Мядзельшчына і аграэкатурызм

131

Мядзельшчына і аграэкатурызмНЯДАЎНА ў малой зале райвыканкама праведзена нарада, на якую запрашаліся ўсе ўладальнікі аграсядзіб Мядзельшчыны, а іх у раёне больш за 60. На ёй прысутнічалі старшыні раённага выканаўчага камітэта Ілья Іванавіч Шацько, раённага Савета дэпутатаў Алег Алегавіч Бароўка, намеснік старшыні райвыканкама Іна Іванаўна Барыева, начальнік інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Мядзельскім раёне Іван Іванавіч Будзько і іншыя адказныя асобы.

Распачынаючы мерапрыемства, Іна Барыева падкрэсліла, што сёлета трэці раз збіраемся разам. І гэта нарада невыпадковая. Закончыўся сезон адпачынку. І зараз можна падвесці яго вынікі. Некаторыя гаспадары аграсядзіб скардзяцца, што ў іх мала было адпачываючых, іншыя наадварот — не паспявалі прымаць гасцей.

— Сёння хочам пачуць ад вас, — звяртаючыся да прысутных, прамовіла Іна Іванаўна, — якія цяжкасці і праблемы ўзнікалі ў вас, як вы плануеце працаваць далей? Нашу сустрэчу прапаную пабудаваць у выглядзе дзелавой размовы.Аграсядзібы на Мядзельшчыне розныя. Можна ўмоўна сказаць «адназоркавыя», «двух-», «трох»-, «пяцізоркавыя». Зразумела, і ўзровень абслугоўвання розны. Але кожная з іх мае штосьці адметнае, сваю разыначку. З далейшай размовы высветлілася, што бягучы год асабліва не парадаваў вялікім наплывам турыстаў. Магчыма, пэўныя карэктывы ў гэты працэс унесла надвор’е. У пераважнай большасці гаспадары сцвярджалі, што ў іх адпачывалі турысты ў асноўным па выхадных днях.

А чаму? Магчыма недастатковыя звесткі выкладзены ў інтэрнэце? Таму і было прапанавана гаспадарам падаць больш падрабязную інфармацыю пра аграсядзібы, аказваемыя паслугі, умовы пражывання, спосабы баўлення вольнага часу. Тым больш, гэта важна ва ўмовах канкурэнцыі, калі штогод колькасць аграэкасядзіб павялічваецца.

Гаспадары сядзіб уздымалі пытанні кепскага абслугоўвання турыстычных стаянак Нацыянальным паркам «Нарачанскі», дрэннымі пад’язнымі дарогамі да іх. Цікавілі прысутных пытанні адкрыцця новых сядзіб, іх рэгістрацыі, абуладкавання аўтамабільнай стаянкі ля возера Белае і іншыя. На многія з іх даў грунтоўныя адказы старшыня райвыканкама Ілья Іванавіч Шацько. Ён заклікаў уладальнікаў аграсядзіб часцей наведвацца ў райвыканкам са сваімі праблемамі, і агульнымі намаганнямі яны будуць хутчэй і больш якасна вырашацца.

Так, толькі агульнымі намаганнямі можна павысіць прэстыж Мядзельшчыны, ператварыць яе ў месца развіцця і квітнення аграэкатурызму. Пра гэта паклапацілася сама прырода. А людзям патрэбна толькі больш актыўна, па-гаспадарску выкарыстоўваць гэту ўнікальную магчымасць. Таму і было прапанавана ўсім даць падрабязную інфармацыю, у тым ліку фота і відэа пра свае сядзібы. Яна будзе змешчана на спецыяльным сайце http://myadel-tourism.by/ турыстычнага партала Нарачанскага краю. Гэта дазволіць патэнцыяльным гасцям загадзя пазнаёміцца з паслугамі, умовамі пражывання і адпачынку.

Увогуле, нарада прайшла арганізавана, у дзелавой абстаноўцы. Многія гаспадары аграсядзіб выказалі жаданне, каб такія сустрэчы праводзіліся рэгулярна. Ад іх будзе толькі агульная карысць.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.