Навошта складаць завяшчанне?

128

Навошта складаць завяшчанне?ЗАВЯШЧАННЕ — гэта пасмяротнае волевыяўленне. Калі ў сям’і ўсё выдатна, чалавек любіць усіх аднолькава, ён і не задумваецца пра гэта. Аднак у жыцці бывае па-рознаму. Нярэдкія выпадкі, калі блізкі аказваецца неблаганадзейным і паводзіць сябе так, што яму проста небяспечна пакідаць нажытую маёмасць. У гэтым выпадку варта напісаць завяшчанне. Бо калі яго няма, спадчына будзе дзяліцца па закону. Гэта значыць, што ўся маёмасць памерлага размяркоўваецца паміж наследнікамі па чэргах: першая чарга — дзеці, муж або жонка і бацькі, другая — паўнародныя і непаўнародныя браты і сёстры, трэцяя — дзед і бабка памерлага як з боку бацькі, так і збоку маці, і гэтак далей — па ступені аддаленасці роднасці. Калі ж ёсць хаця б адзін наследнік папярэдняй чаргі, то наследнікам наступных чэргаў спадчына не дастаецца. Так што, калі неблаганадзейны родны ўваходзіць у першую чаргу, абараніць астатніх можна толькі завяшчаннем. Аднак таксама не да канца. У раздзеле “Наследаванне па закону” Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь ёсць артыкул 1064 аб праве на абавязковую долю ў спадчыне. Яе, незалежна ад завяшчання, атрымліваюць непаўналетнія або непрацаздольныя дзеці завяшчальніка, а таксама яго непрацаздольныя жонка (муж) і бацькі. Іх абавязковая доля складае не менш паловы, якая належала б кожнаму з іх пры наследаванні па закону.

Калі, напрыклад, у мужа ад першага шлюбу ёсць дзеці (цалкам працаздольныя, з асобнай жылплошчай), то дзецям ад другога шлюбу ён можа завяшчаць сваю цяперашнюю маёмасць. Бо калі ён гэтага не зробіць, у выпадку смерці спадчына будзе дзяліцца пароўну паміж усімі дзецьмі і цяперашняй жонкай. Завяшчанне можна скласці не на ўсю маёмасць, а на пэўную рэч. Напрыклад, бабулю даглядае суседка, але ў яе ёсць і дзеці ў іншым горадзе. Каб неяк аддзячыць памочніцы, але і дзяцей не пакрыўдзіць, яна можа завяшчаць суседцы каштоўныя камяні…

Завяшчанне можна складаць у любога натарыуса Беларусі, а таксама за мяжой у консула. Або нават у натарыуса ў краіне прабывання, але ў гэтым выпадку давядзецца да вяртання дадому яго легалізаваць. Завяшчанне складаецца ў дзвюх копіях: адна захоўваецца ў натарыуса і заносіцца ў адзіны рэестр фіксавання, другая — у завяшчальніка. Натарыус не мае права ўплываць на волевыяўленне грамадзяніна, аднак падказаць, перасцерагчы ён можа.

Завяшчальнік мае права ў любы час адмяніць завяшчанне цалкам або змяніць яго шляхам адмены, змен або дапаўненняў асобных завяшчальных распараджэнняў, зрабіўшы новае завяшчанне. Яно можа быць адменена шляхам знішчэння ўсіх экзэмпляраў завяшчальнікам або па пісьмовым распараджэнні яго — натарыусам. Завяшчанне, складзенае раней,

адмяняецца наступным цалкам або ў частцы, у якой яно яму супярэчыць.

А. ШАРАФАНЕНКА.

Кансультант натарыяльнай канторы раёна.