«Наш тата — самы-самы лепшы на свеце»

291

У СЯМ’І Вапручковых з Княгініна падрастае сямёра дзетак — сын і шэсць дачушак. І кожнаму з іх хапае ўвагі і любові матулі і таты. Бацькі робяць усё, каб раслі працавітымі, шчырымі, неабыякавымі. Каб пашыралі кругагляд, развіваліся.

Анатоль пакахаў сваю нарачоную, як прызнаецца, з першага позірку. Убачыў — і ўсё, запала ў самае сэрца. Яна тады пасля няўдалага шлюбу прыехала адпачыць да сястры ў Магілёўскую вобласць. А юнак толькі закончыў школу.

— Не звяртала Святлана спачатку на мяне ўвагі. Я ж маладзейшы за яе. Ды і пасля распаду сям’і маладая жанчына нікому не верыла, — прызнаецца Анатоль. — Я ж пайшоў у армію, адслужыў. Але не забыўся пра Святлану. Калі папраўдзе, то ўвогуле далейшае жыццё не ўяўляў без яе. Праз сваякоў адшукаў. Яна тады жыла на Гродзеншчыне. Паехаў, прапанаваў стварыць сям’ю. На шчасце, пагадзілася, і пра гэта ні яна, ні я ніколі не пашкадавалі. Мы жывём у павазе і любові, даражым адзін адным і нашымі дзецьмі. А яны — наша галоўнае і самае вялікае багацце.

Адразу Вапручковы жылі на Гродзеншчыне. З часам па прычыне праблемы з жыллём перабраліся на Мя­дзельшчыну. Абое ўладкаваліся на птушкафабрыку “Новая зара”: Святлана — даяркай, Анатоль — зваршчыкам. Гаспадарка дала ім жыллё ў Княгініне. На час замужжа ў Святланы было двое дзяцей ад першага шлюбу — Люда і Лёша. Анатоль прыняў іх і выхоўваў, як і сваіх, што нарадзіліся пазней, ужо ў Княгініне. Першай з’явілася на свет Аляксандра. А пасля — Анастасія, Варвара, Сафія, Еўфрасіння і Крысціння.

"Наш тата - самы-самы лепшы на свеце"

— Я ніколі не пашкадавала, што звязала свой лёс з Анатолем, — прызнаецца Святлана Юсуфжонаўна. — Бо адчуваю сябе па-сапраўднаму шчаслівай. У нас вялікая і дружная сям’я. Радасці і праблемы мы ўсе дзелім папалам. Анатоль аказаўся любячым мужам, клапатлівым бацькам, верным і надзейным сябрам. З ім лёгка і проста. А самае галоўнае, што ён прыняў і маіх дзяцей, як сваіх. Люда ўжо дарослая, мае ўласную сям’ю. Лёша — дзесяцікласнік, вучыцца ў Сваткаўскай сярэдняй школе імя Максіма Танка. Ся­мікласніца Аляксандра і шасцікласніца Анастасія — навучэнкі гімназіі горада Мядзела. А пяцікласніца Варвара, трэцякласніца Сафія і першакласніца Еўфрасіння наведваюць Крывіцкую сярэднюю школу. Мы выбралі для іх гэту ўстанову адукацыі таму, што ў гарадскім пасёлку ёсць магчымасць займацца ў музычным класе “Крывічы” Будслаўскай дзіцячай музычнай школы мастацтваў. Усе тры дзяўчынкі вучацца іграць на фартэпіяна, а Сафія яшчэ займаецца вакалам. Самая малодшая ў сям’і — Крысціння. Ёй паўтара года.

— Сям’я Вапручковых вельмі дружная, працавітая. Мне вельмі падабаецца, што яны практычна ўсюды разам. Матуля цяпер знаходзіцца ў водпуску па доглядзе малодшай дачушкі. Тата працуе на чыгунцы майстрам пуці. На рабоце яго паважаюць, — апавядае старшыня Княгінін­скага сельскага выканаўчага камітэта Вольга Галко. — Вапручковы трымаюць вялікую гаспадарку: ёсць козы, свінні, куры, трусы… Садзяць бульбу, сеюць збожжавыя. Заклалі сад, маюць агарод. Зямлю апрацоўваюць мота­блокам. Усе клопаты па гаспадарцы ўзяў на сябе Анатоль. Дапамагаюць бацьку сын і старэйшыя дочкі. На Святлане ў асноўным — дом, дзеці, дзе таксама клопатаў хапае, каб усіх накарміць, акуратнымі ў школу адправіць, у хаце прыбраць.

Тата з захапленнем расказваў, як ён з сынам і старэйшымі дачушкамі працуе на зямлі, разам даглядаюць коз, свіней, трусоў, убіраюць вырашчаны ўраджай, нарыхтоў­ваюць у садзе на зіму яблыкі. Так дзеці з маленства прывучаюцца да працы. У іх выхоў­ваецца пачуццё адказнасці, фарміруецца дысцыпліна.

— Чым яшчэ любіце займацца разам з татам? — цікаўлюся ў Лёшы і яго сястрычак.

— Дапамагаем на полі, па гаспадарцы. Разам кормім жывёл. Ездзім у грыбы. Любім іх збіраць. А яшчэ нам падабаецца проста паблукаць па лесе, палюбавацца навакольнай прыродай. Усё ж вельмі прыгожыя ў нас краявіды, — чую ў адказ. — Ды і паветра ў лесе чыстае, лёгка дыхаецца.

— Яшчэ ў нас любімы занятак — рыбная лоўля, — сцвярджаюць Варвара і Сафія. — Нават спаборніцтва ладзім: хто больш рыбы зловіць. Мы, хоць і дзяўчынкі, але не горш за Лёшу спраўляемся. А калі што, то нам і тата дапаможа. Гэта ён нас усяму навучыў: і чарвяка на кручок начапляць, і вуду закідваць, і ўлоў з вады выцягваць. Ловім пераважна карасёў.

— А мне калі надакучыць лавіць і захочацца пабегаць, я аддаю сваю вуду тату, — прызнаецца Еўфрасіння. — І ён выдатна спраўляецца за дваіх.

— Тады сітуацыя, як у любімым мультфільме “Маша і мядзведзь”, дзе ў ролі Мішкі апынаецца наш тата, а Машы — Еўфрасіння, — усміхаецца, дапаўняючы сястрычку, Сафія. — Еўфрасіння ў нас — непаседа. Ёй цяжка доўга быць на адным месцы. Любіць пабегаць, пазабавіцца.

— А што вы яшчэ скажаце пра свайго тату? — пытаюся.

— Ён у нас добры, прыгожы, мілы, самы-самы лепшы на свеце, — сцвярджаюць дачушкі.

— Мы вельмі любім яго, а ён — нас, — дапаўняе сястрычак Лёша.

Вапручковы жывуць у новым доме, які з дапамогай дзяржавы пабудавалі на вуліцы Кастрычніцкай у аграгарадку Княгінін. Ён светлы, прасторны. Дарэчы, згодна з Указам Прэзідэнта Беларусі № 13 ім як мнагадзетнай сям’і пагашана 100% крэдыту, выдзеленага на будаўніцтва жылля. Гэта адчувальная падтрымка шматдзетным сем’ям на дзяржаўным узроўні.

— Хачу сказаць, што шматдзетная сям’я Вапручковых пабудавала дом сапраўды дзякуючы дзяржпадтрымцы, але вельмі шмат выканана самім гаспадаром. Анатоль Аляксандравіч — добры будаўнік. І па сутнасці ўсе аддзелачныя работы зроблены яго рукамі, як і пабудовы ля дома. Гэта акалічнасць змагла значна зменшыць затраты, панесеныя сям’ёй на будаўніцтва жылля, — кажа Вольга Галко. — Анатоль сваю тэрыторыю вакол дома пастаянна абкошвае і людзям нярэдка ў гэтым дапамагае. Прычым, проста так. А парадак у доме — абавязак Святланы. Яна мае залатыя рукі.

Што датычыць дзяцей, то яны ў Вапручковых вельмі дружныя. З маленства вучацца самастойнасці, узаемавыручцы, працавітасці. Дапамагаюць бацькам і адзін аднаму. Дзяўчынкі актыўна ўдзельнічаюць у мастацкай самадзейнасці, добра малююць. Практычна на ўсіх канцэртах у нас выступаюць. На раённых “Дажынках” у райцэнтры тры сястрычкі — Анастасія, Аляксандра і Варвара — спявалі. Ды так хораша, што жыхары і госці Мядзела пастаянна спыняліся ля нашай пляцоўкі і горача апладзіравалі юным артысткам. Было вельмі прыемна. Анатоль Аляксандравіч прымае актыўны ўдзел і ў грамадскім жыцці. Неаднаразова працаваў у складзе сельскіх выбарчых камісій на выбарах розных узроўняў, дзе вызначаўся адказнасцю, добрасумленнасцю.
Даведалася таксама, што Вапручковы ўсёй сям’ёй ходзяць у царкву, а Лёша нават прыслужвае падчас набажэнства бацюшку.

І Святлана, і Анатоль са шматдзетных сем’яў. Таму асобныя сакрэты выхавання, атрыманыя на падставе ўласных назіранняў, спрабуюць прымяніць адносна сваіх дзяцей. А галоўнае, імкнуцца даць ім любоў і пяшчоту, стараюцца не абысці ўвагай, нічым не абдзяліць.

Сёння Анатоль ўпэўнены, што нараджэнне дзяцей уносіць у іх жыццё радасць, умацоўвае адносіны, а таксама каханне, якое з гадамі становіцца сапраўды больш трывалым. Вядома, клопатаў, бытавых праблем хапае, але іх лёгка пераадольваюць, калі ўсе пытанні вырашаць разам і кожны новы дзень сустракаць у згодзе і любові.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.  Фота Аляксандра Высоцкага.

Цалкам матэрыял чытайце ў нумары "Нарачанскай зары" за 19.10