Наша бабуля Марыя

192

У студзені адзначыла 90-годдзе з дня нараджэння старэйшая жыхарка вёскі Брусы Марыя Рыгораўна Русак. Мы, культработнікі, вядома, не маг­лі прайсці міма такой значнай падзеі ў жыцці гэтай простай, працавітай жанчыны. А таму і завіталі да яе ў хату са шчырымі пажаданнямі і сціплым падарункам. Павіншаваць юбілярку прыйшлі таксама сацыяльны работ­нік Вера­ніка Ма­ціна, якая аб­слу­гоў­вае доўгажыхарку, і яе плямен­ніца Зоя Маціна. Марыя Рыгораўна жыве адна. Напэўна яшчэ і пагэтаму яна была вельмі рада гасцям: сардэчна запрашала ўсіх праходзіць у дом.

У пакоях цёпла, чыста. Усюды парадак. Вераніка кажа: «Харошая бабуля Марыя, непатрабавальная. Яшчэ і сама стараецца памаленьку што-небудзь па хатніх справах рабіць».

Сапраўды, дабрыня, сціп­ласць, цярпенне — адметныя рысы характару Марыі Рыгораўны. Няпростае жыццё выпала на яе долю. У 1943 годзе разам з сям’ёй і аднавяскоўцамі маладая дзяўчына была вывезена ў Нямеччыну. Вярнулася ў сваю вёску на пажарышча. Хаты няма. Есці таксама няма чаго. Трэба ж з нечага разжывацца…

Амаль з самага дзяцінства марыла Марыя навучыцца шыць. Бацькі падтрымалі выбар дачкі і купілі ёй ручную швейную машыну. Сама па сабе навучылася з ёй упраўляцца. Вось і спатрэбілася гэтае ўменне, і стала яна швачкай. Краўчых у наваколлі не было, і людзі звярталіся па ўсіх такіх патрэбах да Мар’ечкі. Менавіта так ласкава называлі яе аднавяскоўцы. Умелыя дзявочыя рукі шылі і лёгкае адзенне — сукенкі, блузкі, і рэчы мужчынскія — штаны з сукна, кажухі і нават бурачкі. Заказчыкаў было шмат, бо шыла добра, а плату за работу брала невялікую. Не толькі ў бліжэйшых населеных пунктах Мя­дзель­шчы­ны, але і ў Вілейскім раёне былі ў яе свае кліенты…

Вайна паламала лёс гэтай жанчыны. Марыя Рыгораўна сустрэла хлопца. Вельмі кахалі яны адзін аднаго. Але ўзаконіць адносіны на той час не маг­лі: ён быў ваенным, яна ж… вязнем, пабываўшым у фа­шысц­кай Германіі… Не хацелася Мар’ечцы ламаць жыццё дарагому чалавеку, і яны вымушаны былі расстацца. Праўда, памяць пра каханага засталася ў яго сыне, якога маладая жанчына тады ўжо насіла пад сваім сэрцам. Коля стаў сэнсам жыцця матулі. Яна вельмі моцна яго любіла, шанавала, старалася засцерагчы ад бяды, апранала ў прыгожыя ўборы, пашытыя сваімі рукамі. Калі сын вырас, ён ажаніўся. А там на свет і ўнукі з’явіліся — найвялікшая радасць Марыі Рыгораўны. Усю сваю любоў яна цяпер перано­сіла на іх — Колечку і Аленку. А пасля яшчэ і праўнучка нарадзілася, і адчула сябе бабуля і прабабуля самай шчаслівай на свеце. Шчырасці і дабрыні яе хапала на ўсіх. Ды вялікае гора не абышло дом: смерць забрала адзінага сыночка. Толькі ёй ведаць, як учарнела адразу сэрца, колькі слёз выплакана днямі і начамі…

— Цёця Марыя — чалавек, якіх мала, — расказвае пляменніца Зоя. — Яна жыла разам з намі. Наш тата — брат яе родны. Памятаю, як цяжка даво­дзілася. Сям’я вялікая — ажно 5 чалавек. Ледзьве зводзілі канцы з канцамі. Дык цёця нам аддавала ўвесь свой заробак. Акрамя таго, шыла ўсім штодзённае адзенне, а нам, дзяўчатам, нават прыгожыя ўборы. Я ўсім сэрцам удзячна цёці за дапамогу, за яе спагаду і дабрыню. І колькі жыць буду — ніколі пра гэта не забуду.

Марыя Рыгораўна ўспамінае, як шмат працавала: практычна ад усходу сонейка да апоўначы. Так хацелася ўсё паспець, пабольш  зрабіць. Шыла і пры лучыне, і пры газавай лямпе. А як радавалася, калі нарэшце з’явілася электрычнае святло. Не зважаючы на тое, што шыццё патрабавала вялікай зрокавай пільнасці і ўважлівасці, ды і ўмовы для работы былі не з самых лепшых, жанчына і сёння лёгка ўво­дзіць нітку ў іголку. Дзіўна, але гэта так.

Марыя Рыгораўна шыла спачатку дома. Мела і дзяўчат-вучаніц. А як у Брусах адкрылі швейную арцель, перайшла туды на работу. Пасля працавала ў комплексным прыёмным пункце, якім сама і загадвала. Шыць, як яна расказала, даводзілася шмат: і сукенкі, і касцюмы, і спадніцы, і модныя блузкі. Адзін перыяд быў вялікі попыт на ватныя
коўдры. Вельмі прыгожыя яны атрымліваліся ў швачкі. Нездарма куплялі іх і вывозілі ў Мінск, Мала­дзечна і нават у Літву. Да выхаду на пенсію жанчына працавала ў камбінаце бытавога абслугоўвання. Але і на заслужаным адпачынку ніколі не сядзела без справы. Заўсёды знахо­дзіла сабе занятак па душы. Такі яна ўжо чалавек — руплівы, старанны, неабыякавы.

На развітанне пажадалі бабулі Марыі здароўя, шчасця, каб яе радавалі блізкія людзі. У сваю чаргу і гаспадыня шчыра дзякавала нам за добрыя словы, віншаванні. Ёй было вельмі прыемна, што ў халодны зімовы дзень наведаліся да яе і тым самым хоць крышачку зменшылі горыч адзіноты, дапамаглі адчуць сябе патрэбнай. На вочы нашай паважанай Мар’ечкі набеглі няпрошаныя слёзы. Яны былі ад радасці і адначасова ад смутку і вялікага жадання цёплых сустрэч са сваімі роднымі.

В. КЛЯМЯЦІЧ.

Загадчыца Брусоўскай

сельскай бібліятэкі-дома

сацыяльных паслуг.

Н. БАГУЦКАЯ.

Дырэктар Вузлянскага

Дома фальклору.