«Купальскі фэст»

134

«Купальскі фэст»ПАВОДЛЕ старадаўніх народных паданняў, у купальскую ноч нібыта ажывае ўся прырода — звяры, птушкі, дрэвы, травы размаўляюць між сабою; адкрываюцца скарбы, а недзе ў лесе, у самым гушчары, квітнее чароўная папараць-кветка. І той, хто знойдзе яе, будзе самым шчаслівым чалавекам на зямлі. Многія яшчэ і сёння вераць у гэтыя паданні. Таму, каб адшукаць сваю зорку шчасця, даведацца пра схованкі падземных скарбаў, знайсці доўгачаканае каханне і ачысціцца ад болю і заганы, прыйшлі жыхары Мядзела на бераг возера Мястра, на гарадскі пляж. Менавіта тут вечарам 6 ліпеня распачалося свята «Купальскі фэст». І вось вядучыя, а гэта Анжаліка Кароль і Ян Рубанюк, абвяшчаюць пра пачатак мерапрыемства.
— Усё, што робіцца на Купалле, — гэта чароўная магія ачышчэння ад нашых заган, ачышчэнне агнём, вадой, зёлкамі і, вядома, роднымі песнямі, — гучыць з дынамікаў. — Кожнае слова, кожны рух мае свой сэнс…
Купальская ноч, бясспрэчна, чароўная. Але сапсаваць людзям настрой, сарваць свята імкнуліся «нячысцікі»: чэрці, ведзьмы, лесуны, нават вадзянік прыйшоў з возера.
— Галоўнае — не даць «нячысцікам» агню з купальскага вогнішча. Адганяйце іх галінкамі папаратніка, — раіць вядучая. — Яны здаўна вельмі баяцца гэтай расліны…
Дабро ўзяло верх над злом. На гэтым песенька лясных пачвараў была спета — і на сцэну з музычнымі нумарамі выйшлі самадзейныя артысты: спявалі, заклікалі ў танцы.
Вядома, якое ж Купалле без вогнішча — сімвала ачышчэння ад розных  хвароб і няшчасцяў. Яно хутка разгарэлася і палыхала вышынёй больш за тры метры.
Дзяўчаты-купалінкі, з надзеяй, што хутка знойдзецца адзіны суджаны і любы, зайшоўшы ў возера, паклалі на ваду вяночкі.
— Плыві, вяночак, плыві далёка, — наказвалі яму Купалінкі. Сплецены з любоўю з багата якіх ліпеньскіх красак, ён панёс у свет дзявочыя мары і спадзяванні…
«Купальскі фэст»Музыка, скокі, жарты абрадавых персанажаў і чалавечыя спадзяванні перапляліся ў адзінае цэлае, ствараючы эйфарыю моманту, пачуццё ўзнёсласці, казкі, настрою і душэўнай радасці. А тым часам ля вогнішча людзі танцавалі, вадзілі карагоды, спявалі. Сумных не было. Кожны змог знайсці для сябе штосьці цікавае, захапляльнае. Працавала шмат розных пляцовак. Напрыклад, «Купальскі вяночак». Тут праводзіўся майстар-клас па пляценні вянкоў. Не пуставала пляцоўка «Казка ў красцы». Дзяўчаткі выстройваліся ў чаргу па прыгажосць у тэхніцы бодзі-арту. А вось дарослых вабіла пляцоўка «Зялёная аптэка», дзе праводзіўся экскурс у свет лекавых раслін. Жадаючыя мелі магчымасць сфатаграфавацца з янотам, загадаўшы жаданне, прайсці пад купальскай Брамай шчасця. Асабліва весела было дзецям. Гэта для іх працавалі надзіманыя горкі, батуты. А хіба не рамантыка — паплаваць у шары па хвалях возера, пакатацца на электрааўтамабілях?! Спецыяльна былі запрошаны на выязны гандаль індывідуальныя прадпрымальнікі, якія прывезлі папкорн, салодкую вату, шматлікія дзіцячыя цацкі. Шырокі асартымент  кандытарскіх вырабаў і іншых прадуктаў харчавання прадставіла райПО, прычым гандаль вёўся да самага заканчэння мерапрыемства, за што прадаўцам шчыра дзякавалі прысутныя. Вабіў да сябе водар шашлыкоў і шаурмы. Можна было падсілкавацца блінамі ці духмянай юшкай, варанай кукурузай. Людзі не толькі любаваліся, але і набывалі для сябе вырабы народных майстроў, венікі ў лазню. Многія паспыталі сваё шчасце ў бяспройгрышнай латарэі.
«Купальскі фэст»Як заўсёды, прыемныя хвіліны адпачынку ўсім прысутным прынеслі культработнікі і аматары музычна-песеннай творчасці. Кожнае выступленне самадзейных артыстаў Мядзельшчыны суправаджалася дружнымі апладысментамі. А закончылася мерапрыемства дыскатэкай. Купальская ноч, напоўненая таямнічай атмасферай свята, парадавала ўдзельнікаў мерапрыемства і падарыла ўсім цудоўны настрой, хаця свавольнік-дождж і спрабаваў яго сапсаваць. Ці адшукаў хто-небудзь у гэту ноч папараць-кветку, цяжка сказаць, але хто прыйшоў на свята — той не пашкадаваў.
Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
На здымках: моманты святкавання ў Мядзеле.
Фота Аляксандра Высоцкага.
***
АДБЫЛОСЯ ў мінулую пятніцу свята Купалля і ў Брусах. Яно сабрала не толькі вясковых дзяцей і моладзь. Упершыню за многія гады каля імправізаванай сцэны на аўтобусным прыпынку (у населеным пункце няма клубнай установы) сабралася без перабольшвання ўся вёска — чалавек пад сотню. Не хапіла нават прывезеных лавак, людзі крэслы прыносілі з сабой. І не дарэмна: свята атрымалася на славу!
А пачалося ўсё з таго, што мы, жыхары вёскі, звярнуліся ў Сваткаўскі сельвыканкам з прапановай правесці мерапрыемства — і знайшлі падтрымку ў асобе старшыні Наталлі Калбун. Забягаючы наперад, скажу, што Наталля Георгіеўна нават выступіла ў ролі вядучай на свяце. Нам вызначылі месца ў полі за вёскай для вогнішча, яго абаралі, абкасілі. Моладзь, падлеткі з дапамогай дарослых на тэхніцы прывезлі і склалі з колаў і дроў кастрышча. Але самае цікавае адбывалася ўсё ж на “сцэне” (прыпынак прыбралі кветкамі, прынеслі мікрафоны, калонкі, ноўтбук). Вядучыя, а гэта яшчэ і Вераніка Маціна, у нацыянальных строях і з вянкамі на галовах разам з вясковымі артыстамі стварылі сапраўдную атмасферу гэтага містычнага і чароўнага свята. Са сцэны гучалі песні, вершы пра Радзіму, пра любімую вёску, нават танцы былі прапанаваны ўвазе гледачоў. А выканалі іх юныя Купалінкі — Юля Багуцкая, Маша Калбун, Паліна і Яна Маціны, Соня Губская, Насця Шкадун, Паліна Клямяціч, Каця Маціна і Карына Таразевіч. Настрою святу надавалі чарцяняты (якое ж Купалле без іх?) — Даніла Скурко, Мікіта Брацук, Лёша Багуцкі і Дзяніс Сыракваша. Ролю харызматычнай Вядзьмаркі цудоўна выканала Мая Таразевіч. Гледачы з задавальненнем удзельнічалі ў конкурсах, пераможцы якіх атрымлівалі прызы. Самы ж галоўны прыз свята — абярог ад хатняй нечысці (ці, калі папросту, прыстасаванне ад камароў) — атрымала Віка Кайко, якая знайшла папараць-кветку. І не недзе там у лесе, а ў… стозе сена, які з гэтай нагоды апынуўся побач. Пускалі і вяночкі на ваду. Ну і што, што ў Брусах няма вадаёма. Фантазія дапамагла стварыць рачныя хвалі з тканіны…
Дзве гадзіны праляцелі, нібы імгненне. Прадоўжылася мерапрыемства каля купальскага вогнішча. Назаўтра ў вёсцы толькі і размоў было, што пра свята. Усім вельмі спадабалася, водгукі — самыя лепшыя. Дзякавалі Вераніцы Мацінай, якая пісала сцэнарый, падбірала акцёраў, рэпеціравала з імі, шыла касцюмы. Узгадвалі і абмяркоўвалі цікавыя эпізоды, якія доўга яшчэ будуць у памяці аднавяскоўцаў. Усё гэта для таго, каб жыла і квітнела малая радзіма, каб вясёлымі галасамі адгукаліся яе ваколіцы.

А. МАЦІН.
Жыхар в. Брусы.