Не верце тонкаму лёду!

1638

Варта памятаць, што першы лёд вельмі небяспечны. І пакуль не дасягне таўшчыні 7 сантыметраў, на яго нельга ступаць.

Асноўнае правіла — не рызыкаваць самому і не дазваляць гэта іншым. Перш, чым перамяшчацца па лёдзе, неабходна праверыць яго на трываласць. Гэта можна зрабіць любым цвёрдым прадметам альбо вызначыць візуальна. Рухацца па лёдзе неабходна асцярожна, адзін за адным на адлегласці не менш за 5-6 метраў. А вось катацца на каньках можна толькі пры таўшчыні лёду не менш за 10-12 сантыметраў.

Асабліва трэба быць уважлівым у месцах, якія прыцярушаны снегам. Пажадана абыходзіць месцы ўпадзення раўчукоў, выхаду грунтавых вод і крыніц, умерзлых кустоў, чароту. Варта памятаць, што, калі тэмпература паветра трымаецца вышэй за 0ОС больш за тры дні, трываласць лёду змяншаецца на 25%.

Калі лёд празрысты, сіняга ці зялёнага адцення — ён трывалы. Трываласць белага ў два разы меншая. Матава-белы альбо з жаўтаватым адценнем — абсалютна небяспечны.

На рыбу вазьміце з сабой выратавальную камізэльку ці нагруднік, вяроўку даўжынёй не менш за 15-20 метраў з пятлёй на адным канцы і грузам вагой 400-500 грамаў на другім. Не трэба бурыць шмат лунак на блізкай адлегласці (менш за 5-6 метраў).
Калі праваліліся ў ваду, не панікуйце. Не рабіце шырокіх рухаў, стабілізуйце дыханне. Раскіньце рукі ўбакі і спрабуйце зачапіцца за трывалы лёд, прыдаўшы целу гарызантальнае становішча. Клічце на дапамогу. Паспрабуйце асцярожна налегчы на край лёду і закінуць на яго адразу адну, а потым другую нагу. Калі лёд вас вытрымаў, перакочваючыся, паўзіце да берага ці ў той бок, адкуль прыйшлі, бо там ужо лёд правераны на трываласць.

Пры аказанні дапамогі таму, хто церпіць бедства, трэба выкарыстоўваць жэрдкі, дошкі, вяроўкі, іншыя спадручныя матэрыялы, нават паліто. Можна звязаць разам шалікі, рамяні альбо адзенне. Паўзком, шырока расстаўляючы ногі і рукі, штурхаючы перад сабой выратавальныя сродкі, асцярожна рухайцеся ў напрамку палонкі. На адлегласці некалькі метраў да чалавека трэба спыніцца і кінуць яму вяроўку, край адзення, падаць палку альбо жэрдку. Асцярожна выцягніце пацярпелага з вады. Яго трэба пераапрануць, расцерці яму цела, даць гарачага чаю. Калі адсутнічаюць дыханне і сардэчная дзейнасць, трэба неадкладна зрабіць штучнае дыханне і выклікаць «хуткую».

Неабходна таксама памятаць, што чалавек, які трапіў у ледзяную ваду, можа адубець праз 10-15 хвілін, а праз 20 — страціць прытомнасць.

Дзмітрый ДАМШЭЛЬ,
начальнік выратавальнай станцыі “Мядзел”.