталася тут ужо больш чым на сорак год. «Напачатку цяжка было, вельмі цяжка, але не прагнулася — сорамна было б, — разважае жанчына. — А сёння развітацца з прафесіяй не дазваляе звычка. Муж даўно папракае, каб садзілася на печ, а я не хачу і не буду!».

У пачатку месяца А. Я. Хацяновіч споўнілася шэсцьдзесят. Шлях пройдзены немалы: крутых жыццёвых паваротаў і выхабістых сцяжынак не пералічыць. У апошнія гады нязменным застаецца толькі адзін маршрут: Старыя Габы — Баяры — Навасёлкі. Гэтую дарогу Аліна Яўгенаўна ведае лепш, чым лініі ўласнай далоні, а пра кожнага жыхара названых населеных пунктаў можа расказаць больш, як пра сябе. «Каб узяўся лічыць пройдзеныя па мясцовасці кіламетры — збіўся б на першай тысячы», — усміхаецца паштальён. Праўда, сёння ў Навасёлках і Баярах А. Я. Хацяновіч толькі выплачвае пенсію і афармляе падпіску: перыядычныя выданні дастаўляе аўтапошта. Затое ў Габах паштовыя скрыні не мінае. Гэтак жа як не праходзіць міма адчыненых дзвярэй вяскоўцаў: з задавальненнем прапаноўвае тавар паўся­дзённага попыту. «Рэклама — вялізная сіла! — зазначае Аліна Яўгенаўна. — Калі будзеш маўчаць, сціпла хаваць сумку з рэчамі за парогам — ніхто нічога і не купіць: проста не дадумаецца».

Узгадала А. Я. Хацяновіч і былыя часы. У прыватнасці, успомніла мітусню перадкалядных і пераднавагодніх дзён. Віншавальныя паштоўкі не змяшчаліся ў сумку: людзі выстройваліся за імі ў чэргі і высылалі на дзесяткі адрасоў. «Але сумка плячо не му­ліла, бо была перапоўнена цяплом шчырых, пранікнёных радкоў», — настальгічна ўздыхнула паштальён.

— …А ўвогуле, ведаеце, чаму яшчэ ў працоўнай шарэнзе? Чаму ў павазе сярод людзей?  — завяршыла суразмоўца. — Я ніколі не прыходжу на работу сумнай, заклапочанай: дрэнны настрой заўсёды пакідаю дома…

І па ўсім бачна, на той самай печы.

Юлія ДЗЕВЯЛТОЎСКАЯ.