Мікалай Шабовіч і Сяргей Хацяновіч — надзейныя і адказныя вадзіцелі

183

На добрым рахунку на вытворчым участку Маладзечанскага філіяла «Аўтобусны парк №4» вадзіцелі Мікалай Шабовіч і Сяргей Хацяновіч.

Начальнік участка Мікалай Амельяновіч сцвярджае, што лёгка супрацоўнічаць з тымі падначаленымі, каму можна смела даверыць любую задачу і быць упэўненым, што выдатна справяцца, не падвядуць. А Мікалай Станіслававіч і Сяргей Іванавіч менавіта такія — надзейныя, адказныя.

Правы вадзіцеля Мікалай Шабовіч атрымаў у Свірскім прафтэхвучылішчы. Затым была служба ў арміі. У 1990 годзе ўладкаваўся на работу на аўтабазу №7 (так тады называлася прадпрыемства — Аўт.). Ды і застаўся тут. Пачынаў вадзіцелем грузавога аўтамабіля. Пакалясіў па многіх рэгіёнах рэспублікі, шмат розных грузаў перавёз. А калі неабходнасць у грузаперавозках адпала, Мікалаю Станіслававічу прапанавалі перасесці на машыну тэхнічнай дапамогі. Так, пачынаючы з 2004 года і па сёння ён адпраўляецца на дапамогу вадзіцелям аўтобусаў, калі здараюцца непаладкі ў дарозе, пры неабходнасці транспартуе і тэхніку на ўчастак. А яшчэ па сумяшчальніцтве выконвае рамонтна-зварачныя работы. І таксама якасна, кваліфікавана. За гэта і паважаюць яго ў калектыве.

Шмат добрага кіраўнік участка расказаў пра вадзіцеля аўтобуса Сяргея Хацяновіча:

— Сяргей Іванавіч — сапраўдны прафесіянал. Уважліва сочыць за тэхнічным станам транспартнага сродку, на якім адпраўляецца ў рэйс, а таксама за парадкам у салоне. І з пасажырамі ветлівы, добразычлівы. Цяпер аўтобусы ходзяць не так часта, як раней, а таму неабыякавы вадзіцель, які вельмі ўважліва ставіцца да людзей, сапраўдная знаходка.

Сяргей Хацяновіч 22 гады працуе на прадпрыемстве, з іх 17 — вадзіцелем аўтобуса. Ад яго даведалася, што пачынаў тут слесарам. Потым быў механікам кантрольна-тэхнічнага пункта, бо ў свой час закончыў Мар інагорскі саўгас-тэхнікум. Але, не зважаючы на гэта, працуе вадзіцелем.

— Розныя маршруты даводзіцца закрываць: і прыгарадныя, і міжгароднія, — расказвае Сяргей Іванавіч. — Апошнім часам маю дальнія перавозкі — пераважна на Мінск і назад. Доўгія адлегласці мяне не стамляюць. Наадварот, больш падабаюцца. Што датычыць пасажыраў, то розныя страчаюцца. У летні час, напрыклад, гэта ў асноўным адпачывальнікі з нарачанскіх здраўніц. А таму стараюся з усімі быць ветлівым, тактоўным. Хочацца, каб пакідалі людзі наш край з добрымі ўражаннямі, каб зноў да нас прыязджалі.

Сапраўды, ад працы вадзіцеля аўтобуса, яго ўмення наладжваць узаемаадносіны з пасажырамі таксама залежаць водгукі гасцей пра нашу Мядзельшчыну і яе жыхароў. Прыемна, што ў ліку тых, хто працуе на стварэнне станоўчага іміджу нашага раёна значыцца і Сяргей Хацяновіч.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.