Інфармацыя аб смерці ад каранавіруса ў Беларусі з’яўляецца непраўдзівай, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства аховы здароўя.

Федэральны Першы канал расійскага тэлебачання ў сюжэце навін заявіў аб тым, што ад каранавіруса першыя смерці зафіксаваны ў ЗША, Аўстраліі, Тайландзе, Беларусі.

«Міністэрства аховы здароўя адзначае, што гэта інфармацыя адносна Беларусі з’яўляецца непраўдзівай і не мае нічога агульнага з рэчаіснасцю», — падкрэслілі ў прэс-службе.

«У сувязі з распаўсюджваннем фэйкавай інфармацыі адносна нашай краіны будуць прыняты адпаведныя меры рэагавання таксама па лініі Міністэрства замежных спраў Беларусі», — адзначылі ў прэс-службе.

Міністэрства аховы здароўя, МЗС і Мінінфарм Беларусі заклікаюць журналістаў быць адказнымі і ўважлівымі, а галоўнае — пераправяраць інфармацыю, якая датычыцца такой балючай для насельніцтва тэмы, як каранавірусная інфекцыя.

У прэс-службе нагадалі, што ў Беларусі зарэгістраваны тры выпадкі, у якіх выяўлены фрагмент РНК, магчыма, ён належыць тыпу каранавіруса 2019-nCoV. Усе тры пацыенты адчуваюць сябе здавальняюча, клінічных сімптомаў захворвання ў іх няма.

Фота з архіва БЕЛТА.