Наш брэнд — чысціня і парадак

97

У нядзелю — Дзень аховы навакольнага асяроддзя. З гэтай нагоды гутарым з начальнікам раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Анатоліем ЛЕОНІКАМ.

— Анатолій Уладзіміравіч, што зроблена за апошні год на Мя­дзельшчыне ў плане аховы навакольнага асяроддзя?

— Усе запланаваныя мерапрыемствы па навя­дзенні парадку выкананы. Прайшла акцыя “Тыдзень лесу”. Восенню і вясной праводзілася пасадка дрэў і кустарнікаў у населеных пунктах. Летась у прыватным сектары Мядзела з’явіліся кантэйнеры для раздзельнага збору смецця. Плануецца яшчэ закупка такіх кантэйнераў.

— Якія праблемы чакаюць вырашэння?

— Ёсць пытанні па асобных сельгасаб’ектах: па своечасовай вывазцы арганікі, навядзенні парадку на мехдварах. Над вырашэннем праблем працуем. Праводзім маніторынгі па сельгасаб’ектах, супрацоўнічаем з сельвыканкамамі. Выяўляюцца парушэнні — даём рэкамедацыі па іх ухіленні. Калі гэтыя рэкамандацыі своечасова не выконваюцца, распачынаем адміністрацыйны працэс. Супрацоўнічаем з Нацпаркам, які многае робіць у плане аховы навакольнага асяроддзя. Напрыклад, вясной праводзіць уборку лесу каля курортнага пасёлка з удзелам школьнікаў.

— Не першы год узаемадзейнічаеце з людзьмі на прыродаахоўную тэму. Што не перастае здзіўляць?

— Нежаданне людзей сартаваць смецце. Нават там, дзе створаны ўсе ўмовы, устаноўлены спецыяльныя кантэйнеры, некаторыя вы­кідваюць другасныя матэрыяльныя рэсурсы (макулатуру, шкло, пластык) разам з бытавым смеццем, якое вывозіцца на палігон. Гэта бачым і на кантэйнерных пляцоўках ля шматкватэрнікаў, і ў прыватным сектары. Праводзім рэйды сумесна з аддзелам жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама, тлумачым, але не заўсёды гэта дае жаданы эфект. Хоць яшчэ ў школе кожны чуў: “Збяры макулатуру — захавай дрэва”.

— Што скажаце жыхарам Мя­дзельшчыны з нагоды Дня аховы навакольнага асяроддзя?

— Экалогія — вельмі важна. Хоць гэта, магчыма, прагучыць пафасна, але мы павінны захаваць планету для нашчадкаў. Гэта ў глабальным плане. А ў дачыненні непасрэдна да Мядзельшчыны скажу так: кожны з нас павінен прыбіраць і не смеціць. Усё ж курортны рэгіён, нашым брэндам павінны стаць чысціня і парадак.

Гутарыла Наталля ЛІСІЦКАЯ.