Не быць раўнадушнымі

124

Не быць раўнадушныміУ МІНУЛЫ аўторак у ГДК адбылося раённае мерапрыемства з нагоды Дня інвалідаў Рэспублікі Беларусь. Сабраліся на яго людзі з абмежаванымі магчымасцямі з розных куткоў Мядзельшчыны, каб сустрэцца разам, узняць хвалюючыя пытанні, змястоўна і цікава правесці вольны час.

У фае будынка ўстановы культуры наладзілі выставу пад назвай “Творым для вас”. На ёй былі прадстаўлены работы наведвальнікаў аддзялення дзённага прабывання для інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Адразу выступіў яго дырэктар Мікалай Маркевіч. Мікалай Іванавіч расказаў пра работу, якая праводзіцца ў раёне па сацыяльнай абароне інвалідаў. Ён таксама акрэсліў задачы, над вырашэннем якіх давядзецца працаваць у бліжэйшы час. Пажадаў усім здароўя, дабрабыту, выдатнага настрою і ўсяго самага найлепшага ў жыцці.На мерапрыемства былі запрошаны прадстаўнікі райвыканкама, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, цэха прыроднага і звадкаванага газу, райпалівазабеспячэння, камунальнай гаспадаркі, энергазбыту, райПО, ДАІ, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, цэнтральнай раённай бальніцы. Усе жадаючыя змаглі задаць ім хвалюючыя пытанні. Найбольш іх было, дарэчы, у адрас ЖКГ. Цікавіліся прысутныя наконт добраўпарадкавання дваровых тэрыторый ля асобных шматкватэрных дамоў, калі будзе арганізавана дзейсная работа па адлове бадзялых сабак, якіх нямала развялося ў населеных пунктах азёрнага краю, размеркаваннем пуцёвак на санаторна-курортнае лячэнне… На большасць пытанняў былі адразу ж дадзены адказы, а тыя, што патрабуюць вывучэння, узяты на заметку. А старшы інспектар дарожна-патрульнай службы аддзялення ДАІ РАУС Андрэй Купрэвіч не толькі засяродзіў увагу людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі на неабходнасці строгага выканання правілаў дарожнага руху, але і ўручыў усім флікеры. Яны цяпер, калі на вуліцы рана цямнее, вельмі патрэбныя і пешаходам, і веласіпедыстам.

Затым адбылася канцэртная праграма. Хораша спявалі ўдзельнікі дзіцячай студыі “Дамісолька”. Бурнымі авацыямі сустрэла публіка выступленне юных салістак Машы Жыхар і Вікторыі Гурыновіч. Спадабаліся ўсім абаяльныя і артыстычныя Таццяна Іванова і Марына Чарняўская. Шквал апладысментаў выпаў на долю добра вядомага ў раёне калектыву — клуба аматараў песні “Верасень”, які не так даўно атрымаў найменне “народны”. Выдатна прачытала са сцэны вершы Анфіса Дуліна. Яна ж выканала таксама песню пра брыгадзіра.

А напярэдадні ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама сумесна з тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва правяло “прамую лінію”, прысвечаную праблемам інвалідаў. За кансультацыяй звярнулася 6 грамадзян. Яны ўсе атрымалі адказы на ўзнятыя пытанні.

На мерапрыемстве прысутнічалі старшыні раённых таварыстваў інвалідаў па зроку і па агульных захворваннях Надзея Балобан і Іван Дашчынскі. Яны выказалі словы ўдзячнасці ў адрас кіраўніцтва раёна, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і асабіста загадчыка сектара матэрыяльна-бытавога забеспячэння і гендэрных праблем упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Таццяны Грышчук за пастаянную падтрымку людзей з абмежаванымі магчымасцямі і клопат пра іх.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.