Наталля Качанава: еўрапейскія краіны павінны быць удзячны савецкаму народу за вызваленне ад фашызму

7

Еўрапейскія краіны павінны быць удзячны савецкаму народу за вызваленне ад фашызму. Аб гэтым сёння ў Брэсце заявіла старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава ў час адкрытага дыялогу з удзельнікамі беларуска-расійскага праекта «Поезд Памяці», перадае карэспандэнт БЕЛТА.

«Тыя краіны, якія вызваліў савецкі народ ад карычневай чумы, павінны быць удзячны савецкаму народу. Тады гэта была трагедыя для ўсіх, а сёння — бяспамяцтва: зносяць помнікі, аддаюць забыццю памяць людзей, якія цаной свайго жыцця адстаялі мір і свабоду. Гэта бесчалавечна, такога быць не павінна. Мы вельмі спадзяёмся, што праўда пераможа і ўсе ў свеце зразумеюць, што самае галоўнае — мір і спакой. У чалавека жыццё адно, нельга ім бяздумна распараджацца», — падкрэсліла Наталля Качанава.

Яна звярнула ўвагу, што беларуска-расійскі патрыятычны праект не выпадкова атрымаў назву «Поезд Памяці». «Вялікая Айчынная вайна і Перамога — наш агульны здабытак. Юнакі і дзяўчаты павінны аб гэтым ведаць, памятаць і перадаваць памяць з пакалення ў пакаленне. За гэтым светлая будучыня нашых краін, — сказала яна. — Спадзяёмся, юнакам і дзяўчатам спадабаецца і праект стане традыцыйным мерапрыемствам, якое будзе праходзіць у рамках Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі».

Намеснік старшыні Савета Федэрацыі Канстанцін Касачоў салідарны, што маладыя людзі павінны ведаць праўду аб Вялікай Айчыннай вайне. «Нашаму пакаленню было прасцей. Нам не трэба было прадзірацца праз хлусню, фальсіфікацыі. Вам складаней. Спадзяёмся, што пасля заканчэння праекта вы не страціце адзін аднаго, знойдзеце аднадумцаў і сяброў», — звярнуўся ён да падлеткаў.

Маршрут акцыі ўключае 15 гарадоў Беларусі і Расіі: ён пачнецца ў Брэсце і пройдзе праз Гродна, Віцебск, Смаленск, Ржэў, Вязьму, падмаскоўную Кубінку, Маскву, Санкт-Пецярбург, Вялікі Ноўгарад, Пскоў, Оршу, Магілёў і Гомель. 3 ліпеня праект завершыцца ў Мінску.

Паводле задумы, у будучым маршрут «Поезда Памяці» можа мяняцца, аднак яго старт заўсёды будзе напярэдадні 22 чэрвеня ў Брэсце.