Княгініну жыць і прыгажэць!

137

Княгініну жыць і прыгажэць!НЕ так даўно ў адну з субот шматлюдна было ў Доме культуры аграгарадка Княгінін. Нагода для гэтага выдалася надзвычай важная: правядзенне свята вёскі. І хоць мінуў з таго дня пэўны адрэзак часу, але людзі і сёння з удзячнасцю ўспамінаюць пра арганізаванае мерапрыемства. Многія прасілі расказаць пра яго на старонках раённай газеты. Іх пажаданне з задавальненнем выконваю.

Пачну з таго, што мае аднавяскоўцы былі ў захапленні ад выставы вырабаў таленавітых умельцаў, аформленай на другім паверсе ўстановы культуры. Чаго там толькі не было! Прыгожыя саматканыя посцілкі, вышытыя ручнікі, па-майстэрску звязаныя сурвэткі, падзелкі з кабачкоў, гарбузоў. Прадстаўлены там былі таксама вырабы і малюнкі дзяцей.

Праграма ўрачыстасці мела форму своеасаблівага часопіса, кожная старонка якога была прасякнута пэўнай мэтай. Пачатак яе — прызнанне ўдзельнікаў у любові да бацькоўскага краю, да роднай сінявокай Беларусі, да Княгініна, які з’яўляецца малой радзімай большасці з прысутных у зале. Адразу выступіла старшыня Княгінінскага сельвыканкама Вольга Галко. Яна павіншавала жыхароў аграгарадка са святам. Вольга Станіславаўна адзначыла, што населены пункт мае важнае значэнне для раёна, бо ад работы арганізацый, якія знаходзяцца на яго тэрыторыі, залежыць жыццядзейнасць многіх галін народнай гаспадаркі азёрнага краю і дабрабыт насельніцтва. Выказала таксама прамоўца сваім аднавяскоўцам пажаданні здароўя, дабрабыту, удачы і дабра.

Княгініну жыць і прыгажэць!Наступная старонка часопіса прысвячалася гісторыі населенага пункта і ўстаноў, якія тут размешчаны. Шмат цікавага пра медыцынскае абслугоўванне расказала Ганна Маліеўская. Яна пасля заканчэння медвучылішча ў далёкім 1956 годзе прыехала ў Княгінін на працу. І так склаліся абставіны, што засталася тут назаўжды. Заслужыла Ганна Іванаўна людскую павагу. Знайшла сваё сямейнае шчасце, а таксама прафесійнае прызнанне. А вось Вера Кудзіновіч мясцовая: нарадзілася і вырасла ў Княгініне. Па сутнасці ўсё сваё жыццё жанчына прысвяціла Княгінінскай школе, гісторыя якой даволі цікавая. Будынак двойчы знішчаўся пажарам — у пачатку Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны час. Але княгінінцы, добра разумеючы важнае значэнне школы ў жыцці вёскі, у кароткі тэрмін адбудоўвалі яе нанова.

Марыя Ярашэвіч таксама былая настаўніца. Яна ўвесь час, а мае за плячыма 88 год, жыла ў Княгініне. Не зважаючы на вялікія выпрабаванні, якія выпалі на яе долю, Марыя Іванаўна захоўвае бадзёрасць духу, любоў да жыцця, невычэрпную энергію. Жанчына вельмі цікава расказвала, якім быў Княгінін у 30-40-ыя гады мінулага стагоддзя. А яшчэ яна і жартоўныя прыпеўкі праспявала. Працягам размовы пра мінулае вёскі стаў аповед пра яе старажылаў — людзей, якія нарадзіліся тут у 20-ыя гады. Яны не шукалі лепшай долі дзесьці далёка, а жылі ў

родных мясцінах увесь час, не здрадзілі ім. Зведалі калектывізацыю, страшэннае ваеннае ліхалецце, адраджалі разбураную ворагамі гаспадарку ў нялёгкія пасляваенныя гады. Па сутнасці, пра кожнага з іх можна пісаць аповесці і раманы, здымаць кінафільмы. І яны дастойныя гэтага. Сярод пражыўшых на сваёй маленькай ра¬дзіме па 90 і больш год Пелагея Афанасьеўна Ясюкевіч, Ганна Мацвееўна Глуская, Соф’я Віктараўна Гайдукевіч, Марыя Адамаўна Скурко, Уладзімір Іванавіч Антановіч. 36 жыхароў Княгініна маюць больш за 80 год.

Жывая сувязь пакаленняў адчуваецца на такіх сустрэчах. Асаб¬ліва між тымі, хто перажыў вайну, і тымі, хто ведае пра яе з кніг і кінастужак. Час залячыў крыху раны, але не перакрэсліў людскую памяць. Шмат цёплых слоў прагучала на свяце ў адрас удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Уладзіміра Іванавіча Антановіча і малалетніх вязняў, якія дзецьмі прайшлі праз яе суровыя выпрабаванні, — Ефрасінні Іванаўны Талайка, Мікалая Сяргеевіча Біцара, Марыі Лявонцьеўны Клімовіч, Соф’і Віктараўны Гіцэвіч, Соф’і Мікалаеўны Башко.

Пра поспехі, лепшых людзей сельскагаспадарчага прадпрыемства “Княгінін-Агра” расказаў галоўны аграном Пётр Гапанёнак. У ліку перадавікоў гаспадаркі — механізатары Сяргей Рапановіч, Ігар Аўсянік, Анатолій Сяліла, Сяргей Кабаш, Сяргей Грышкевіч, Васілій Кішчыц. Былі адзначаны таксама вадзіцелі, жывёлаводы. Сярод іх Алег Якубовіч, Алег Грышкевіч, Аляксандр Мацкевіч, Анатолій Маскевіч, Наталля Грышкевіч… Шчырыя словы ўдзячнасці былі адрасаваны на свяце ўсім жыхарам аграгарадка, якія рупліва і сумленна працуюць кожны ў сваёй галіне. А гэта медыкам Княгінінскай урачэбнай амбулаторыі, якую доўгія гады ўзначальвае Ала Кудашава, настаўнікам, работнікам дзіцячага садка, гандлю, іншых сфер.

Асобная старонка праграмы прысвячалася мнагадзетным матулям — Вользе Канецкай, Валянціне Арлянковіч, Марыі Пяшковай, Наталлі Грышкевіч, Святлане Вапручковай, Кацярыне Дзядзёла, Ганне Якубоўскай. Не былі забытыя і юбіляры. Сярод іх сямейныя пары, якія адзначылі сярэбранае вяселле, — Валянціна і Алег Чарняўскія, Людміла і Сяргей Рапановічы, Ганна і Валерый Мельнікі. Юбілейны дзень нараджэння адсвяткавалі напярэдадні Людміла Паслед і Аляксандр Лукша. У адрас іх было выказана шмат цёплых слоў. Гучалі на ўрачыстасці песні, вершы ў выкананні ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці мясцовага СДК. Кожны нумар суправаджаўся апладысментамі. Актыўны ўдзел у канцэрце прынялі таксама вучні Княгінінскай сярэдняй школы.

Вёска жыве, пакуль у ёй нараджаюцца дзеці. Гэта ісціна вядомая ўсім. Прыемна, што наш Княгінін не пападзе ў шэраг бесперспектыўных населеных пунктаў, бо тут штогод з’яўляюцца на свет немаўляткі. У бягучым го¬дзе нарадзілася 8 дзетак. Самымі маленькімі жыхарамі з’яўляюцца Паліна Бладыка, Уладзіслаў Скуратовіч, Ілья Арлянковіч.

Напярэдадні свята камісія сельвыканкама вызначыла пераможцаў конкурсу вясковых падворкаў. У намінацыі “Дом узорнага парадку” імі сталі Наталля і Юрый Клімовічы, Вольга і Мікалай Каркоцкія, Вольга і Уладзімір Аксюты. Старшыня сельскага выканаўчага камітэта Вольга Галко ўручыла пераможцам адпаведныя шыльды і саджанцы яблынь. А Леаніда Місун і Ірына Маскевіч атрымалі падарункі за прыгожыя, з густам аформленыя прысядзібныя ўчасткі ля сваіх дамоў з кветнікамі, дэкаратыўнымі канструкцыямі, якія з ранняй вясны да позняй восені радуюць людское вока.

Многім спадабалася, што падчас мерапрыемства працаваў буфет, дзе можна было набыць папкорм, салодкую вату, кандытарскія вырабы. А гэта ўжо заслуга кіраўніцтва райПО на чале з Аксанай Грузд. Вядома, не атрымалася б урачыстасць такой запамінальнай, калі б не спонсары — Віктар Чабатар і Юрый Дзевялтоўскі, за што ім дзякуй.

Завяршылася свята маляўнічым феерверкам. Вяскоўцы разыходзіліся па дамах з пачуццём радасці і гонару за свой населены пункт. А яшчэ з адчуваннем таго, што ў нашага Княгініна ёсць гісторыя, сённяшні дзень, што тут жывуць цудоўныя людзі. І любоў жыхароў дапаможа вёсачцы стаць яшчэ прыгажэйшай. Я ўсім сэрцам у гэта веру.

М. БРОЎКА.

Жыхарка в. Княгінін.

На здымках: 1. Дзеліцца ўспамінамі Марыя Іванаўна Ярашэвіч; 2. Дзеці разглядаюць выставу малюнкаў.

Фота Аляксандра Высоцкага.