НАПЭЎНА, для кожнай матулі няма нічога даражэй на свеце за сваіх дзяцей, якіх нарадзіла, выхоўвае. За якіх неаднойчы недасыпала па начах. Хвалявалася, калі яны хварэлі. Засмучалася пры іх першых часовых цяжкасцях і няўдачах. Радавалася поспехам і перамогам, нават зусім нязначным.
Найвялікшым шчасцем для сябе лічыць тое, што ў яе ёсць любая дачушка, і Ірына Еўстафіеўна Пішч з курортнага пасёлка Нарач. Жанчына без сваёй Палінкі, наогул, не ўяўляе жыцця. Яны як адно цэлае, заўсёды разам. Выдатна ладзяць між сабой. Ім ніколі не бывае сумна. Нездарма ж маці і дачушка — найлепшыя сяброўкі. Яны разам чытаюць кнігі і гуляюць у розныя гульні, глядзяць тэлеперадачы і любімыя Палініны мультыкі, прыбіраюць у кватэры і нават удзельнічаюць на мамінай рабоце ў суботніках, якія там праводзяцца. Дарэчы, працуе І. Е. Пішч бухгалтарам у Нарацкім філіяле ААТ “Маладзечанскі малочны камбінат”. Карыстаецца павагай у калег.
Матуля атуляе адзінае дзіцятка пяшчотай і любоўю. Клапоціцца, аберагае ад бед і непрыемнасцей. Навучае дабрыні, быць стараннай і сумленнай, паважаць дарослых. І ў тым, што дзяўчынка расце шчырай, неабыякавай, вялікая заслуга Ірыны Еўстафіеўны. Палінка ўжо закончыла першы клас Нарацкай СШ №2. Любіць чытаць, маляваць. Яна дапытлівая і цікаўная, пра ўсё хоча ведаць. Па ўсім бачна, што расце нераўнадушны чалавек. Няхай і надалей дзяўчынка прыносіць сваёй матулі пабольш радасных і прыемных хвілін. Яны абедзве гэта заслужылі.