“Меліяратар” падараваў настрой

124

“Меліяратар” падараваў настройСЁЛЕТА члены кааператыва “Меліяратар” атрымалі доўгачаканае жыллё — у канцы чэрвеня будаўнікі ДУП “Мядзельскае ПМС” здалі ў эксплуатацыю 24-кватэрны дом па вуліцы Чырвонаармейская ў райцэнтры. Працавала на аб’екце брыгада Віктара Каралёнка. Шчаслівымі ўладальнікамі кватэр сталі ў асноўным работнікі гэтага прадпрыемства. Праўда, будучым навасёлам давялося пацярпець яшчэ некалькі месяцаў, пакуль да іх дома падводзілі камунікацыі: ваду, газ. Пачалі засяляцца ў сярэдзіне лістапада. Хаця клопату, як заўсёды, на першым часе хапае. Трэба ж было паклеіць шпалеры, абставіць пакоі… Толькі клопаты гэтыя радасныя!

Літаральна перад Новым годам наведаліся туды. Пазванілі наўздагад — і патрапілі да маладой сям’і Блізнюк. Дома аказалася гаспадыня і паўтарагадовы Паша. Дзіяна Віктараўна — педагог-арганізатар гімназіі-інтэрната г. Мядзел, зараз у дэкрэтным адпачынку. Яе муж Сяргей — будаўнік, працуе на прадпрыемстве меліярацыйных сістэм.

— Да гэтага жылі на кватэры, — расказвае Дзіяна. — І, вядома ж, марылі аб уласных “апартаментах”. Вельмі чакалі таго моманту, калі атрымаем ключы. Пераехалі адны з першых. І паспелі ўжо справіць наваселле. Муж пастараўся, каб хутчэй давесці ўсё да ладу. Ды яму, як спецыялісту, і карты ў рукі. Дарэчы, дом гэты ўзводзіўся не без яго ўдзелу. Цяпер вось працуе на далёкім аб’екце — у Барысаве. Жыллём задаволены: утульна, цёпла. Да таго ж, нашы кватэры забяспечаны аўтаномнымі газавымі катламі — зручна і эканомна!

Прайшліся па пакоях. Сапраўды, тут наведзены ўжо бездакорны парадак. Чысціня, прыгажосць, новая мэбля. Міжволі звярнуў увагу на двух’ярусны дзіцячы ложак.

— Гэта ў запас! — бадзёра тлумачыць Дзіяна.

Што ж, у такіх цудоўных умовах і сапраўды можна падумаць маладой сям’і аб папаўненні! Пацікавіўся, як і дзе будуць сустракаць Новы год.

— Вядома ж, дома! — адказвае гаспадыня.— А ў госці дзве сястрычкі, Анастасія і Алеся, павінны наведацца з сем’ямі, каб парадавацца за нас.

І мы таксама шчыра пажадалі на развітанне Блізнюкам шчасця і дабрабыту!

Аляксандр БЫКАЎ.

На здымку: Дзіяна Блізнюк і маленькі Паша.

Фота Георгія Прысмакова.