Новую аўтацыстэрну атрымаў райаддзел па надзвычайных сітуацыях

559

Сертыфікат і ключы ад новай аўтацыстэрны на базе шасі аўтамабіля “МАЗ” старшыня аблвыканкама Аляксандр Турчын уручыў начальніку нашага райаддзела па надзвычайных сітуацыях падпалкоўніку ўнутранай службы Андрэю Каркоцкаму падчас калегіі Мінскага абласнога ўпраўлення МНС у Барысаве.

Новая аўтацыстэрна МАЗ АЦ 5.0-40 (5434) значна спросціць выратавальнікам Мядзела вядзенне баявой работы пры надзвычайных сітуацыях. Аўтамабіль здаецца грувасткім і непаваротлівым. Але гэта зусім не так. Практыка паказвае, што аўтацыстэрна добра зарэкамендавала сябе пры эксплуатацыі ў гарадскіх умовах, асабліва ў загрувашчаных транспартам дварах. Высокая пасадка вадзіцеля дазваляе павялічыць сектар агляду, што, без сумнення, вельмі важна ў сціснутых дарожных умовах пры абмежаванай бачнасці.

Дызельны матор магутнасцю 268 конскіх сіл здольны разганяць аўтацыстэрну да 120 кіламетраў у гадзіну, што скарачае час прыбыцця выратавальнікаў да месца надзвычайнага здарэння. Вядома, што іншы раз для выратавання чалавечага жыцця дарагая кожная хвіліна. Немалаважным з’яўляецца запас рэчываў для тушэння агню. Адна аўтацыстэрна прывозіць пяць тон вады. Гэта прыкладна дзве аўтацыстэрны на базе аўтамабіля “ЗіЛ”.

Прыемным момантам у рабоце ва­дзіцеля стане падача і забор вады з адкрытых крыніц. Дастаткова толькі клавішай на панэлі кіравання пажарнай помпай актывізаваць патрэбную праграму. Немалы клірэнс і поўнапрывадная колавая база з’яўляюцца добрай падмогай пры ру­ху ў сельскай мясцовасці, лясных і палявых угоддзях. Гэта істотна спрос­­ціць задачу тушэння лясных пажараў і сухой расліннасці на палях. На аўтацыстэрне ёсць лябёдка, так неабходная тым, хто трапіў у снежны палон у выпадку заносу ці забуксаваў у гразі. Можна смела сказаць, што новая тэхніка стане незаменнай памочніцай выратавальнікаў Мядзельшчыны. Застаецца дадаць, што замацавана аўтацыстэрна за вопытным вадзіцелем пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 г. Мядзела старшым прапаршчыкам унутранай службы Дзмітрыем Падгайскім.

П. БАГУЦКІ.
Старшына службы матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння і абслугоўвання райаддзела па надзвычайных сітуацыях, прапаршчык унутранай службы.