Магчымыя выплаты па прычыне смерці

134

Магчымыя выплаты па прычыне смерціКОЖНЫ чалавек у сваім жыцці страчвае родных і блізкіх і, пераадольваючы горыч і боль, робіць усё неабходнае, каб дастойна праводзіць памерлага ў апошні шлях. Дапамогу ў сувязі са смерцю аказвае і дзяржава.

Згодна з Законам Рэспублікі Беларусь ад 12 лістапада 2001 года “Аб пахаванні і пахавальнай справе” і артыкулам 91 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб пенсійным забеспячэнні” ўпраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама ажыццяўляецца афармленне дакументаў на атрыманне матэрыяльнай дапамогі на пахаванне памерлага пенсіянера, а таксама асоб, якія самастойна ўплачваюць абавязковыя ўзносы ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Для таго, каб была выдзелена матэрыяльная дапамога на пахаванне, асоба, якая яго арганізоўвае, павінна звярнуцца ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне і прадаставіць даведку аб смерці пенсіянера і свой пашпарт. Дапамога на пахаванне выплачваецца на працягу шасці месяцаў з дня смерці пенсіянера ў размеры сярэдняй заработнай платы работнікаў за мінулы месяц адносна месяца наступлення смерці. У выпадку смерці інваліда Вялікай Айчыннай вайны дапамога на пахаванне выплачваецца ў размеры двухмесячнай сумы назначанай пенсіі, аднак не менш сярэдняй заработнай платы работнікаў за мінулы месяц адносна месяца наступлення смерці.

Сумы пенсіі, якія належалі пенсіянеру і засталіся недаатрыманымі ў сувязі з яго смерцю, выплачваюцца членам сям’і, пражываўшым сумесна з пенсіянерам на дзень яго смерці, а таксама яго непрацаздольным утрыманцам, незалежна ад таго, ці пражывалі яны сумесна з памерлым. Да членаў сям’і адносяцца муж (жонка), іх дзеці, бацькі і ўнукі. Іншыя грамадзяне, якія пражывалі сумесна з пенсіянерам, могуць быць прызнаны членамі сям’і толькі судом. Сумеснае пражыванне і вядзенне агульнай гаспадаркі з пенсіянерам да дня яго смерці не прадугледжвае абавязковую прапіску ў адным жылым памяшканні.

Недаатрыманыя сумы пенсій выплачваюцца ўпраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне пры прадастаўленні наступных дакументаў: пасведчання аб смерці; дакументаў, якія пацвярджаюць сваяцтва з памерлым пенсіянерам (пасведчанне аб шлюбе, пасведчанне аб нараджэнні і г. д) і дакументы, якія пацвярджаюць сумеснае пражыванне і вядзенне агульнай гаспадаркі (на тэрыторыі сельсаветаў — даведка аб сумесным пражыванні, на тэрыторыі г. Мядзел — акт абследавання ўпраўлення).

Патрабаванні аб выплаце адзначаных сум могуць быць прад’яўлены на працягу шасці месяцаў з дня смерці пенсіянера. У выпадку непрад’яўлення патрабаванняў аб выплаце сум пенсіі ва ўстаноўлены тэрмін адпаведныя сумы ўключаюцца ў склад спадчыны і атрымліваюцца ў спадчыну ў натарыяльным парадку.

Т. ПРУДНІКАВА.

Начальнік пенсійнага аддзела ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.