Хрусталь, фарфор і серабро

146

Хрусталь, фарфор і сераброДЗЕЙНАСЦЬ нашай установы не абмяжоўваецца правядзеннем урачыстых рэгістрацый шлюбаў, нараджэнняў дзяцей, выдачай розных даведак. Гэта яшчэ і праца з маладымі сем’ямі, па захаванні народных традыцый і абрадаў. Сведчанне таму нядаўняе свята сям’і, на якім ушаноўвалі хрустальных, фарфоравых і сярэбраных юбіляраў. Падрыхтавалі яго сумесна з аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. А месцам правядзення абралі сквер 90-годдзя “Беларусбанка” ў Мядзеле.

Свой хрустальны юбілей, пятнаццаць год сумеснага жыцця, адзначалі Андрэй і Людміла Купрэвічы, фарфоравы (дваццаць год) — Анатоль і Святлана Леонікі, Іван і Тамара Місуны, сярэбраны (дваццаць пяць год) — Анатоль і Валянціна Малько, Віталь і Святлана Сіманавы. Пад марш Мендэльсона віноўнікі ўрачыстасці прайшлі праз сімвалічную браму шчасця, а затым адказвалі і на некаторыя пытанні. На адно з іх — “Як вы пазнаёміліся?” — Леонікі распавялі наступнае. У бібліятэцы інстытута, у якім яны вучыліся, не хапала падручнікаў. Вось і выдалі Анатолю і Святлане адзін на дваіх. Якраз гэта і стала нагодай для знаёмства, паклала пачатак стварэнню сям’і. На пытанне “Вашы сумесныя захапленні?” Сіманавы дружна адказалі: “Рыбалка!”. І ўсе пары былі аднадушныя ў тым, што залогам сямейнага дабрабыту з’яўляецца каханне.

Хрусталь, фарфор і сераброШмат падзей, радасных і не вельмі, адбылося ў сумесным жыцці юбіляраў. Штосьці згублена, але больш за ўсё набыта — стрыманасць, павага адзін да аднаго, мудрасць. І, канечне, самае галоўнае іх багацце — дзеці. Ілья і Мікіта ў Купрэвічаў, Юлія і Аляксандр — у Леонікаў, Сяргей і Аляксандр — у Місунаў, Аляксей — у Малько, Яўген — у Сіманавых. Парам урачыста ўручылі ганаровыя пасведчанні аб рэгістрацыі юбілейнага заключэння шлюбу. А з улікам таго, што жыццёвы экзамен яны вытрымалі: трываласць сям’і — на зайздрасць, адданасць сямейнаму ачагу — дастойная, адносіны — выдатныя, кожную пару заахвоцілі юбілейным медалём. Не абышлося і без традыцыйнага “горка!”, вальса.

Спонсарамі мерапрыемства выступілі раённыя арганізацыі “Белая Русь”, “Беларускі фонд міру”, якія прадаставілі каштоўныя падарункі. Былі і жартоўныя “сувеніры ад сватоў” — удзельнікаў мастацкай самадзейнасці Старамядзельскага дома вольнага часу: “Бурачок — каб быў дужы мужычок…”. А завяршыць гэту заметку хочацца радкамі, якія вельмі трапна перадаюць атмасферу свята — колькі кахання і цяпла выпраменьвалі вочы юбіляраў, якімі ласкавымі і пяшчотнымі былі дотыкі рук:

Хочу любовь превозгласить страною,

Чтоб все там жили в мире и тепле.

Чтоб начинался гимн ее строкою:

«Любовь всего превыше на земле!».

Г. КАЛМУК.

Начальнік аддзела ЗАГС.

На здымках: 1. «Сваты» (злева направа) Лідзія Багавец, Канстанцін Галубовіч і Зоя Сіськевіч; 2. Віноўнікі ўрачыстасці — сем’і Купрэвічаў, Малько, Місунаў, Сіманавых і Леонікаў.