На службе Айчыне: малодшы сяржант Вадзім Чарняўскі расказвае пра армейскія будні

655

УРАЖАННІ ад спаткання і размовы з малодшым сяржантам Вадзімам Чарняўскім самыя прыемныя. Яму яшчэ са школьных гадоў хацелася служыць у войску. І не абы-кім, а дэсантнікам. І мара хлопца збылася!

Сустрэлася з Вадзімам Чарняўскім падчас яго чарговага адпачынку. З размовы даведалася, што ён родам са Сватак. Там вырас і школу закончыў. Потым вучыўся ў Мінску ў чыгуначным каледжы. Некаторы час працаваў цягніковым электрамеханікам у дэпо ў Маладзечне.

Наступны этап яго біяграфіі — армія. У войска прызываўся 15 лістапада 2018 года. Зараз нясе службу ў Калодзішчах у складзе 103-й асобнай гвардзейскай ордэна Леніна Чырванасцяжнай ордэна Кутузава II ступені мабільнай брыгадзе імя 60-годдзя СССР cіл спецыяльных аперацый. Праз два месяцы вайсковыя будні для юнака закончацца. Вось і пацікавілася:

— Што вынес для сябе з армейскага жыцця?

— Толькі добрае, — пачула ў адказ. — Вядома, не толькі мне, а ўвогуле ўсім прызыўнікам адразу было складана прывыкаць да жыцця па распарадку, дзе на першым месцы — дысцыпліна. Але дзякуючы ўважлівым, талковым камандзірам мы, навабранцы, хутка адаптаваліся. Дапамагалі і старэйшыя хлопцы: падтрымлівалі, падказвалі… Цяпер і самі, асабліва на першым часе, прыходзім на выручку маладому папаўненню.

— Ці ўспамінаецца прысяга?

— Так. Тады мы знаходзіліся ў вучэбцы ў Віцебску. Вельмі ўрачысты і шчымлівы момант. Напэўна, колькі жыць буду — не забуду. Не зважаючы на халоднае надвор’е, прыехалі бацькі, сябры. Вельмі быў рады спатканню з імі. Эмоцыі проста зашкальвалі.

— Хто з табой з раёна прызываўся? — цікаўлюся ў свайго суразмоўцы.

— У войскі cіл спецыяльных аперацый — ніхто. Але ў часці мне пашчасціла сустрэць двух землякоў, — расказвае Вадзім. — Сяргея Святоху з Выгалавіч і Сяргея Хільмана з Нарачы. Дарэчы, з Хільманам і перш бачыўся на розных спаборніцтах. А са Святохам у арміі лёс звёў. Так і сталі добрымі сябрамі. І зараз тэлефануем адзін аднаму, цікавімся справамі.

— Ці даводзілася скакаць з парашутам?

— Адзін раз. Хацелася паспрабаваць сябе і ў якасці парашутыста. І гэта мне ўдалося. Я вышыні не баюся, таму змог, пакуль спускаўся з неба, палюбавацца наваколлем. На самай справе відовішча незабыўнае: такая прыгажосць кругом, а яшчэ цішыня…

— Раскажы пра армейскія будні?

— Жывём у казармах, дзе створаны выдатныя ўмовы. Ёсць усё неабходнае для заняткаў спортам, культурнага адпачынку, развіцця мастацкай самадзейнасці. Задавальняе харчаванне. Шмат увагі надаецца баявой падрыхтоўцы. Даводзілася і ў вучэннях удзельнічаць. Найбольш запомніліся сумесныя з расійскімі войскамі — “Шчыт Саюза-2019“. Мы не падвялі наша камандаванне. З пастаўленымі задачамі справіліся выдатна. Многія па іх выніках былі заахвочаны. Я, напрыклад, за ўдзел у сумесных аператыўных вучэннях атрымаў спецыяльны медаль. Неаднаразова за бездакорную службу камандаванне дасылала падзячныя лісты маім бацькам Людміле Мікалаеўне і Пятру Фёдаравічу. Увогуле, службай задаволены. Лічу, што мужчына не павінен баяцца арміі. Гэта — сапраўдная школа жыцця.

— Можа, што хочаш параіць будучым абаронцам Айчыны?

— Арміі не трэба баяцца. Быць абаронцам Айчыны на самай справе крута! Гэта і прэстыжна, і да многага абавязвае. Толькі да службы неабходна рыхтавацца. Удзяляць увагу фізкультурнай падрыхтоўцы, весці здаровы лад жыцця, што таксама важна.

Гартаю армейскі альбом салдата. На ім — саслужыўцы, эпізоды з воінскага жыцця… Добрая памяць, лічу, надоўга застанецца. Ды і будзе што з гадамі сваім дзецям, унукам паказаць… А яшчэ звярнула ўвагу на цікавы фотаздымак. На ім — хлапчук у форме дэсантніка.

На службе Айчыне: малодшы сяржант Вадзім Чарняўскі расказвае пра армейскія будні

— Здаецца, гэта ты, Вадзім? — пытаюся.

— Я. Тады вучыўся ў 7 класе. Памятаю, як прыехалі да нас у школу фатографы. Прапаноўвалі розныя варыянты здымкаў. Я ж вырашыў сфатаграфавацца менавіта ў форме дэсантніка. Чаму? Бо з маленства марыў ім стаць. І калі ў ваенкамаце падчас работы прызыўной камісіі спыталі, кім хачу быць, тут жа сказаў: “Накіруйце мяне на службу ў падраздзяленне cіл спецыяльных аперацый”. Так і атрымалася, чым вельмі задаволены.

— Ты хутка звольнішся ў запас. Чым збіраешся заняцца?

— Вырашыў пайсці ў міліцыю. Хачу стаяць на ахове правапарадку грамадзян.

— А свята сустрэнеш яшчэ дома ці ў часці?

— Не, ужо буду на службе. Дарэчы, хлопцы мяне чакаюць. Думаю, што, як і летась, пройдзе і сёлетняе свята цікава і запамінальна.

Марыя Лубнеўская.

Фота Аляксандра Высоцкага.