Кітайскія касцюмы экспанаваліся ў Мядзеле

176

p6010007Нядаўна ў музеі Народнай славы праходзіла выстава «Хай расквітнее 100 кветак…». На ёй былі прадстаўлены касцюмы нацыянальных меншасцей Кі­тая з фондаў пасольства КНР у Беларусі.

—     Выстава была цікавая тым, што на ёй дэманстраваліся ўзоры іншай, на нашу непадобнай, культуры, — расказвае дырэктар музея Святлана Чарняўская. — У народнасцей Кітая шмат такіх дэталей адзення, якіх у нас проста няма. А дадайце сюды незвычайныя яркія колеры, мудрагелістыя ўзоры…

А дапаўнялі экзатычную атмасферу выставы традыцыйныя кітайскія ліхтары. З расказаў супрацоўнікаў музея наведвальнікі маглі даведацца цікавыя факты пра разнастайныя народнасці Кітая.  Скажам, у тыбетцаў нацыянальнае мужчынскае адзенне без кішэняў, таму ўсе прадметы, у тым ліку і драўляны кубак для ежы, яны носяць за пазухай. Кіслае малако ў іх — ганаровы пачастунак, іншы нацыянальны напой — ячменнае піва.p6010003

Так што наведвальнікі выставы даведаліся не толькі пра тое, што  апранаюць жыхары Кітайскай Народнай Рэспублікі, але і пра іх звычкі і традыцыі.

Аляксандр ВЫСОЦКІ.

На здымках: фрагменты выставы.

Фота аўтара.