Конкурсы, якія павышаюць майстэрства

286

МЫ настолькі прывыклі да выкарыстання прыроднага ці звадкаванага газу пры задавальненні сваіх бытавых патрэб, што многім няпроста ўявіць, як можна было раней абыходзіцца пры прыгатаванні ежы керагазамі, печамі. Прытым яшчэ адносна нядаўна. Унітарнае прадпрыемства “Мінск­аблгаз” толькі сёлета адзначыла сваё шасцідзесяцігоддзе. А ў нашым азёрным краі ўчастак Мала­дзечанскай мантажна-эксплуатацыйнай канторы звадкаванага газу стварылі нават некалькі пазней. Затое колькі радасці было ў першых уладальнікаў газабалонных установак! Цяпер жа такія ёсць практычна ў кожнай хаце ў самых аддаленых вёсках. У многія дамы з гадамі падвялі і прыродны газ, што здымае праблему з ацяпленнем жылля — не трэба ні дроў нарыхтоўваць, ні брыкет набываць.

— Зараз, — расказвае галоўны інжынер Мядзельскага раёна газазабеспячэння філіяла вытворчага ўпраўлення “Маладзечнагаз” Андрэй Палякоў, — на парадку дня газіфікацыя гарадскога пасёлка Крывічы. Трубы высокага ціску туды пракладваюць ад Лук’­янавіч. А гэта па працягласці каля трыццаці кіламетраў. Усе работы мяркуецца завяршыць на працягу гэтага і наступнага гадоў.

Расказаў Андрэй Міхайлавіч і пра цікавую акцыю, якую яны праводзяць цяпер на Мядзельшчыне. Для тых абанентаў, якія вырашылі замяніць газавую пліту на новую, а адпускаюць іх па цане завода-вы­творцы, — дастаўка і ўстаноўка бясплатныя. Больш за тое, шматдзетныя сем’і, інваліды і пенсіянеры могуць скарыстацца беспрацэнтнай растэрміноўкай на паўгода: дастаткова толькі заплаціць першы ўзнос, які складае пятнаццаць працэнтаў ад кошту пліты.

Сваё майстэрства газавікі адточваюць на конкурсах, якія праводзяцца сярод розных службаў у філіяле вытворчага ўпраўлення “Маладзечнагаз”, пераможцы потым трапляюць “на рэспубліку”.

— Гэтыя мерапрыемствы, — мяркуе Андрэй Палякоў, — вельмі спрыяюць у рабоце. Па-першае, многае даюць зносіны з калегамі. Па-другое, укараняем у сябе ўсё тое лепшае, што напрацавана ў іншых раёнах. Напрыклад, у Вілейцы, Лагойску… Ды і самі не стаім на месцы, стараемся праяўляць пры выкананні службовых
абавязкаў творчы падыход. Безумоўна, пры строгім выкананні інструкцый і нарматываў.

Павел ЖУКАЎ.
Фота аўтара.

Цалкам матэрыял чытайце ў нумары "Нарачанскай зары" за 5 верасня.