Новай школе ў Занарачы быць!

855

ГЭТЫ год для сістэмы адукацыі азёрнага краю пачынаўся з прыемнай навіны наконт таго, што ў Занарачы сёлета збіраюцца пабудаваць школу. Маўляў, будынак старой, згодна з заключэннямі экспертаў, выпрацаваў свой рэсурс, патрабуецца новы.

Канкрэтыкі і акрэсленасці да ранейшых размоў дадало рашэнне раённага выканаўчага камітэта дазволіць заказчыку — камунальнаму даччынаму ўнітарнаму прадпрыемству “Упраўленне капітальнага будаўніцтва Мядзельскага раёна” — выкананне
праектна-вышукальных работ і ўзвядзенне аб’екта “Сярэдняя школа ў аграгарадку Занарач”.

У якасці генеральнага падрадчыка выступіла дзяржаўная ўстанова “Аб’яднанне Мінскмеліяводгас”, а падрадчыка — прадпрыемства меліярацыйных сістэм. Сёння работы на будаўніцтве ўстановы адукацыі вядуцца поўным ходам побач з тым месцам, дзе знаходзіцца і “старая” школа — балазе, тэрыторыя, якая перавышае 2,5 гектара, дазваляе. З асноўных матэрыялаў на аб’екце зараз цэгла, раствор, пліты перакрыцця, тут занята некалькі брыгад.

— Згодна з праектам, які прайшоў усе неабходныя ўзгадненні, — уводзіць у курс справы дырэктар упраўлення капітальнага будаўніцтва Аляксандр Звяруга, — сярэдняя школа павінна атрымацца проста цудоўнай і з’явіцца сапраўдным падарункам для мясцовых вучняў і педагогаў. Агульная плошча ўстановы складзе без малога дзве тысячы метраў квадратных. У ёй за­праектаваны шматлікія кабінеты: хіміі і біялогіі, лінгафонны, ін­фар­матыкі, працоўнага навучання, метадычны, нарэшце — для дырэктара і яго намесніка. А яшчэ — лабараторыя фізікі і астраноміі, настаўніцкая, бібліятэка з чытальнай залай і спартыўная зала, сталовая, медыцынскі пакой…
У аграгарадку таксама чакаюць, што будаўнікі належным чынам абуладкуюць і тэрыторыю, на якой прадугледжваюцца пляцоўкі для рухомых гульняў дзяцей, метэаралагічная і геаграфічная, вучэбна-доследная і гаспадарчая, часовага захоўвання веласіпедаў, адпачынку. А самае галоўнае — паспеюць здаць аб’ект да новага навучальнага года. І, канечне, тут найперш поспех справы вызначаюць будаўнікі.

— Работы на гэтым аб’екце, — расказвае прараб прадпрыемства меліярацыйных сістэм Фёдар Міхайлаў, — вядзём зараз даволі актыўна. Усё падпарадкавана таму, каб да пачатку верасня здаць школу ў эксплуатацыю. Хутчэй справіцца са значным аб’­ёмам будаўніцтва нам дапамагаюць кваліфікаваныя спецыя­лісты з Вілейкі, вядомы комплексны домабудаўнічы камбінат “Забудова”, іншыя субпадрадчыкі. Нашы кадры сёння выконваюць у асноўным цагляную кладку, бетонныя і планіровачныя работы, бо на тэрыторыі значныя перапады па вышыні.

Новай школе ў Занарачы быць!

Новай школе ў Занарачы быць!

— Нашы адносіны да гэтай школы асаблівыя, — сцвярджае галоўны інжынер інстытута “Маладзечнапраект” Вольга Аксюта. — Па маім меркаванні, аб’­ект сам па сабе цікавы. Хаця б таму, што падобныя ўстановы ў нас апошнім часам узводзяць не часта, тым больш — на вёсцы. Таму ўсё павінна быць бездакорна. І мы вельмі спадзяёмся, што пасля завяршэння ўсіх работ пачуем ад жыхароў аграгарадка, педкалектыву школы і вучняў шчыры “дзякуй”.

Работы на аб’екце пачаліся нядаўна, аднак ужо яскрава вымалёўваюцца сцены новай навучальнай установы…

Новай школе ў Занарачы быць!

Цалкам матэрыял чытайце ў нумары "Нарачанскай зары" за 8.07

Павел ЖУКАЎ. Фота аўтара